Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 44-ы: ці працягвае галадоўку Сяргей Скрабец, дакладнай інфармацыі няма


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ідзе 44-ы дзень з таго часу, як кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, актыўнага апазыцыянэра Сяргея Скрабца затрымалі ў Менску й перавезьлі ў Берасьце. Адразу па затрыманьні ён абвясьціў галадоўку пратэсту. Дакладных зьвестак аб спыненьні галадоўкі няма.

27 чэрвеня бацькі былога парлямэнтара атрымалі ліст ад сына. Пасланьне з-за кратаў гэтым разам цалкам вытрыманае ў аптымістычным тоне: Сяргей пачаў рабіць сабе сокі з бурачкоў, у яго цяпер менш баліць галава, ён стаў лепш спаць...

Аляксандар Скрабец спадзяецца, што ягоны брат сапраўды пачаў ужываць сокі. Разам з тым Скрабец-малодшы дапускае, што гэта робіцца не дзеля таго, каб выйсьці з галадоўкі, а для таго, каб праз кароткі час адмовіцца ад сокаў і перайсьці зноў выключна на ваду, гэткім спосабам максымальна працягнуць сваю акцыю. Што ж тычыцца зьместу ліста, дык Аляксандар Скрабец падазрае, што ягоны брат наўмысна, каб не хваляваць бацькоў, малюе свой стан куды больш бадзёрым, чым ён ёсьць на самой справе.

Адвакат былога дэпутата Міхаіл Хоміч мусіў адмяніць свой сёньняшні візыт у сьледчы ізалятар. Мой званок застаў яго ў ложку:

(Хоміч: ) "Я ляжу дома..."

(Карэспандэнт: ) "Што здарылася?"

(Хоміч: ) "Ціск. Вось так пэрыядычна бывае".

(Карэспандэнт: ) "А што новага ў вашага падабароннага?"

(Хоміч: ) "Я быў у яго ў пятніцу. А сёньня навін няма".

(Карэспандэнт: ) "А сёньня ці вы да Скрабца пойдзеце?"

(Хоміч: ) "Не, не пайду".

Нягледзячы на тое, што дзьве справы Сяргея Скрабца аб''ядналі ў адну, і іх перадалі сьледчаму ў асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Вячаславу Цераховічу, экс-парлямэнтар па-ранейшаму знаходзіцца ў Берасьці.

Адвакат Хоміч нагадвае, што для перавозкі патрэбна аформіць шмат папер, а ў дадзеным выпадку атрымаць яшчэ і дазвол на перамяшчэньне ад лекараў. Крыніцы ў рэспубліканскай пракуратуры сьцьвярджаюць, што ўвесь мінулы тыдзень спадар Цераховіч знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы і таму фізычна ня мог займацца справай Скрабца. А вось Аляксандар Скрабец, які праходзіць у абедзьвюх справах, лічыць, што затрымка магчыма зьвязаная з тым, што сьледчыя ня ведаюць, як ім падступіцца да былога дэпутата:

(Аляксандар Скрабец: ) "Яны на сёньняшні дзень яшчэ думаюць, ці перавозіць яго ў Менск? Я думаю, гэта яшчэ не дакладна. Ня ведаюць, што зь ім рабіць, што яму інкрымінаваць".

***

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу – тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі". Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара горада Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG