Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40-ы дзень: Паступае супярэчлівая інфармацыя наконт спыненьня галадоўкі Сяргея Скрабца


Уладзімер Глод, Менск Сёньня саракавы дзень галадоўкі Сяргея Скрабца, дакладнай інфармацыі пра яе спыненьне пакуль няма. Кіраўнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалай Сухадольскі сьцьвяржае, што Сяргей Скрабец ужо п’е сокі. Адвакат былога дэпутата Міхаіл Хоміч настойвае на тым, што ягоны кліент галадуе, а малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар ня ведае, каму зь іх верыць.

На саракавы дзень галадоўкі былога кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў Сяргея Скрабца пра стан ягонага здароўя пагадзіўся распавесьці начальнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалай Сухадольскі:

(Сухадольскі: ) “Ужо пачынаючы зь нядзелі, ён робіць сабе сок і п’е. Яму перадаюць гародніну, і ён робіць сабе сок. Ужо пачынае кашу есьці. Цяпер стан ягонага здароўя нармальны”.

Адвакат Скрабца Міхаіл Хоміч адрэгаваў на гэта так:

(Хоміч: ) “Кашу варыць?! Ха-ха-ха”.

Адвакат былога дэпутата амаль штодня бачыць свайго падабароннага, і гаворыць, што той з пачатку галадаваньня схуднеў на 25 кіляграмаў. Паводле спадара Хоміча, Сяргей Скрабец па-ранейшаму галадуе.

Малодшы брат экс-парлямэнтара Аляксандар Скрабец гаворыць, што ад Сяргея прыйшоў ліст, у якім той паведамляе, што ён ужо выпіў шклянку соку з морквы, пасьля чаго яму быццам нават стала лягчэй. Малодшы Скрабец у разгубленасьці, каму верыць — спадару Сухадольскаму, адвакату ці брату. Аляксандар гаворыць, што родным, асабліва бацькам, вельмі хацелася б спадзявацца, што начальнік ізалятару гаворыць праўду.

(Скрабец: ) “Думаю, што ён ня маніць. Штодня там робяць агляды ўсіх камэраў. Але ж... Вось Сяргей, ён можа напісаць і падмануць, каб усіх нас супакоіць”.

Сучасная гісторыя галадаваньня палітычных вязьняў Беларусі ведае некалькі прыкладаў, калі іх спрабавалі карміць прымусова, у прыватнасьці, так было зь Віктарам Ганчаром, Славамірам Адамовічам. На маё пытаньне, як гэта робіцца, і хто дае адпаведны загад, начальнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару не адказаў, спаслаўшыся на тое, што такіх аналягаў у ягонай практыцы ніколі не было.

Патлумачыў сытуацыю вядомы адвакат Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Галаданьне — гэта асабістая справа любага грамадзяніна, які выбраў менавіта такую форму пратэсту. І сілай прымусіць яго харчавацца, прыкладам, праз зонд, з боку адміністрацыі не дазваляецца. Аднак калі стан чалавека наблізіўся да сьмяротнага, дык яго дастаўляюць у адмысловую лекавую ўстанову, дзе могуць правесьці адпаведныя працэдуры, каб вывесьці яго са стану, якое можа прывесьці да летальнага выніку. Аднак нават пасьля гэтых працэдураў, права, што рабіць далей, галадаваць ці не, застаецца за чалавекам, грамадзянінам”.

Адвакат Міхаіл Хоміч паведаміў мне, што 23 чэрвеня ён моцна заняты ў іншым судовым працэсе. Таму ён пойдзе да былога дэпутата ў пятніцу, 24 чэрвеня, і паспрабуе атрымаць дакладныя адказы на ўсе аспэкты галадаваньня свайго падабароннага.

Тым часам Беларускі Хэльсынскі камітэт, у склад назіральнай рады якога ўваходзіць Сяргей Скрабец, спрабаваў дамагчыся сустрэчы зь вязьнем. Аднак яе не адбылося, паведамляе выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак:

(Гулак: ) “Мы паслалі ліст з просьбаю, каб нас пусьцілі да Сяргея Скрабца. Учора мы атрымалі ад берасьцейскага сьледчага Ліванава ліст, у якім паведамляецца, што цяпер справу Скрабца вядзе рэспубліканская пракуратура, і таму з гэтымі пытаньнямі цяпер трэба зьвяртацца туды”.

Сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу. Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі за цяжкія злачынствы. У гэтай вёсцы жывуць родныя жонкі Сяргея Скрабца.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG