Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівыя інтэграцыйныя настроі ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне


Юры Дракахруст, Прага Новая перадача сэрыі “Праскі акцэнт”. Тэма выпуску – інтэграцыйныя памкненьні ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне.

Расейцы ў найменшай ступені схільныя да інтэграцыі як з Эўропай, гэтак і з бліжэйшымі суседзямі, у беларускім грамадзтве колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі на Ўсход і на Захад прыблізна роўная, да інтэграцыі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы найбольш прыхільна ставяцца казахі, а да інтэграцыі ў Эўропу – украінцы. Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага сёлета ў траўні ў Беларусі, Казахстане, Расеі і Ўкраіне міжнародным кансорцыюмам “Эўразійскі манітор”.

Чым тлумачыцца і што азначае параўнальна нізкія паказьнікі інтэграцыйных памкненьняў ва ўсіх 4-х краінах? Чым абумоўлена імкненьне людзей атрымаць ўсе плюсы інтэграцыі, пазьбегнуўшы ўсіх мінусаў? Ахалоджаньне да інтэграцыі на постсавецкай прасторы і правал эўрапейскай Канстытуцыі на рэфэрэндумах ўва Францыі і Галяндыі – гэта падобныя ці розныя зьявы?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” філёзаф Аляксандар Грыцанаў, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Уладзімер Дорахаў, кіраўнік Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі Валер Фёдараў і дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Валер Хмялько.

(Дракахруст: ) "На гэтым тыдні неяк сышоўся шэраг падзеяў, зьвязаных з інтэграцыяй на постсавецкай прасторы. У Маскве прайшоў саміт гэтак званай Эўразійскай эканамічнай прасторы ЭўрАзЭС, у Гомелі сабралі дэпутаты саюзнага парлямэнту Беларусі і Расеі, напрыканцы тыдня ў Кіеве адбылося 21-е пасяджэньне Групы высокага ўзроўню па фармаваньні Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана, Расеі і Ўкраіны.

Але за гэтым інтэграцыйным мільгаценьнем неяк застаецца па-за ўвагаю пытаньне, а як да гэтых разнастайных аб’яднаньняў ставяцца самі народы, якіх лідэры гэтак ікнуцца аб’ядноўваць?

Пэўны адказ на гэтае пытаньне даюць дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага сёлета ў траўні адначасна ў Беларусі, Казахстане, Расеі і Ўкраіне. Лічбы – рэч сумная. Але ў дадзеным выпадку бязь іх не абыдзесься. Паводле дадзеных “Эўразійскага манітора” у Беларусі прыхільнікі далучэньня да Эўразьвязу і жыцьця ў Адзінай эканамічнай прасторы падзяліліся амаль пароўну – 22% за Эўропу, 24% – за АЭП. Яшчэ 14% беларусаў наагул мараць пра адроджаны СССР, і 21% хацелі б жыць проста ва ўласнай краіне.

У параўнаньні з гэтым ва Ўкраіне – больш за Эўразьвяз 30% і крыху больш, чым у Беларусі за прастору 26%. Расейцаў адносна мала вабіць што Эўропа, што саюз з блізкімі суседзямі – па 15%, затое там адносна больш за іншых мараць пра аднаўленьне СССР – 27%. Нарэшце, у Казахстане больш за астатніх імкненьне да Адзінай эканамічнай прасторы і менш – да Эўразьвязу.

Свой погляд на гэтыя лічбы прапануе беларускі філёзаф Аляксандар Грыцанаў

(Грыцанаў: ) "Беларускія і ўкраінскія адсоткі – гэта неаднолькавыя рэчы. Украінскія адсоткі – гэта прага часткі грамадзтва, пераважна на Заходняй Украіне, жыць у Эўропе, і жаданьне іншай часткі грамадзтва жыць наўпрост у Расеі. У Беларусі найбольшая доля – гэта савецкія грамадзяне, якія мараць пра былы Саюз і мабыць аб саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі".

(Дракахруст: ) "Аляксандар Грыцанаў гаворыць пра істотныя адрозьненьні ўкраінцаў і беларусаў, маўляў, беларусы больш савецкія. У пэўным сэнсе яно і так – паводле апытаньня паводле прагі да аднаўленьня СССР беларусы – трэція пасьля расейцаў і казахаў.

Аднак гэты варыянт адказу – за СССР, трохі блытае карціну, не дае магчымасьці вымяраць інтэграцыйныя памкненьні да рэальных утварэньняў. Гаворыць намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў Уладзімер Дорахаў. Нагадаем, што гэты беларускі дасьледны цэнтар быў у красавіку сёлета ліквідаваны рашэньнем Канстытуцыйнага суда, зараз ён дзейнічае як арганізацыя, зарэгістраваная ў Літве".

(Дорахаў: ) "Па-першае трэба сказаць, што адказы на пытаньні пра інтэграцыю істотна мяняюцца ў залежнасьці ад фармулёўкі пытаньня. Скажам, калі мы пытаемся, ці хочаце Вы інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз – атрымліваем адны лічбы, калі даем апытаным магчымасьць выбраць паміж інтэграцыяй у аб’яднаную Эўропу і інтэграцыяй з Расеяй – заўважальна іншыя, значна ніжэйшыя.

Калі ж дадаваць яшчэ нейкія магчымасьці – скажам вяртаньне ў СССР, як варыянт адказу, то колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня хоць з Эўропай, хоць з Расеяй яшчэ больш зьменшыцца.

У нашым апошнім травеньскім апытаньні 48% з той ці іншай ступеньню ўпэўненасьці выказаліся за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. Гэта вельмі ўнушальная лічба, асабліва калі ўлічыць, што з той ці іншай ступеньню пэўнасьці выказаліся супраць гэтага толькі крыху болей за траціну – 35%.

Паводле нашых апытаньняў, імкненьне далучыць Беларусь да Эўразьвязу было напрыканцы 2002 году, тады за гэта выказваліся нават 60% апытаных. Але і падчас іншых апытаньняў колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі вагалася каля 50%.

Здавалася б гэтыя дадзеныя сьведчаць пра выразную перавагу праэўрапэйцаў. Але насамрэч гэта ня так.

Калі мы задаём пытаньне, чаму б Вы аддалі перавагу : інтэграцыі з Эўразьвязам ці з Расеяй колькасьць прыхільнікаў эўрапейскага вэктару істотна зьніжаецца. Напрыклад, у нашым леташнім лістападаўскім апытаньні 30% адказалі, што аддаюць перавагу аб’яднаньню з Расеяй, 20% – уступленьню ў Эўразьвяз, а яшчэ амаль 20% хацелі б і таго, і іншага. І калі пытаньне ставіцца рубам: тое ці тое – колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй узрастае да 49%, з Эўразьвязам да 33%".

(Дракахруст: ) "Нягледзячы на істотную адрознасьць палітыкі Беларусі і Ўкраіны, на супрацьлеглыя геапалітычныя прыярытэты, дэкляраваныя лідэрамі абедзьвюх краінаў, стаўленьне да інтэграцыі на Захад і на Ўсход украінцаў і беларусаў насамрэч даволі падобнае. Гаворыць дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Валер Хмялько".

(Хмялько: ) "Тое, што ўкраінцы хочуць мець сваю дзяржаву – гэта адназначна, за гэта большасьць. Але гэта ня выключае магчымасьці ўваходжаньня нашай дзяржавы да іншых міждзяржаўных аб''яднаньняў. Тут усе залежыць ад таго, як ставіцца пытаньне. Адна справа – калі мы ставім пытаньне: “Ці згодны Вы з тым, каб Украіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз ?”, то крыху больш паловы 52% пагаджаюцца з такім выбарам. Але калі мы ставім пытаньне, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Ўкраіны: у Эўразьвязе ці ў Саюзе Расеі і Беларусі, то каля 40% аддаюць перавагу Эўразьвязу, а каля 50% – усе ж Саюзу Расеі і Беларусі. Іншыя вагаюцца выбраць".

(Дракахруст: ) "Як бачым, падабенства навідавоку – калі пытаньне ставіцца рубам: у абедзьвюх краінах ад траціны да 40% за Захад, амаль палова – за Ўсход. Праўда, украінцаў толькі пытаюць пра беларукска-расейскі саюз, а беларусы ўжо там.

І спадар Дорахаў, і спадар Хмялько распавядалі пра дадзеныя сваіх дасьледных цэнтраў. Вернемся да апытаньня “Эўразійскі манітор”, выканаўцам якога ў Расеі быў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі. Гаворыць яго дырэктар Валер Фёдараў".

(Фёдараў: ) "Тут назіраецца пэўны максымалізм у намерах расейцаў. Ці ўсё, ці нічога. "Усё" – гэта ў дадзеным выпадку адроджаны Савецкі Саюз. Але ўсе разумеюць, што казаць сёньня пра гэта – гэта фантазіі. Для людзей былы Савецкі Саюз, гэта ня толькі саюз нацыяў, але і ўстойлівыя жыцьцёвыя пэрспэктывы, магчымасьць плянаваць жыцьцё на некалькі дзесяцігодзьдзяў наперад, усьведамленьне сваёй дзяржавы, як адной зь вялікіх усясьветных дзяржаваў, зь якой павінны лічыцца ўсе ў сьвеце, прыблізная роўнасьць даходаў. Аднак людзі цьвяроза да гэтага ставяцца і разумеюць, што толькі цуд можа вярнуць нас усіх туды. Але калі ў якасьці альтэрнатываў гэтаму “залатому веку”, гэтаму хутчэй за ўсё незваротнаму мінуламу, прапаноўваюцца іншыя формы інтэграцыйных аб’яднаньняў – гэта для расейцаў занадта мала.

Другі аспэкт палягае ў тым, што зашмат было спробаў аб’яднацца, занадта было розных формаў – і СНД, і ЭўраАЗЭС, вось зараз Адзіная эканамічная прастора зьявілася, але вельмі мала рэальнай інтэграцыі, вельмі мала даверу да тых палітыкаў, якія вылучаюць аб’яднаўчыя ініцыятывы, мала веры ў тое, што ўсё гэтае аб’яднаньне неяк адаб’ецца на жыцьці людзей.

Ёсьць і трэці чыньнік, гэта тое, што для расейскай палітычнай эліты, якая ўзьнімае на шчыт усе гэтыя інтэграцыйныя праекты, галоўным з’яўляецца зьнешні накірунак – нашыя палітыкі вядуць працу зь беларускімі, казахстанскімі, украінскімі палітыкамі, але яны мала працуюць з уласным электаратам, мала тлумачаць неабходнасьць і мэтазгоднасьць інтэграцыі, мала гавораць пра тое, як яна адаб’ецца на жыцьці людзей, калі яна адбудзецца. Вынік – той, які мы зрабілі па выніках дасьледаваньня, што Расея, ядро, рухавік інтэграцыйных праектаў, сёньня на ўзроўні грамадзкай думкі ў найменшай ступені гатовая да рэалізацыі такога аб’яднаньня.

(Дракахруст: ) "А чым адрозьніваюцца ў трох краінах тыя, хто схіляецца да таго ці іншага тыпу, накірунку інтэграцыі? Гаворыць Уладзімер Дорахаў".

(Дорахаў: ) "Залежнасьці тут вельмі жорсткія – моладзь, адукаваныя, гараджане ў большай ступені, чым насельніцтва ў цэлым, аддаюць перавагу эўрапейскаму вэктару, старыя, людзі з нізкім узроўнем адукацыі, сяляне – расейскаму. Асабліва моцная сувязь з узростам – сярод моладзі праэўрапейцы складаюць болей за палову, сярод пэнсіянэраў колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй перавышае 60%".

(Дракахруст: ) "Паводле Валера Хмялько падобная сувязь паміж узростам і пажаданым накірункам інтэграцыі існуе і ва Ўкраіне, хаця яна больш слабая, чым у Беларусі".

(Хмялько: ) "Сярод тых, хто 60-ці гадоў і старэйшы, за Эўрапейскі Зьвяз выказваюцца 24%, а за саюз з Расеяй і Беларусьсю – 53%. А сярод тых, каму да 30 гадоў, за Эўрапейскі Саюз – 51% (больш паловы), а за саюз з Расеяй і Беларусьсю – 35%. Такім чынам, і ў гэтым аспэкце ёсьць заўважальныя адрозьненьні ў стаўленьні да інтэграцыі на Захад і на Ўсход".

(Дракахруст: ) "А вось які чыньнік ва Ўкраіне надзвычай значны і вызначальны ў сэнсе інтэграцыйных памкненьняў – гэта тэрытарыяльны. Тут адрозьненьні велізарныя".

(Хмялько: ) "Яны ў асноўным зьвязаныя з рэгіянальнымі структурай Украіны. Калі на Ўсходзе задаём пытаньне, у якім саюзе лепш, то тут толькі 13% называюць Эўразьвяз, а 77% аддаюць перавагу расейска-беларускаму Саюзу.

Іншая справа – Заходняя Ўкраіна, тут толькі 11% аддаюць перавагу саюзу з Расеяй і Беларусью, і 73% – Эўрапейскаму Зьвязу.

Гэтыя адсоткі паступова мяняюцца пры пераходзе са Ўсходу на Захад. Усход і Захад выявіліся крайнімі паводле вынікаў галасаваньня і на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах паміж кандыдатам, які прапанаваў Эўрапейскі выбар, і кандыдатам, які прапанаваў усё ж такі больш расейскі выбар.

Такая праблема існуе і трэба яшчэ шмат што зрабіць, каб знайсьці кансэнсус, які б задаволіў большасьць украінцаў у цэлым".

(Дракахруст: ) "У Расеі – трэці варыянт залежнасьці, непадобны ані на беларускі, а ні на ўкраінскі".

(Фёдараў: ) "У Расеі карцінка даволі простая і лягічная. Старэйшыя ўзросты – сталей за 45 гадоў больш настальгуюць па савецкіх часах, маладзейшыя, хто ўвайшоў у жыцьцё пасьля распаду СССР ці калі стала зразумела, што адзінай краіны хутка ня будзе, тыя больш рэалістычна ставяцца да сытуацыі, і яны настроеныя на тое, каб Расея разьвівалася па самастойным сцэнары, ішла па ўласнай траекторыі, не ўступаючы ні ў якія формы міждзяржаўнага аб’яднаньня.

Што тычыцца прыхільнікаў інтэграцыйных аб’яднаньняў – ці то Эўразьвяз, ці то Адзіная эканамічная прастора – гэтыя групы ў асноўным сканцэнтраваныя ў сярэдніх узростах і маюць сярэдні ўзровень адукацыі. Тыя, хто больш адукаваны і больш заможны, больш схіляюцца да эўрапейскага вэктара інтэграцыі, да Эўразьвязу, а тыя, хто мае ніжэйшую адукацыю і горшае матэрыяльнае становішча, больш сымпатызуюць эўразійскаму вэктару".

(Дракахруст: ) "Як бачым, старыя расейцы больш схільныя да СССР, маладыя – не да Эўразьвязу, як іх беларускія і ўкраінскія раўналеткі, а да самадастатковай Расеі. Вяртаючыся да Беларусі і Ўкраіны, варта адзначыць даволі вялікую катэгорыю насельніцтва зь дзіўнымі геапалітычнымі арыентацыямі – адначасна і на Захад і на Ўсход".

(Хмялько: ) "Гэта выяўляецца тады, калі асобна ставіцца пытаньне пра Эўропу і асобна – пра саюз Расеі і Беларусі. Калі вы запытваеце асобна, то больш 50% выказваюцца за Эўразьвяз, і калі Вы пытаеце: “Ці згодны Вы, каб мы ўвайшлі ў Саюз з Расеяй і Беларусьсю?”, то больш за 60% выказваюцца за гэта. Атрымліваецца, значная частка апытаных выказваецца і за адно, і за другое.

Тэрытарыяльна гэта найбольш распаўсюджана ў Цэнтральнай Украіне. Такі амбівалентны выбар часьцей сустракаецца сярод людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе адначасна і як украінцаў, і як расейцаў. Каля 20% насельніцтва адчувае сябе належным да двух этнасаў. Гэта, як правіла, зьвязана са зьмяшанымі шлюбамі, у нас больш за траціну шлюбаў былі міжэтнічнымі. Гэтым людзям цяжка выбіраць штосьці адно".

(Дракахруст: ) "Спадар Хмялько лічыць, што прычына падобнай падвойнай геапалітычнай арыентацыі – у падвойнай этнічнай ідэнтыфікацыі многіх украінцаў, якія адчуваюць сябе ўкраіна-расейцамі. У Беларусі такіх людзей менш, бо расейцаў значна менш. А вынік – падобны".

(Дорахаў: ) "Грамадзкая думка ў пытаньні ролі Беларусі ў сьвеце выяўляе надзвычайную супярэчлівасьць. Гэта мы бачым нават на ўзроўні прынцыпаў – ад пятай часткі да чвэрці нашых суграмадзянаў хацелі б быць разам і з Эўропай і з Расеяй, прычым людзі ня надта дакладна ўсьведамляюць нават для саміх сябе, што азначае гэтае “разам”. Але гэтыя супярэчнасьці, як паказана ў дасьледаваньні “Эўразійскага манітору” выяўляюцца ў стаўленьні да канкрэтных тэмаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяньня: мы хочам, каб у нас было шмат замежных тавараў, у тым ліку з Расеі, з Украіны, каб у нас быў выбар, але мы таксама хочам, каб гэты паток імпарту не падрываў нашую вытворчасьць, дзе мы працуем і зарабляем грошы.

Людзі нібыта хочуць інтэграцыі, але, скажам, да пэрспэктывы скупкі айчынных прадпрыемстваў ставяцца ня надта добра. А што такое свабодны рух капіталу, як не магчымасьць менавіта такой скупкі? Прычым цікава – паводле дадзеных апытаньня “Эўразійскага баромэтра” беларусы ставяцца да скупкі сваіх прадпрыемстваў гэтак жа кепска, як расейцы і казахі, але беларусы найбольш спрыяльна глядзяць на тое, каб нашы, айчынныя бізнэсмэны скуплялі ўласнасьць у Расеі, Украіне, Казахстане. Такая вось мадэль зьнешняй эканамічнай экспансіі.

Часткова гэта тлумачыцца тым, што беларусы і зараз больш за іншых уключаныя на асабістым ўзроўні ў эканамічныя ўзаемадзеяньні з гэтымі краінамі. На пытаньне, ці даводзілася Вам ці Вашым родным у апошнія 5 гадоў працаваць у іншых краінах Адзінай эканамічнай прасторы ў Расеі “так” адказала 4%, у Казахстане – 15%, ва Ўкраіне – 24%, у Беларусі – 34%. Заўважце, больш за траціну, прычым зразумела, што размове ідзе пераважна аб працы ў Расеі".

(Дракахруст: ) "Спадар Дорахаў пачаў размову пра яшчэ адзін цікавы аспэкт інтэграцыйных настрояў – пра супярэчлівае стаўленьне народаў да наступстваў гэтай самай інтэграцыі. Гаворыць філёзаф Аляксандар Грыцанаў".

(Грыцанаў: ) "З гэтым матэрыялаў вынікае вельмі істотная выснова, што інтэграцыя не падрыхтаваная на ўзроўні сьвядомасьці простых людзей. Тут мы бачым, што простыя людзі ня ведаюць і палохаюцца наступстваў інтэграцыі. А калі зараз мы бачым пляны ўвайсьці ўва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) з боку Расеі і Беларусі – то гэта ж яшчэ жорсткая пэрспэктыва.

Гэта больш танны імпарт, але гэта і цяжкія выпрабаваньні для нацыянальнай прамысловасьці. Але людзям ніхто нічога не тлумачыць".

(Дракахруст: ) "А можа, такое супярэчлівае стаўленьне да наступстваў інтэграцыі, эканамічнага ўзаемадзеяньня зь іншымі краінамі – рыса ўласьцівая толькі народам постсавецкай прасторы, якія страцілі адну ідэнтычнасьць савецкую, але яшчэ толькі набываюць новую? Гаворыць Валер Фёдараў".

(Фёдараў: ) "Я б не сказаў, што гэта асаблівасьць тых, хто жыве на абшарах былога СССР. Не, гэта даволі распаўсюджаная тэндэнцыя, калі людзі хочуць атрымаць усе плюсы, пазьбегнуўшы ўсіх мінусаў. Гэта можна назіраць, скажам, у стаўленьні людзей да глябалізацыі. Людзі хочуць атрымліваць інфармацыю, магчымасьць свабодна перасякаць мяжу, шукаць і атрымліваць працу за межамі бацькаўшчыны, але разам з тым людзі выступаюць супраць такіх наступстваў глябалізацыі, як імклівая іміграцыя ў іх ўласную краіну, супраць свабоднага руху капіталу, супраць скупкі замежнымі прадпрымальнікамі прадпрыемстваў на тэрыторыі іх краіны.

Нашая грамадзкая думка сапраўды вельмі супярэчлівая. Гэта бачна і на прыкладзе стаўленьня да аб’яднанага рынку тавараў – так, мы хочам больш выбару, тым больш за кошт тавараў з культурна блізкіх нам краінаў, але мы ня хочам, каб скажам, украінскія тавары канкуравалі з нашымі прадпрыемствамі і тым самым наносілі ўдар па нашай сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасьці".

(Дракахруст: ) "Дарэчы, варта вярнуцца да цікавых дадзеных, якія прывёў спадар Дорахаў – у адказах на пытаньне “Эўразійскага манітора” пра працу ў краінах Адзінай Эканамічнай прасторы полюсы склалі расейцы і беларусы: расейцаў у постсавецкія краіны за апошнія 5 гадоў езьдзіла працаваць 4%, беларусаў – 33%".

(Грыцанаў: ) "Мы бачым адкрытую хлусьню беларускай афіцыйнай прапаганды. Мы бачым, што лічбы аб беспрацоўі ў Беларусі, аб высокім узроўні даходаў у Беларусі – гэта няпраўда. Жыцьцё вельмі цяжкае, беларусы – людзі мабільныя і яны ў пошуках лепшага жыцьця едуць за мяжу. 34% – гэта вельмі высокі паказчык. І гэтая лічба – паказчык таго, наколькі нахабна хлусіць афіцыйная прапаганда Лукашэнкі".

(Дракахруст: ) "Палітыкі ва ўсім сьвеце схільныя маніпуляваць грамадзкай думкай, а ў нашых краёх – асабліва. Але так выглядае, што менавіта на постсавецкай прасторы, прынамсі ў Беларусі, Украіне і Расеі гэтаму спрыяе і самы стан грамадзкай думкі, яе разарванасьць, супярэчлівасьць, тое, што людзі адначасна хочуць супрацьлеглых рэчаў".

(Фёдараў: ) "Вы маеце рацыю, і мы бачым прыклады ў той жа Эўропе, калі напрыклад антыглябалісцкія рухі, вылучаючы антыімігранцкія лёзунгі, атрымліваюць сур''ёзную падтрымку выбаршчыкаў. Яскравы прыклад – апошнія выбары прэзыдэнта Францыі, дзе Жан Мары Ле Пэн выйшаў у другі тур. Магчымасьці маніпуляцыі тут сапраўды шырокія і ўсё залежыць ад таго, ці будуць у нас разумныя палітыкі, якія возьмуць на сябе сьмеласьць патлумачыць грамадзянам, што бясплатных пернікаў не бывае і за выгады інтэграцыі, за выгады глябалізацыі трэба нечым плаціць".

(Дорахаў: ) "Пэрспэктывы для маніпуляцыяў тут сапраўды адчыняюцца велізарныя. Палітыкі могуць нават ня хлусіць, а ціснуць на тыя ці іншыя часткі супярэчлівых уяўленьняў, што існуюць у сьвядомасьці людзей. Скажам, агітуючы за закрыцьцё ўсходняй мяжы, можна казаць пра небясьпеку наплыву крыміналу, мігрантаў, якіх нідзе надта ня любяць – і гэта знойдзе водгук.

Але апанэнты такіх прапановаў могуць нагадваць, што закрытая мяжа будзе азначаць і цяжкасьці пры паездках у Расею, што значнай частцы людзей будзе відавочна не да спадобы. Аднак калі казаць пра нейкую роўнадзейную, то яна пакуль усё ж ў бок Расеі, аднак значная частка людзей робіць гэты выбар зь цяжкім сэрцам, аглядаючыся і на таксама блізкую беларусу Эўропу.

Што тычыцца межаў, то, натуральна, пераважная большасьць беларусаў хацелі б езьдзіць бяз візаў і на Ўсход, і на Захад".

(Дракахруст: ) "Спадар Фёдараў ужо пачаў параўноўваць сытуацыю на постсавецкай прасторы з падзеямі ў Заходняй Эўропе. На ягоную думку ахалоджаньне беларусаў, украінцаў, і асабліва расейцаў да інтэграцыі і правал эўрапейскай Канстытуцыі – зьявы аднатыпныя".

(Фёдараў: ) "Безумоўна, інтэграцыя ў Эўразьвязе прасунулася значна далей, але ня трэба перабольшваць ролю і ўплыў эўрабюракратыі, ролю Брусэлю, наднацыянальных органаў. Палітыка кіраўніцтва Эўразьвязу – гэта па вялікім рахунку ўзгодненая палітыка найбуйнейшых эўрапейскіх краінаў. Тое, што мы бачылі на рэфэрэндумах у Францыі і Галяндыі – гэта выступ ня супраць Брусэлю як такога, а супраць сваіх элітаў, палітычных і эканамічных, якія зрабілі стаўку на глябалізацыю і інтэграцыю, не ўлічыўшы інтарэсы дастаткова шырокіх групаў, якія на сваёй скуры адчуваюць ня столькі плюсы, колькі хібы гэтых рэчаў.

Эўрапейскія палітыкі ў сваіх інтэграцыянісцкіх плянах і дзеяньнях занадта адарваліся ад меркаваньня масаў. У нас гэтага не адбылося, магчыма таму, што нашыя посьпехі ў галіне інтэграцыі пакуль невялікія. Але калі размова пойдзе пра сапраўды сур''ёзныя рэчы, скажам, аб стварэньні зоны свабоднага гандлю, то і эканомікі, і грамадзяне нашых краінаў досыць хутка адчуюць на сябе як плюсы, гэтак і мінусы. Мы зараз хочам папярэдзіць, што трэба ўзгадняць тэмпы і накірункі аб’яднаньня з настроямі людзей, трэба тлумачыць, а навошта нам наагул патрэбна адзіны рынак працы, навошта патрэбны свабодны рух капіталаў, зона свабоднага гандлю. Калі мы гэта не патлумачым, то мы атрымаем сур''ёзныя палітычныя праблемы, я ня буду казаць пра тры іншыя краіны, але ў Расеі мы іх атрымаем дакладна".

(Дракахруст: ) "Аляксандар Грыцанаў ня зусім згодны з расейскім калегам, паводле яго інтэграцыйныя крызісы ў Эўразьвязе і на постсавецкай прасторы – гэта крызісы рознай прыроды".

(Грыцанаў: ) "У Эўразьвязе заможныя ведаюць, што яны заможныя, бедныя, новыя сябры Эўразьвязу ведаюць, што яны бедныя, а таму там бедныя змагаюцца супраць багатых, дакладней, багатыя – супраць бедных, заможныя не жадаюць дзяліцца. У нас сытуацыя іншая – тут кожны баіцца кожнага, і ўсе ведаюць, што яны бедныя. Багатых тут няма і кожны змагаецца з кожным, гэта габсаўская вайна ўсіх супраць усіх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG