Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі эканамічная школа?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень эканаміста. Улады з гэтай нагоды павіншавалі айчынных эканамістаў, высока ацаніўшы іхны ўклад у цяперашняе эканамічнае разьвіцьцё краіны.

Паводле афіцыйных асобаў, Беларусь мае ўласную эканамічную школу. Як вынікае зь іхных тлумачэньняў, у Беларусі дзясяткі, калі ня сотні тысяч асобаў з дыплёмамі эканамістаў. Больш чым сорак навукова-дасьледчых інстытутаў займаюцца эканамічнай тэматыкай. Адпаведныя дасьледаваньні праводзяць таксама шматлікія галіновыя інстытуты. Мяркуецца, што прадстаўнікі гэтых установаў, кіраўнікі розных узроўняў на прадпрыемствах высока трымаюць “марку” беларускіх эканамістаў. Маўляў, найлепшае таму пацьверджаньне – цяперашняе пасьпяховае разьвіцьцё краіны. Вось, напрыклад, што заявіў на гэты конт намесьнік міністра эканомікі, доктар эканамічных навук Андрэй Тур:

(Тур: ) “У цэлым у нас сур’ёзная эканамічная школа. Нашы адносныя посьпехі, наша эканамічнае разьвіцьцё ў многім зьвязаныя з тымі людзьмі, якія працуюць у гэтай сфэры. Таму я думаю, што ў нас эканамічная школа ёсьць. Тым больш, што гэтая школа выпакутавала, выпрацавала падыходы ў фармаваньні нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі разьвіцьця”.

Незалежныя экспэрты ў цэлым прытрымліваюцца іншай думкі. Так званую беларускую сацыяльна-эканамічная мадэль вынайшлі не эканамісты. Гэтую мадэль, адметнасьцямі якой зьяўляюцца сацыяльная арыентаванасьць, прыярытэт дзяржаўнай уласнасьці, гарантаваныя занятасьць і заробкі, мінімальная доля эканамічнай свабоды, ініцыяваў, як вядома, палітык -- Аляксандр Лукашэнка. А навука, паводле экспэртаў, аказалася ў цяперашняй сытуацыі фактычна непатрэбнай уладам. Меркаваньне незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава:

(Злотнікаў: ) “Ёсьць жаданьне галоўнага лідэра, які ўсё ведае, які сам прымае рашэньні. Паводле сваёй інтуіцыі, паводле свайго разуменьня. І роля навукі вельмі слабая ў Беларусі. І гэтая навука таксама слабая. Вядомых акадэмікаў, якія б значнае для нацыі нешта казалі, вы ня знойдзеце. Няма ніякай гэтай школы у Беларусі. Вы таксама ня знойдзеце нейкага доктара, які б нешта значнае прапаноўваў для Беларусі. Залежныя эканамісты, калі яны выкажуць нязгоду з галоўным лідэрам, то яны страцяць працу. Таму залежных і не чуваць. Я неяк прагледзеў дзесяць доктарскіх дысэртацыяў і заўважыў, што яны вельмі-вельмі слабыя. З дзесяці дысэртацыяў, што я прагледзеў, толькі дзьве можна назваць дысэртацыямі. Астатнія нагадваюць студэнцкія работы, курсавыя, дыплёмныя – ня больш”.

Нягледзячы на своеасаблівыя беларускія ўмовы, поле для эканамічнай думкі тут, паводле дасьведчаных асобаў, ўсё яшчэ застаецца. Напрыклад, патрабуюць дасьледаваньня рэгіянальныя працэсы ўнутры Беларусі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка падзяліўся і такім меркаваньнем:

(Заіка: ) “Другі накірунак, які кепска разьвіты – гэта дасьледаваньне стратэгіі разьвіцьця. Якія варыянты стратэгіі, якія магчымыя накірункі ўваходжаньня ва ўсясьветную рэгіянальную эканоміку, інакш кажучы, у чым нашыя шанцы на будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG