Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца былыя калегі да галадоўкі Сяргея Скрабца?


Алесь Дашчынскі, Менск Вядомыя людзі заклікаюць былога дэпутата Сяргея Скрабца спыніць галадоўку, якую той трымае ў зьняволеньні 40-ы дзень. Наш карэспандэнт апытаў былых калегаў Скрабца па Нацыянальным сходзе. Як яны ставяцца да гэтай акцыі пратэсту?

Старшыня камісіі Савета рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец.

(Чаргінец: ) “Гэта не мэтад – галадоўкі. Трэба вырашаць усё ў законным парадку і адстайваць свае інтарэсы. Прадугледжаны ў нас у законе зварот у суд па зьмяненьні меры пакараньня. А гэта ўсё падобна на тое, што ён і асабліва тыя, хто стаіць за ягонай сьпіной хочуць ну як бы наладзіць дэманстрацыю нават з гэтага чалавечага фактара. Я б параіў яму спыніць галадоўку і ўзяцца за крымінальны і крымінальна-працэсуальны кодэксы , разабрацца ў сваіх правах і адстойваць іх законным шляхам.”

Я нагадаў спадару Чаргінцу, што “тыя, хто стаіць за сьпіной Скрабца” афіцыйна зьвяртаюцца да яго з просьбай спыніць галадоўку. А ці намерваюцца зрабіць тое ж самае ягоныя калегі, хоць і былыя, у цяперашнім Нацыянальным сходзе?

(Чаргінец: ) “Я не думаю, што гэта яшчэ трэба ператвараць у афіцыйную заяву галадоўку аднаго з былых дэпутатаў. Яму можна ў прыватным парадку параіць спыніць галадоўку.”

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава праводзіць сустрэчы ў акрузе са сваімі выбарнікамі і кажа, што ніхто з іх не пытаўся пра галадоўку Скрабца, людзей хвалюе перайменаваньне вуліцаў. Яна таксама не чула, каб гэтая галадоўка некага хвалявала ў парлямэнце.

(Абрамава: ) “Я наогул, ніколі не лічыла, што палітычная галадоўка – гэта эфэктыўнае дзеяньне. Галадоўка – гэта не мэтад барацьбы. Мяне вельмі зьдзіўляюць падставы для прэтэнзій да Скрабца. Я сказала публічна, што мне невядомы такі артыкул, як падрыхтоўка да дачы хабару, і правасудзьдзе з гэтага павінна сыходзіць. Калі людзі заяўляюць галадоўку, тым больш, калі гэта ў другі раз робіцца, дэвальвуецца эфэкт успрыняцьця. Наогул, галадоўкі рабілі эфэкт на тую ці іншую сытуацыю ў сьвеце, калі яны заканчваліся як у ірляндзкіх тэрарыстаў у ангельскіх вязьніцах. Інакш людзі расчароўваюцца і ў галадоўніку і пачынаюць сумнявацца, ці насамрэч ён галадаваў, калі не памёр. Гэта зброя ня тое што слабых, а вельмі слабых.”

Паплечнік Сяргея Скрабца па былой дэпутацкай групе “Рэспубліка” і ягоны сябра Валер Фралоў разам з іншымі перадаў праз жонку зварот да Скрабца, каб той спыніў галадоўку.

(Фралоў: ) “Нам патрэбныя здаровыя байцы, а ён баец высокага ўзроўню, мне без яго вельмі цяжка. Улада толькі парадуецца, калі ён памрэ, вось і ўсе справы. У яго ўжо і так цяжка са здароўем, яго ванітуе, баліць галава і ня сьпіць, як у нейкім дурмане. Я хачу бачыць яго разам і рабіць адну справу, як гэта было раней. На жаль, нашай уладзе напляваць на ўсе гэтыя галадоўкі ”.

Алімпійскі чэмпіён, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч лічыць, што паўплываць галадоўкай на ўладу, каб яна праявіла чалавечнасьць, немагчыма.

(Парфяновіч: ) “Сэнсу няма, таму што людзі нашыя абыякавыя, яны ўжо да ўсяго прывыклі, калі не тычыцца асабіста, то і ўсё. Вось што робіцца. Калі ён памрэ, каму стане лягчэй? Ніякім чынам ніхто не паўплывае – толькі сьмерць. Галадуй ты ці не галадуй, Сяргей, а ўсё адно цябе пасадзяць. Мы яму казалі і прасілі, каб ён зьехаў з нашай краіны, але ён не паслухаўся, кажа, я буду сядзець. Цяжка яму, трэба толькі падтрымаць яго, каб зусім не зламаўся.”

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд мяркуе, што галадоўка яшчэ неяк уплывала на ўладу гадоў пяць таму. Ён згадаў, як улады сілай спынілі галадоўку Віктара Ганчара ў сьледчым ізалятары.

(Навасяд: ) “Працяг гэтай галадоўкі не мае ніякага сэнсу, акрамя таго, што нейкім чынам здароўе пахісьнецца ў самога Скрабца. Таму нейкім чынам трэба выходзіць з гэтай галадоўкі і рыхтаваць сябе ў будучае Беларусі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG