Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны плянуе скараціць тэрмін вайсковай службы з паўтара да аднаго году


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вайскоўцы спасылаюцца на вялікую колькасьць прызыўнікоў і кажуць, што 12 месяцаў дастаткова, каб падрыхтаваць зь юнака сапраўднага воіна. Між тым спэцыялісты заўважаюць, што гэта магчыма толькі пры пэўных умовах, якім Беларусь пакуль што ня вельмі адпавядае.

Кулюарныя размовы пра скарачэньне тэрміновай службы ідуць ужо некалькі гадоў, і вось нарэшце ў Міністэрстве абароны публічна абвясьцілі гэты намер. У інфармацыйнай службе міністэрства Радыё Свабода пацьвердзілі існаваньне прапановаў што да скарачэньня тэрміновай службы на паўгоду.

(Макараў: ) “Неаднойчы мы ўжо казалі і заяўляем зноў, што мы гатовыя да скарачэньня тэрміновай службы. За год цалкам рэальна падрыхтаваць вайсковага спэцыяліста”.

Паводле Ўладзімера Макарава, тэрміновую службу з паўтара году прапануецца зьменшыць да аднаго году для звычайных прызыўнікоў, да 9 месяцаў для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй і да 6 месяцаў для тых выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на вайсковай катэдры.

А як жа задача бараніць Радзіму? Як вайскоўцы тлумачаць патрэбу скарачаць войска?

Адмыслоўцы кажуць, што цяпер у Беларусі каля трэцяй часткі прызыўнікоў атрымліваюць адтэрміноўку. Такім чынам, ёсьць небясьпека, што гэтыя прызыўнікі могуць наагул ня выканаць свайго канстытуцыйнага абавязку ў справе абароне Айчыны. Вайскоўцы шчыра прызнаюць: іх больш турбуе нават ня гэта, а тое, што дзясяткі тысячаў маладых мужчын могуць не атрымаць вайсковай падрыхтоўкі і з гэтай прычыны значна паменшыцца мабілізацыйны рэсурс краіны.

Але ці магчыма ўсяго за год, а то і менш, авалодаць сучаснай вайсковай прафэсіяй? У Міністэрстве абароны кажуць – цяпер беларускі салдат фактычна ня траціць часу на розныя гаспадарчыя работы, не зьвязаныя з вайсковай службай. Так што за год стаць вайсковым спэцыялістам – цалкам рэальна. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі да гэтага дадае: трэба адначасова павялічваць колькасьць кантрактнікаў у войску, што запатрабуе значнага павелічэньня фінансаваньня.

(Казлоўскі: ) “Мусіць быць пэўная частка прафэсіяналаў, прыкладам, мэханікі. Дзе больш складаныя прафэсіі. А дзе больш простыя прафэсіі, то году для падрыхтоўкі хопіць і будзе добра падрыхтаваны салдат. Я вітаю такі падыход, мы яго разглядалі і раней. Войска будзе скарачацца, я ў гэтым перакананы. А зьменіцца рэжым – і войска скароціцца яшчэ больш”.

Наўрад ці мне ўдалося б знайсьці прызыўніка, які б не вітаў ідэі скарачэньня тэрміновай службы. Але Анатоль Багдановіч з Наваполацку лічыць такія захады палавіністымі. Юнак цалкам за прафэсійнае войска.

(Багдановіч: ) “Гэта станоўчы момант, але ў любым выпадку трэба ўводзіць кантрактную службу альбо хаця б альтэрнатыўную службу, каб людзі з пэўнымі перакананьнямі маглі ўвогуле не служыць у войску”.

Тэрміны вайсковай службы рэгулююцца адпаведным законам, і іх зьмены – даволі складаны заканадаўчы працэс, які патрабуе працяглага часу і палітычнай волі кіраўніцтва. Размовы пра ўвядзеньне альтэрнатыўнай службы ідуць у Беларусі ўжо больш за 10 гадоў, але дагэтуль яна ня ўведзеная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG