Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экамэдсэрвіс” і “Нардын” пазбавілі ліцэнзіяў на аднолькавых падставах


Галіна Абакунчык, Менск Ліцэнзія прыватнага мэдычнага цэнтру “Нардын” ануляваная з тых жа прычынаў, што і кампаніі “Экамэдсэрвіс”. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі. “Экамэдсэрвіс” аспрэчвае гэтае рашэньне ў судзе, а ў “Нардыне” чакаюць афіцыйных тлумачэньняў. Кліенты прыватных мэдычных цэнтраў абураныя.

Ануляваньне ліцэнзіі “Нардыну” ў Міністэрстве аховы здароўя камэнтуюць вельмі неахвотна, але гэты факт пацьвярджаюць. Гаворыць кіраўніца ўправы ліцэнзаваньня Сьвятлана Ганчарык:

(Ганчарык: ) “Адбылася калегія Міністэрства аховы здароўя, на якой ліцэнзія “Нардыну” была ануляваная. Тое ж самае, што й па “Экамэдсэрвісе”, можаце браць і паведамляць”.

Памочнік міністра Алег Матусевіч паведаміў “Свабодзе”, што, паводле агучанай на калегіі фармулёўкі, прычынай ёсьць грубае парушэньне ўмоваў мэдычнай дзейнасьці і неадпаведнасьць прэзыдэнцкаму дэкрэту №17 аб ліцэнзійнай дзейнасьці. Акрамя таго, спагнаньні ў дачыненьні да “Нардыну” рыхтуе Камітэт дзяржкантролю. Гэтае ведамства правярала яшчэ два буйныя прыватныя мэдцэнтры: “Экамэдсэрвіс” і “Сучасная мікрахірургія вока”. Гаворыць прадстаўнік камітэту Дзяніс Барташ:

(Барташ: ) “Так, былі выяўленыя парушэньні, і больш за ўсё гэта тычылася коштаў. Я ведаю, што да ўсіх трох правераных суб’ектаў будуць ужытыя эканамічныя санкцыі”.

Кіраўніцтва “Нардыну” кажа, што афіцыйныя дакумэнты аб ануляваньні іх ліцэнзіі яшчэ не прыйшлі.

Раней Міністэрства аховы здароўя анулявала ліцэнзію прыватнай кампаніі “Экамэдсэрвіс”. Адной з прычынай гэтага называлася неадпаведная кваліфікацыя некалькіх мэдыкаў. Аднак у цэнтры гэтаму ня вераць, кажа прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва.

(Крамнёва: ) “Наўрад ці гэта зьвязана зь якасьцю мэдычных паслугаў, паколькі ў дзяржструктурах яны пакідаюць жадаць лепшага. І ад таго, што прыватныя мэдцэнтры будуць закрытыя, якасьць гэтых паслугаў наўрад ці палепшыцца. Хто ад гэтага выйграе, незразумела”.

А што пра дзейнасьць прыватных мэдцэнтраў кажуць іх кліенты?

(Спадарыня: ) “Па-першае, у дзяржаўнай паліклініцы кепска робяць. І я вырашыла, што ў маім узросьце трэба зрабіць такія зубы, каб ня сорамна было рот адкрыць”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што калі ёсьць альтэрнатыва, то гэта заўсёды лепш, чым калі яе няма. Тым болей, што дзяржава ня здольная прапанаваць якасныя паслугі”.

(Спадар: ) “Трэба, каб былі такія цэнтры, але шкада, што яны далёка не для ўсіх”.

(Спадарыня: ) “Тут вельмі зручна: ёсьць хвілінка — патэлефанаваў і прыйшоў. Я за тое, каб былі такія цэнтры. А куды мы пасьля пойдзем?”

Кіраўніцтва “Экамэдсэрвісу” аспрэчыла ануляваньне сваёй ліцэнзіі ў судзе. 1 ліпеня Вышэйшы гаспадарчы суд распачне разгляд пазову кампаніі да Міністэрства аховы здароўя. Падчас выступленьня ў Палаце прадстаўнікоў міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка заявіла пра падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна Людміла Пастаялка паведаміла, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзеца цалкам платнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG