Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экамэдсэрвіс” судзіцца зь Міністэрствам аховы здароўя


Галіна Абакунчык, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі распачаў разгляд пазову недзяржаўнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва прыватнай мэдычнай кампаніі просіць скасаваць рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі на права мэдычнай дзейнасьці. Першае судовае паседжаньне прайшло за зачыненымі дзьвярыма.

Правесьці закрыты судовы працэс прапанавала кіраўніцтва кампаніі “Экамэдсэрвіс”, якое падало пазоў. Адказчыкі з боку Міністэрства аховы здароўя з гэтым пагадзіліся, і судзьдзя Алена Караткевіч хадайніцтва задаволіла. Зь якіх прычынаў зьявілася патрэба закрытага працэсу і як праходзіў першы дзень слуханьняў, “Свабодзе” паведаміла прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва:

(Крамнёва: ) “З прычынаў камэрцыйнай інфармацыі, гэта не палітычныя прычыны. Быў выслуханы наш бок, выказалася міністэрства, а затым судзьдзя задавала пытаньні. Большасьць пытаньняў была да Міністэрства аховы здароўя, канечне”.

І кіраўніцтва кампаніі “Экамэдсэрвіс”, і прадстаўніцтва Міністэрства аховы здароўя спадзяюцца на станоўчае для сябе рашэньне суду. А таму больш падрабязныя камэнтары пра хаду працэсу яны даваць адмаўляюцца. Працяг паседжаньня прызначаны на панядзелак, 4 ліпеня. У гэты ж дзень чакаюць афіцыйнага паведамленьня пра ануляваньне ліцэнзіі яшчэ ў адной прыватнай мэдычнай кампаніі — “Нардын”. Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа перакананы, што гэтыя дзьве падзеі зьвязаныя паміж сабой.

(Патупа: ) “На мой погляд, што калі выставіць адпаведныя санітарныя патрабаваньні да ўсіх мэдычных установаў краны, то 90% зь іх будуць закрытыя. Гэта вельмі дрэнны працэс, бо, наколькі я ведаю, сёньня робяцца нейкія крокі, каб стварыць сыстэму платных паслугаў у дзяржаўных мэдычных установах. Гэткім чынам, яны зьнішчаюць сваіх канкурэнтаў. Усё гэта ёсьць часткай наступу на прыватны бізнэс увогуле, у сфэры адукацыі, мэдыцыны, гандлю і гэтак далей. І гэта відавочна”.

Ліцэнзію прыватнага мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” Міністэрства аховы здароўя анулявала ў траўні 2005 году па выніках комплекснай праверкі, арганізаванай Камітэтам дзяржкантролю. Адной з прычынаў было названае парушэньне дзейнага заканадаўства ў справе прадастаўленьня мэдычных паслугаў. 28 чэрвеня паводле аналягічных прычынаў калегія Міністэрства анулявала ліцэнзію яшчэ аднаго прыватнага мэдычнага цэнтру — “Нардын”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG