Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: моладзевы рух “Парá” зможа ўдзельнічаць у выбарах


Аляксей Знаткевіч, Прага У сераду суд у Кіеве загадаў Міністэрству юстыцыі Ўкраіны зьмяніць дату рэгістрацыі моладзевага руху “Пара”, даўшы, такім чынам, гэтаму руху магчымасьць удзельнічаць у наступных парлямэнцкіх выбарах.

Рух “Пара” адыграў ключавую ролю ў леташняй “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне, якая прывяла да ўлады цяперашняга прэзыдэнта Віктара Юшчанку. Тым ня менш пры новай уладзе рух доўга змагаўся за тое, каб атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў якасьці палітычнай партыі. Міністэрства юстыцыі спачатку адмовіла ў рэгістрацыі, заявіўшы, што праверыла толькі траціну з 10 тысяч подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі партыі.

Урэшце 1 чэрвеня ўкраінскі Мін’юст зарэгістраваў “Пару”, але дата рэгістрацыі не пакідала магчымасьці ўдзелу ў наступных парлямэнцкіх выбарах. Паводле ўкраінскіх законаў, для ўдзелу ў выбарах партыя мае быць зарэгістраваныя прынамсі за год да іх даты.

Цяпер Пячэрскі суд Кіева загадаў перанесьці дату рэгістрацыі назад на 24-га траўня, фактычна прызнаўшы неправамоцнасьць дзеяньняў Мін’юсту. Кіраўнік кіеўскай арганізацыі “Пары” Юры Палюховіч вітаў судовае рашэньне. Ён кажа, што многія ўрадавыя чыноўнікі – і ня толькі ў Міністэрстве юстыцыі – дагэтуль глядзяць на ягоную арганізацыю з падазрэньнем.

(Палюховіч: ) “Выглядае, што сёньня ва Ўкраіне ўрад ня хоча бачыць маладых пэрспэктыўных палітыкаў на адным полі з сабой. Таму нам часам даводзіцца зьвяртацца й да пратэстаў, як у выпадку з абсурдным рашэньнем Міністэрства юстыцыі адносна нашай нерэгістрацыі”.

Палюховіч кажа, што калі “Пара” атрымае месцы ў парлямэнце, яна ня будзе сьлепа падтрымліваць урад Віктара Юшчанкі, нягледзячы на тое, што лідэр арганізацыі Ўладзіслаў Каськіў працуе дарадцам ва ўкраінскага прэзыдэнта.

Выступаючы ў гэтым месяцы ў штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе, сам Каськіў сказаў:

(Каськіў: ) “Сёньня, з новым прэзыдэнтам, Украіна – адроджаная нацыя. Аднак мы разумеем, што гэта не канчатковая перамога. Гэта яшчэ адзін шанец стаць вялікай эўрапейскай нацыяй з новым сьветапоглядам і абуджаным народам, які мае выдатную будучыню. Таму мы сёньня абяцаем не паўтараць памылак мінулага. “Пара” не дазволіць карумпаванай палітычнай старой гвардыі, якая кіравала Ўкраінай апошнія 14 гадоў, зноўку памяняць курс. Мы не дазволім карумпаваным чыноўнікам захапіць уладу ва Ўкраіне, апрануўшыся ў аранжавы колер. “Пара” абароніць дэмакратычную перамогу народу”.

Пакуль невядома, ці пойдзе “Пара” на выбары самастойна, ці ў выбарчым блёку зь іншымі партыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG