Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: Беларускай эканоміцы патрэбныя рэформы


Міхал Стэльмак, Менск Усясьветны банк лічыць, што без рэформаў Беларусь чакаюць эканамічныя цяжкасьці. Пра гэта гаворыцца ў эканамічным мэмарандуме па Беларусі — спэцыяльнай справаздачы, падрыхтаванай Усясьветным банкам пра стан і пэрспэктывы беларускай эканомікі. Сёньня ў Менску экспэрты Банку наладзілі прэзэнтацыю гэтага дакумэнту.

Мэмарандум пра беларускую эканоміку падрыхтавала група спэцыялістаў Усясьветнага банку на чале з Ільвом Фрэйнкманам. Як зазначыў спадар Фрэйнкман, дасьледаваньне працэсаў, што адбываліся ў Беларусі цягам апошніх дзевяці гадоў, выявіла пэўныя посьпехі ў яе эканамічным жыцьці. У прыватнасьці, у краіне за гэты пэрыяд сапраўды меў месца эканамічны рост, нетыповы для краінаў зь пераходнай эканомікай. Гэтаму росту, паводле кіраўніка групы Ўсясьветнага банку, спрыялі найперш замежнаэканамічныя фактары. Аднак цяпер, паводле спадара Фрэйнкмана, складваецца новая сытуацыя:

(Фрэйнкман: ) “Уплыў гэтых фактараў слабее. Адначасова мы ня бачым новых фактараў, якія могуць зьявіцца бліжэйшым часам, калі ня будзе зроблена ніякіх захадаў. Цэнтральная выснова справаздачы: калі нічога не рабіць, то верагоднасьць таго, што тэмпы росту будуць скарачацца, вельмі высокая. Неабходныя рэформы для таго, каб падтрымаць высокія тэмпы эканамічнага росту”.

У Мэмарандуме сьцьвярджаецца, што эканамічнаму росту садзейнічала палітыка штучнага павелічэньня беларусам заработнай платы. Аднак такое неабгрунтаванае павелічэньне, паводле экспэртаў Усясьветнага банку, падрывае канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі. Кіраўнік групы аўтараў Мэмарандуму выказаў таксама меркаваньне пра неабгрунтаванасьць далейшых спадзяваньняў Беларусі на расейскі фактар. Тым больш, што тэндэнцыі ў эканоміцы Расеі апошні час выклікаюць трывогу ў саміх расейцаў. Нізкія тэмпы рэструктурызацыі беларускіх прадпрыемстваў — яшчэ адзін істотны фактар, ігнараваньне якога нэгатыўна, як зазначаецца ў Мэмарандуме, адаб’ецца на эканамічных пэрспэктывах Беларусі. Гаворыць экспэрт Усясьветнага банку, прафэсар Лёнданскай школы бізнэсу Сол Эстрын:

(Эстрын: ) “Нізкі ўзровень рэструктурызацыі ў параўнаньні зь іншымі краінамі, што мае Беларусь, гэта ўзровень, які мелі, напрыклад, Польшча і Расея 10—15 гадоў таму. Беларускія прадпрыемствы істотна не зьмянілі свайго спосабу функцыянаваньня ў параўнаньні з ранейшым часам. Не зьмяніўся ўзровень занятасьці. Ёсьць шмат прыкладаў залішняй занятасьці на прадпрыемствах”.

Цяпер Мэмарандум Усясьветнага банку аналізуюць ва ўрадзе. У той жа час незалежныя эканамісты лічаць яго аб’ектыўным. Гаворыць старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Георгі Бадзей:

(Бадзей: ) “Дыягназ пастаўлены правільна. Тыя фактары, за кошт якіх разьвівалася наша эканоміка апошнія гады, вычарпаныя. І для далейшага разьвіцьця трэба прымаць нейкія новыя рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG