Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для чаго створаны “Прэзыдэнцкі спартовы клюб”?


Ігар Карней, Менск З ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі створаны Прэзыдэнцкі спартовы клюб. У апякунскай радзе клюбу — кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў. Тым часам зь мінулага году Міністэрства юстыцыі з розных прычынаў адмаўляе ў рэгістрацыі іншаму грамадзкаму аб’яднаньню спартоўцаў — Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў, не зусім ляяльных да сёньняшніх уладаў.

Заснаваўчы сход Прэзыдэнцкага спартовага клюбу адбыўся ў Міністэрстве спорту і турызму ў закрытым ад прэсы рэжыме. Дарадца міністра спорту Сяргей Шаблыка распавёў, што на сход былі дапушчаныя далёка ня ўсе, хто хацеў туды трапіць.

(Шаблыка: ) “Так, сход праходзіў у нас, у міністэрстве. Але гэта не азначае, што мы павінны пра ўсё ведаць. Я нават структуры арганізацыі ня ведаю, бо не зьяўляюся яе заснавальнікам. Таму хто кіруе — таксама ня ведаю”.

Фармальна арганізацыя ўзьнікла ў зьвязку са “шматлікімі просьбамі спартовай грамадзкасьці”, аднак вядома, што ініцыятарам стварэньня клюбу стаў асабіста Аляксандар Лукашэнка, што, уласна кажучы, вынікае з самой назвы. Аднак у склад заснавальнікаў прадстаўнікоў спартовай галіны ўводзілі досыць выбарна. Прынамсі, аб існаваньні клюбу некаторыя спартоўцы даведваліся ад Радыё Свабода. Як прыкладам, алімпійскі чэмпіён Афінаў Ігар Макараў:

(Макараў: ) “Не, нікуды мяне не запрашалі. Я ўвогуле ад вас упершыню пра гэта чую…”

З крыніцаў у Міністэрстве спорту стала вядома, што да арганізацыі мае непасрэднае дачыненьне малодшы сын Лукашэнкі Дзьмітры, аднак афіцыйнага пацьверджаньня такой інфармацыі няма.

Паказальна, што новая спартовая структура створаная на тле няўдачаў з рэгістрацыяй падобнага аб’яднаньня — Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў. Пра ініцыятыву стварэньня той арганізацыі яшчэ летась заявілі выбітныя вэтэраны-алімпійцы — чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч і алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі. З розных прычынаў Міністэрства юстыцыі адмаўляецца рэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне. Віктар Сідзяк шкадуе з гэтай нагоды, бо перакананы: пад агульным дахам яны маглі б дасягнуць куды большых пасьляспартовых вынікаў, чым кінутыя паасобку.

(Сідзяк: ) “Калі я пайду да нейкага чыноўніка як старшыня Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў, то ня думаю, што мне ў маёй просьбе адмовяць. Бо бальшыня людзей, бальшыня кіраўнікоў разумее: алімпійскія чэмпіёны — гэта ўнікальныя людзі. Паглядзіце, якія людзі — унікальныя”.

“Унікальныя людзі”, якім не ўдалося аб’яднацца ў свой клюб, надоўга без прапіскі не засталіся. Сярод заснавальнікаў прэзыдэнцкага спартовага клюбу — прозьвішчы, на якія “ставілі” і паплечнікі Сідзяка: Кацярына Карстэн, Юлія Несьцярэнка, Натальля Цылінская, Віктар Зуеў, Іван Ціхан, Марына Лобач, Анжэліка Кацюга.

У прэсавай службы кіраўніка дзяржавы паведамілі, што прэзыдэнцкі спартовы клюб утвораны як “некамэрцыйная арганізацыя”. Разам з гэтым удакладняецца, што, згодна са статутам, клюб будзе займацца арганізацыяй і правядзеньнем нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў, дабрачынных акцыяў ды іншых мерапрыемтваў.
XS
SM
MD
LG