Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 41-ы: Сяргей Скрабец не спыняе галадоўкі за кратамі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня 41-ы дзень галадоўкі кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, актыўнага апазыцыянэра Сяргея Скрабца. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, куды яго прывезьлі яшчэ 15 траўня.

24 чэрвеня інфармацыю пра стан здароўя Сяргея Скрабца нечакана пераказаў вядомы адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла. Ён спаслаўся на добра вядомыя яму крыніцы і распавёў пра тое, што робіць апошнім часам у сьледчым ізалятары былы дэпутат:

(Паганяйла: ) “Канечне, ён працягвае галадаваць. Але ён не хацеў бы цяпер афішаваць гэтага, дзеля таго, каб не нанесьці траўмы бацькам. Аднак для таго, каб запрацавала перыстальтыка (а Скрабец вельмі дасьведчаны галадоўнік), ён зрабіў на некалькі дзён перапынак. Сапраўды, каб прымусіць запрацаваць перыстальтыку, ён пачаў ужываць сокі. І ўсё. А потым ён зноў вернецца да галадаваньня з ужываньнем выключна вады, для таго, каб працягнуць гэтую акцыю. Сама ідэя спыніць галадаваньне ім не ўспрымаецца”.

Як сьведчаць лекары, падчас галадаваньня арганізм знаходзіцца ў стане фізіялягічнага адпачынку. Паколькі ежа ў арганізм не паступае, дык спыняецца перыстальтыка кішэчніка.

Фактычна тое ж самае мне распавёў сёньня і адвакат Скрабца Міхаіл Хоміч, які наведаў яго ў камэры сьледчага ізалятару ўвечары 24 чэрвеня:

(Хоміч: ) “Чырвань нейкая. Схуднеў з твару. Вусны чырвоныя, пакусаныя... Зрэшты, я магу сказаць, што ён прытрымліваецца сваёй сыстэмы галадаваньня”.

Сёньня стала вядомым імя новага сьледчага, які пачаў весьці справу Сяргея Скрабца. Ім стаў сьледчы ў асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч. Малодшы брат экс-парлямэнтара Аляксандар гаворыць, што ён ведае гэтага супрацоўніка праваахоўных органаў:

(Скрабец: ) “Ён даўно ўжо займаецца гэтай справай, гады тры”.

(Карэспандэнт: ) “Маецца на ўвазе справа “БелБабаеўскага”?”

(Скрабец: ) “Так, гэтая крымінальная справа застаецца”.

Нагадаю, што ў красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу — тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом “БелБабаеўскі”. Паводле намесьніка генэральнага пракурора Беларусі Мікалая Купрыянава, абедзьве крымінальныя справы цяпер аб’яднаныя ў адну. А берасьцейскі сьледчы Андрэй Ліванаў, паводле ягоных словаў, цяпер будзе займацца выключна той часткай, якая тычыцца другога абвінавачаньня — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG