Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: страйк на гуце "Нёман"


Падрыхтавала Сьвятлана Курс

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адмовіў у пазове “Народнай волі” да Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое раней вынесла газэце папярэджаньне. Пра тое, як праходзіў судовы разбор, сёньня расказвае “Народная воля”.

Учора ня выйшлі на працу работнікі найбольшай у Беларусі гарадзенскай гуты “Нёман”. Заробку на прадпрыемстве не падымаюць ужо больш за два гады, у сярэднім ён складае 287 тысяч рублёў. Чым скончыўся стыхійны страйк – пра гэта таксама на старонках сёньняшняй “Народнай волі”.

Беларускія палітыкі мала ўвагі аддаюць свайму выгляду, стылю, манерам, лічаць паліттэхнолягі. Пра гэта карэспандэнт “Народнай волі” гутарыць з палітолягам Вiктарам Чарновым.

Сьветлагорскі тыднёвік “Ранак +” паведамляе пра амбітныя пляны кіраўніка раённага Дому культуры стварыць гарадзкі сымфанічны аркестар. Напачатку гэта мае быць камэрны аркестар. “Гэта падтрымала б выпускнікоў кансэрваторыі, якія часьцяком ня маюць рэалізацыі сваіх здольнасьцяў у роднай краіне”, – лічыць ініцыятар. Таксама выданьне паведаміла пра мантаж адзінай у Гомельскай вобласьці лініі для перапрацоўваньня сьмецьця і вытворчасьці зь яго поліэтылену, поліпрапілену і плястыкавых пляшак.

Рэдакцыя газэты Саюзу палякаў Беларусі “Głos znad Niemna” абвясьціла пра намер зладзіць акцыю пратэсту 3 ліпеня, калі ня спыніцца выхад выданьня пад гэтай жа назвай, да якога ні рэдакцыя, ні выдавец ня маюць адносінаў. “Белсаюздрук” і “Гроднааблпошта” працягваюць распаўсюджваць самазваную газэту без суправаджальных дакумэнтаў.

Барысаўскі гарвыканкам абавязаў загадчыкаў крамаў і прадпрымальнікаў, што гандлююць прадуктамі, “забясьпечыць пэўны аб’ём продажу кансэрваў, піва й ёгуртаў вытворчасьці некаторых прадпрыемстваў Менскай вобласьці”. У выпадку правалу гэтага заданьня прадаўцоў чакае страта ліцэнзіі. Прадпрымальнікі скардзяцца, што тавары, якія значацца ў сьпісах, навязаных выканкамам, не карыстаюцца попытам у насельніцтва, паведамляе “Курьер из Борисова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG