Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачаўся міжнародны форум “Эўропа: вынікі году пераменаў”


Алесь Дашчынскі, Менск Арганізатары заяўляюць, што ён стане штогадовым прадстаўнічым мерапрыемствам, закліканым падтрымліваць і разьвіваць дэмакратычныя каштоўнасьці і інстытуты, садзейнічаць распаўсюду дэмакратыі ў краінах постсавецкай прасторы.

У працы форуму бяруць удзел прадстаўнікі як уладных структураў, так і грамадзянскай супольнасьці з Расеі, Украіны, Малдовы і іншых краінаў СНД, а таксама з Латвіі, Баўгарыі, Сэрбіі. Сярод удзельнікаў зь Беларусі — вядомыя апазыцыйныя палітыкі Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас, Аляксандар Казулін, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.

(Гайдукевіч: ) “Ідэя форуму проста цудоўная — разьвіцьцё дэмакратыі і легітымнасьць улады. Гэта вельмі цікава і своечасова. Тут выказваюцца розныя пункты гледжаньня. Пытаньні, якія тут падымаюцца, вельмі слушныя для нашай краіны. Я думаю, гэты форум зробіць вялікі ўплыў. Тут сабраны сур’ёзныя палітычныя сілы Расеі, расейскім бокам тут выказваецца зацікаўленасьць у легітымнасьці будучых выбараў і дэмакратызацыі працэсаў у краінах СНД, гэта будзе вельмі ўплываць на нас”.

Арганізатары заяўляюць, што Эўрапейскі форум мае гуманітарны, а не палітычны ці партыйны характар, а палітычныя дзеячы і прадстаўнікі ўладаў выступаюць тут як экспэрты. Дырэктар асацыяцыі палітычнага кансультаваньня Сяргей Маркаў адзначыў, што для ўдзелу запрашаліся вядомыя асобы, а знайсьці іх у Беларусі было няпроста. Спадар Маркаў называе дзьве прычыны гэтага:

(Маркаў: ) “Па-першае, у Беларусі праблематычна стаць вядомым ва ўмовах абмежаванага палітычнага плюралізму, а па-другое, асабліва абмежаваная магчымасьць чыноўнікаў выступаць са сваёй пазыцыяй”.

Асноўная мэта маскоўскага форуму ў тым, каб стварыць дадатковую пляцоўку для дыялёгу і падвесьці вынікі бурнага палітычнага сэзону, які ўвайшоў у гісторыю як год рэвалюцыяў.

(Маркаў: ) “Гэты год паставіў ва ўвесь рост праблему легітымнасьці палітычных рэжымаў і адэкватнасьці дзейнасьці ўладаў. Гэты год паставіў пытаньне дэмакратыі: калі ўлада не мяняецца дэмакратычным мэтадам, калі людзі прыбягаюць да рэвалюцыяў, значыць, у іх няма дэмакратычных інструмэнтаў для зьмены ўлады. Гэты год таксама паставіў ва ўвесь рост пытаньне сувэрэнітэту краінаў. Усе гэтыя пытаньні трэба абмеркаваць. Размова ідзе жорсткая, шчырая, але пры гэтым саюзьніцкая, паколькі большая частка ўдзельнікаў форуму палдзяляе канцэпцыю сувэрэннай дэмакратыі. Тут распрацоўваецца дактрына сувэрэннай дэмакратыі і аднаўленьня супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы”.

Сёньня ў рамках форуму пройдзе пленарнае паседжаньне “Легітымнасьць, дэмакратыя і сувэрэнітэт на постсавецкай прасторы”, круглы стол “Эўразьвяз на Ўсходзе Эўропы: мэты, сродкі і вынікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG