Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 чэрвеня трагічна ў маскоўскім гатэлі “Масква” трагічна загінуў Янка Купала


RFE/RL Каляндар Свабоды – 28 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 28 чэрвеня.

У Беларусі сёньня афіцыйны Дзень вынаходніка і рацыяналізатара, а неафіцыйны – Дзень трагічнае гібелі Янкі Купалы ў маскоўскім гатэлі “Масква”. Паэт-нашчадак напісаў уразьлівыя радкі:

Прыступкі. Лесьвічны пралёт Знадворку цемра ў вокны цэліць. Мо быў улетку галалёд У тым гатэлі?

Янка Купала сапраўды ўпаў у лесьвічны пралёт гатэлю 28 чэрвеня 1942 году пры нявысьветленых дагэтуль абставінах. Звычайна ў гэты дзень у Менску нясуць кветкі да помніка паэту на Вайсковых могілках.

28 чэрвеня 1914 году сэрбскі студэнт Гаўрыла Прынцып у Сараеве ўчыніў замах на Франца Фэрдынанда, спадкаемцу аўстрыйскага пасаду. Гэтае забойства зрушыла цэлы ланцуг падзеяў, у выніку якіх празь месяц пачалася першая сусьветная вайна. Такія тэрарысты, як Гаўрыла Прынцып, часам робяцца кумірамі лявацкае моладзі. Нашы беларускія анархісты ў зьвязку з гэтым згадваюць беларускага студэнта Ігната Грынявіцкага, які кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ. Аднак жа прыклад сэрбскага Гаўрылы паказвае, што няма тут чым захапляцца, бо забіў тэрарыст аднаго, а загінулі ў выніку мільёны.

Цікава, што і скончылася першая сусьветная вайна таксама 28 чэрвеня, у 1919 годзе, калі ў Вэрсалю пад Парыжам была падпісаная мірная дамова паміж Нямеччынай і краінамі Антанты.

А яшчэ 28 чэрвеня нарадзілася шмат добрых людзей, якія ні ў каго бомбаў ня кідалі, затое пакінулі пасьля сябе кнігі і карціны, якія мы зь цікавасьцю чытаем і разглядаем дагэтуль. Напрыклад, у 1577 годзе нарадзіўся знакаміты флямандзкі жывапісец Рубэнс, а ў 1712 годзе прыйшоў на сьвет францускі філёзаф Жан Жак Русо, які сказаў некалі: “Чалавек нарадзіўся свабодным, але паўсюль носіць кайданы“. Таксама 28 чэрвеня ў 1867 годзе прыйшоў на сьвет італьянскі пісьменьнік і драматург Луіджы Пірандэла, які ў 1934 годзе стаў нобэлеўскім ляўрэатам. Памятаеце ягоны раман – “Нябожчык Маціа Паскаль“? Зрэшты, і ў сьпісе народжаных сёньня сьветлых асобаў ёсьць лыжка дзёгцю – гэта асабісты сакратар Гітлера Рудольф Гес, які таксама нарадзіўся 28 чэрвеня, у 1894 годзе.
XS
SM
MD
LG