Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Комсомольская правда в Беларуси” пачынае публікацыю матэрыялаў пра невядомыя бакі жыцьця Вольгі Корбут


Ігар Карней, Менск Раз-пораз журналіст можа канстатаваць, што яму ўсьміхнулася ўдача. Карэспандэнтка газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Вольга Ўлевіч нешта падобнае можа прыняць на свой адрас: зь ёй пасьля шматгадовага маўчаньня разгаварылася славутая гімнастка Вольга Корбут, якая паўтара дзясятка гадоў жыве ў ЗША. Усьлед за сэрыяй скандалаў вакол разводу зь “песьняром” Лявонам Барткевічам, непрыемнасьцяў з паліцыяй, арышту сына Рычарда за падрабляньне грошай кантакты з прэсай пры канцы 1990-х Корбут спыніла.

Пасьля размоваў з Корбут Вольга Ўлевіч канстатуе: “чорная паласа” ў жыцьці зоркі скончылася. У 2000 годзе яна выйшла замуж за маладога маскоўскага бізнэсоўца Аляксея, крыўды на Барткевіча засталіся ў мінулым, неўзабаве выйдзе з турмы Рычард, а каб не вярэдзіць старых ранаў, яна перабралася з Атланты ў Арызону. Падрабязнасьці сямейных таямніц Вольгі Корбут – у заўтрашнім нумары спэцвыпуску “Комсомольской правды в Беларуси”. Аўтарка публікацыі Вольга Ўлевіч дала інтэрвію нашаму карэспандэнту.

(Карэспандэнт: ) "Вельмі доўгі час Корбут пазьбягала кантактаў з журналістамі. Як вы яе разгаварылі? Што прычынілася да таго, што Вольга Корбут досыць шчыра расказала пра сваё жыцьцё?”

(Улевіч: ) “Я нават не спрабавала тэлефанаваць асабіста Вользе. Спачатку я пазнаёмілася зь яе мужам. У працэсе размовы мы высьветлілі, што прыблізна ў адзін час вучыліся на факультэце журналістыкі; пазгадвалі нашых выкладчыкаў, студэнцкі час, увогуле, што адбывался ў Беларусі. І ўжо потым, калі я працавала над інтэрвію зь ім, кожны раз паўставала адна праблема – не хапае менавіта адказаў Вольгі. З гэтым як журналіст пагаджаўся і Аляксей. І вось аднойчы ён сказаў: я пагавару з Вольгай, хоць імавернасьць таго, што яна пойдзе на кантакт, вельмі малая. Праўда, Вольга Корбут на той момант ужо мела перад сабой тэкст нашага з Аляксеем інтэрвію і бачыла, што намеры мае вельмі адкрытыя і мне яна цікавая як асоба. Думаю, што гэта яе падкупіла…”

(Карэспандэнт: ) “Вы, натуральна, закраналі тэму шлюбу. Досыць вялікая розьніца ў гадох паміж жонкай і мужам. Як яны ставяцца да такой узроставай дыспрапорцыі?”

(Улевіч: ) “Аляксей на пачатку 1990-х працаваў фотакарэспандэнтам у “Чырвонай змене”. І пазнаёміліся яны тады, калі калега Аляксея прыйшоў у дом да Корбут з Барткевічам браць інтэрвію ў апошняга. Аляксей ўбачыў Вольгу – маленькую, мініятурную – і … закахаўся. І вось гэтаму каханьню ўжо 17 гадоў. А калі Вользе стала зусім ужо дрэнна ў Амэрыцы, яна затэлефанавала менавіта Аляксею. Якраз тады ад яе пайшоў муж, здарылася непрыемнасьць з сынам Рычардам, які “адксэрыў” стодаляравую купюру, а паліцыя абвінаваціла яго ў падрабляньні грошай... Потым саму Вольгу затрымалі ў супэрмаркеце для таго, каб зьняць у яе адбіткі пальцаў… Аляксей прыехаў як сябра, але паколькі ў іх былі блізкія, інтымныя адносіны, то ў гэтым выпадку гаворка пра нармальнае партнэрства, сяброўства. І розьніца 17 гадоў неадчувальная, калі людзі на гэта не зважаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Як увогуле разьвіваецца гісторыя з Рычардам? Якая імавернасьць, што яго дэпартуюць з ЗША?”

(Улевіч: ) “Рычард будзе дома ўжо гэтым летам. Як сказала Вольга, дэпартаваць яго ня змогуць ужо таму, што ён ад’ехаў зь Беларусі ў Амэрыку ў вельмі юным узросьце. Тады ў яго не было ні беларускага пашпарта, ні савецкага. Ён паўнавартасны грамадзянін ЗША. А Амэрыка ў сэнсе законаў больш жорсткая, чым Беларусь. У нас не пасадзілі б за такое грубае падрабляньне даляраў на ксэраксе. Як мне падаецца, гэта проста было пакараньне за непавагу да грашовай купюры гэтай краіны. Гэта ўсё ж даляр, а не беларускі рубель”.

(Карэспандэнт: ) “Як цяпер ставіцца Вольга Корбут да Лявона Барткевіча? Ці лічыць яго ўчынак ў пэўным сэнсе здрадай?”

(Улевіч: ) “Вольга сказала, што яна былому мужу ўсё даравала. Хоць усе непрыемнасьці ў яе жыцьці пачаліся тады, калі пачаўся працэс скасаваньня шлюбу. Але, паколькі яна сама чалавек неардынарны, яна добра яго разумее, і цяпер яны сябры. Яна радуецца, што ў яго новая сям’я, што нарадзілася дзіця. Падалося, што яна гаварыла гэта шчыра…”

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца так, што Аляксей жыве ў Маскве, а жонка ў Арызоне?..”

(Улевіч: ) “Сапраўды, удзень ён працуе ў маскоўскім офісе, а ўначы, праз Інтэрнэт і амэрыканскую тэлефонную лінію – над праектамі Вольгі. Калі ён сьпіць – ня ведаю. Вольга прызналася, што зусім ня ведае, колькі грошай на што траціцца, ці заплачана нават за кватэру… Усімі фінансавымі справамі ў сям’і займаецца Аляксей”.

(Карэспандэнт: ) “Але яднаньне сям’і прадбачыцца?”

(Улевіч: ) “Кантракт, які Аляксей мае ў Маскве, непрацяглы. Магчыма, маскоўская фірма і будзе мець намер яго працягнуць, але Аляксей ірвецца ў Амэрыку…”

(Карэспандэнт: ) “Што гаворыць Вольга наконт магчымага вяртаньня на Радзіму? Раней, прынамсі, узьнікалі размовы – маўляў, калі яе запросяць і прапануюць вартую яе пасаду, то яна вернецца…”

(Улевіч: ) “Я наўпрост запыталася: ці прыедзе яна ў Беларусь, калі яе запросіць прэзыдэнт Лукашэнка? Вольга адказала вялікім сумневам. Рэч у тым, што яна нават не імкнецца прыяжджаць да сваіх родных, якія жывуць у Горадні. Кажа так: “Лепш прыяжджайце да мяне. Побач Мэксыка, Гранд-Каньён, Лас-Вэгас…” Да яе прыяжджаюць сёстры з пляменьнікамі. Яна ўсіх паўсюль возіць, усё паказвае, ёй гэта падабаецца…”

(Карэспандэнт: ) “Ці мае яна кантакты з гімнастамі, якія пазьней ад’ехалі ў ЗША, якія маладзейшыя? У прыватнасьці, зь Віталём Шчэрбам, Іванам Іванковым. Ці ёсьць увогуле нейкія кантакты зь беларусамі?”

(Улевіч: ) “Я задавала такое пытаньне. Яна сказала, што гэта другое пакаленьне, яны жывуць у іншых штатах... Адным словам, яны не кантактуюць. Ад Аляксея я чула, што ён мае нейкія стасункі са сьпеваком Данчыкам. Але асноўны свой вольны час яны бавяць на конях: бяруць трэйлер, і едуць туды, дзе можна добра пагойсаць”.
XS
SM
MD
LG