Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тураве сьвятар Сергій арганізаваў прытулак для дзяцей


Казімер Яноўскі, Тураў Пры тураўскай Усясьвяцкай праваслаўнай царкве протаярэй Сергій Храпіцкі арганізаваў прытулак для дзяцей з праблемных сем’яў.

Да нядаўняга часу ў прытулку жылі сямёра дзяцей з так званых праблемных сем’яў. Сьвятар ды парафіяне невыпадкова зьвярнулі на іх увагу. Распавядае настаяцель Усясьвяцкай царквы протаярэй Сергій Храпіцкі:

(Протаярэй Сергій: ) “Дзеці, якія прыходзілі да царквы, яны заўсёды былі нейкія не апранутыя, галодныя. Калі мелі магчымасьць, мы проста нешта давалі, з дому прыносілі. Потым зьявілася мажлівасьць дапамогі праз нашу парафію. Была пабудавана такая трапезьніца, арандаваны дом для дзяцей”.

Дапамагалі ўтрымліваць прытулак брацтва віленскіх мучанікаў, мясцовая сялянская гаспадарка фэрмэра Міхаіла Шруба, іншыя добрыя людзі.

Зь цягам часу ў Жыткавічах зьявілася магчымасьць уладкаваць дзяцей у дом-інтэрнат. Але прытулак, цяпер найбольш дзённага прызначэньня, усё адно дзейнічае пры царкве. У трапезьніцу прыходзіць да дзясятка дзецей падсілкавацца, паслухаць царкоўныя чытаньні, паглядзець духоўныя відэафільмы. Знаёмлюся з хлапчуком, у сям’і якога (на жаль, праблемнай сям’і) трынаццаць дзяцей.

(Хлапчук: ) “Піліпка я! Кожны дзень сюды прыходжу, каб навучыцца чытаць, пісаць і задачкі рашаць. Мяне тут вучаць, кормяць”, — кажа тураўскі хлапчук.

Айцец Сергій лічыць, што царква павінна даць магчымасьць чалавеку, тым больш дзецям, вольна ўздыхнуць, далучыцца да духоўнай чысьціні. І ўвагу варта зьвяртаць найперш на абяздоленых:

(Протаярэй Сергій: ) “У наш час, такі жорсткі час, трэба зьвярнуць увагу на кінутых. Царква павінна даць ім магчымасьць удыхнуць сьвежага паветра, чысьціні”.

Сьвятар, дарэчы, апрача царкоўнай, мае ўнівэрсытэцкую адукацыю. Раней працаваў у навукова-дасьледчым інстытуце фізычных праблемаў пры БДУ, быў актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы. З прыхільнасьцю протаярэй Сергій ставіцца да беларускага адраджэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG