Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захар Шыбека: “Праз вуліцы людзі дойдуць да больш істотных праблемаў у захаваньні гісторыі свайго гораду”


Сяргей Абламейка, Прага Вядомы беларускі гісторык, прафэсар Захар Шыбека, аўтар "Гісторыі Менску" -- у ліку тых нямногіх людзей, хто ўздымае свой голас на абарону рэшткаў старога Менску, якія сёньня апынуліся пад пагрозай зьнішчэньня.

(Абламейка: ) “Як бы Вы пракамэнтавалі сытуацыю, калі ў Менску грамадзкасьць пратэстуе, у тым ліку з дапамогай вулічных акцый, супраць перайменаваньня некалькіх вуліц, і ў гэты ж час тыя ж людзі маўчаць, калі зьнішчаюцца апошнія гістарычныя будынкі ў цэнтры сталіцы? Справа ў няведаньні, у недаацэнцы ці ў нечым іншым?”

(Шыбека: ) "Сапраўды, у гэтым ёсьць пэўны парадокс. Мяне, канечне, больш турбуе праблема захаваньня Старога гораду. Але парадокс і ў тым, што цяпер улады ня бураць, але аднаўляюць, а мы ўсё роўна пратэстуем. Здаецца, якая лёгіка? Але сутнасьць тут у тым, што, аднаўляючы, яны парушаюць аўтэнтыку старой забудовы і тыя мадэлі, які аднаўляюць. Па-другое, забудоўваецца гістарычная тэрыторыя. Ёсьць тэрыторыі ў Менску, якія падлягаюць гэткай жа гістарычнай ахове, як і помнікі даўніны. Але ўрэшце я думаю, што гэта добра, што людзей хвалююць праблемы нашага гораду, нашай сталіцы. Няхай сабе назвы вуліц, але праз вуліцы людзі, відаць, дойдуць і да больш істотных праблемаў у захаваньні гісторыі свайго гораду. Я думаю, што ўздым увагі да нашай сталіцы апошнім часам можа паяднаць людзей, кансалідаваць нацыю. Ва ўсялякім разе, так бы хацелася. Бо ў жыцьці ёсьць рэчы, якія знаходзяцца па-за палітыкай, якія ёсьць сымбалем адзінства нацыі. Гэта герб, сьцяг, гімн, якія, на жаль, нас пакуль што не яднаюць, а таксама сталіца. Не хацелася б, каб і сталіца стала аб''ектам, які нас разьяднае. Хочацца, каб яна наадварот паядноўвала нас. Гістарычна складаецца так, што ўсё пачынаецца са сталіцы”.

(Абламейка: ) “Вы, Захар Васільевіч, у некалькіх інтэрвію выказалі думку, што Менск можа зьдзівіць замежнікаў і прыцягнуць турыстаў, калі адновіць свой, драўляна-земляны замак. Сёньня на месцы замчышча стаіць будынак колішняга спарткомплексу "Працоўныя рэзэрвы". Вы лічыце, што гэта ў прынцыпе магчыма -- зьнесьці нешта і аднавіць на гэтым месцы старое, у гэтым выпадку Менскі замак?”

(Шыбека: ) "Ёсьць у мяне такая "блакітная мара," і думаю, што тэхнічна гэта магчыма. Гэта, натуральна, грандыёзны праект, які магчыма ажыцьцявіць якраз намаганьнямі ўсёй нацыі. Гэта менавіта тое, што вартае нашага народу для таго паяднаньня, пра якое я казаў. Замчышча -- гэта сымбаль нашай даўніны, сымбаль нашай еднасьці славянскай. Нідзе яшчэ няма таго комплексу драўляна-земляной архітэктуры ад пачатку нашай дзяржаўнасьці. Я думаю, што аднаўленьне яго ня выкліча нейкіх спрэчак, як перайменаваньне вуліц. Запатрабуецца агульнасьць намаганьняў. Гэтую справу можна абвясьціць народнай будоўляй, мабілізаваць на яе моладзь. У нас ёсьць ужо прыклад аднаўленьня Траецкага прадмесьця. Моладзі таксама трэба даваць нейкія стымулы для добрых справаў, а ня толькі каб яны расьпівалі піва на вуліцы. Вялікія прэтэнзіі ў гэтай справе я маю да нашых бізнэсоўцаў. Здавалася б, гэта людзі, якія павінны думаць пра грамадзтва. пакуль што яны думаюць толькі пра свае інтарэсы і засвойваюць толькі ў сваіх інтарэсах гістарычную прастору нашага Менску. Але я думаю, што і іх трэба ўцягваць у гэты працэс агульнанацыянальны працэс, неяк пераконваць, адукоўваць, калі ім не хапае досьведу і ведаў пра гісторыю сваёй сталіцы. Праблема ў значнай ступені палягае ў тым, што людзі ня ведаюць гісторыі. Таму, магчыма, трэба пачынаць з больш асьветнай працы па пашырэньні ведаў з гісторыі Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG