Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка яшчэ больш ускладніў умовы распаўсюду незалежных газэт


Міхал Стэльмак, Менск Зьмяняюцца падатковыя правілы распаўсюду незалежных выданьняў праз розьнічны гандаль. Гэта прадугледжвае нядаўні ўказ Аляксандра Лукашэнкі “Аб некаторых мерах дзеля ўрэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці”, паводле якога газэты і часопісы выключаюцца зь пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая падлягае спрошчанаму абкладаньню адзіным падаткам.

А.Лукашэнка зацьвердзіў новы пералік відаў дзейнасьці, пры ажыцьцяўленьні якой індывідуальныя прадпрымальнікі ўплачваюць адзіны падатак. Дробныя бізнэсоўцы, што гандлююць друкаванай прадукцыяй, заўважылі, што з гэтага сьпісу выключаныя газэты і часопісы. Менскі прадпрымальнік Аляксандар, які займаецца продажам газэтаў, перакананы, што гэта зроблена адмыслова.

(Аляксандар: ) “Скарыстаўшы гэты ўказ, Лукашэнка пачаў наступ на незалежную прэсу, нават на звычайныя камэрцыйныя выданьні, накшталт “крыжаванак” і “дэтэктываў”, глянцавых часопісаў. Яшчэ раней падрабязныя асартымэнтныя пералікі для прадпрымальнікаў, якія гандлююць друкаванымі выданьнямі, былі ўзгодненыя. А дакладней, прайшлі цэнзуру ў выканкамах, дзе месца для сапраўдных незалежных выданьняў не знайшлося. Цяпер жа ўказ №285 урэгуляваў дзейнасьць гандляроў друкаванымі выданьнямі так, што гандаль газэтамі і часопісамі не трапляе ў сьпіс дзейнасьці, па якой можна плаціць адзіны падатак”.

Адзіны падатак, якім гандляры газэтаў і часопісаў абкладаліся дагэтуль, у цэлым задавальняў гэтую катэгорыю дробных бізнэсоўцаў. Сярэдні памер гэтага падатку, у залежнасьці ад рэгіёну, складаў ад 20 да 30 эўра. Замест гэтага мэханізму падаткаабкладаньня распаўсюднікам газэтаў і часопісаў прапанаваны іншы. Вось што паведаміла мне прадстаўніца Міністэрства падаткаў і збораў, якая не захацела назваць свайго прозьвішча:

(Спадарыня: ) “Газэты і часопісы трапляюць пад падаходны падатак. Плацельшчыкі цяпер будуць плаціць падаходны падатак, мясцовыя падаткі, і іншыя падаткі і зборы, якія ўстаноўленыя заканадаўствам. А з 1 лістапада ўводзяцца касавыя апараты і адрыўныя талёны. У такой рэдакцыі прыняты ўказ. Ня ведаем, чаму так вырашылі”.

У міністэрствах эканомікі і інфармацыі чыноўнікі таксама адмовіліся назваць афіцыйныя прычыны скасаваньня мэханізму адзінага падатку для прадпрымальнікаў, што гандлююць газэтамі і часопісамі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, зьмены ў падаткаабкладаньні гэтых гандляроў у цэлым адпавядаюць цяперашняй палітыцы ўладаў у дачыненьні да недзяржаўных выданьняў і, у прыватнасьці, да іх распаўсюду. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Шмат узьнікае праблемаў. У апошні час гандаль друкаванымі выданьнямі абмяжоўваецца больш і больш. На падставе прынятых новых правілаў дробнага гандлю выканкамы пачалі патрабаваць узгадненьня асартымэнту друкаваных пэрыядычных выданьняў, якія распаўсюджваюцца ад гандляроў. І гэта прывяло да таго, што шматлікія крамы адмовіліся ад распаўсюду гэтых выданьняў. Заставаліся прадпрымальнікі. Мы бачым, што і ў прадпрымальнікаў узьнікаюць вялікія складанасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG