КАБУЛ. Амэрыканскія вайскоўцы паведамілі сёньня, што вайсковы верталёт, які разьбіўся ўчора ва ўсходняй частцы Аўганістану, мог быць зьбіты. Паводле лейтэнанта Сіндзі Мур, лёс 17-ці амэрыканцаў, якія знаходзіліся на борце верталёту, невядомы. Паводле папярэдніх дадзеных, верталёт маглі зьбіць ваяўнікі у часе апэрацыі супраць іх, якую вядуць амэрыканскія войскі ў правінцыі Кунар. Між тым інфармацыйныя агенцтвы падаюць, што Мула Халіф Хакімі, які назваўся прадстаўніком Талібану, патэлефанаваў і заявіў, што гэта талібы зьбілі верталёт. Паводле агенцтваў, Хакімі тэлефанаваў яшчэ перад тым, як інфармацыя пра катастрофу стала вядомай прэсе.