Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе прыватным прадпрымальнікам лягчэй працаваць па новым прэзыдэнцкім указе?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік кіраўніка Віцебскай абласной філіі аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Барыс Элькін зь Віцебску і юрыст Сяргей Балыкін зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Ужо колькі дзён Беларускае тэлебачаньне распавядае пра тое, які важны ўказ выдаў Лукашэнка і як задаволеныя ім прадпрымальнікі. У пэўным сэнсе ў гэтым дакумэнце сапраўды зроблены крок насустрач прыватным прадпрымальнікам. Адным з галоўных іхных патрабаваньняў падчас страйку ў лютым-сакавіку гэтага году была адмена падатку на даданую вартасьць. Але Лукашэнка падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі 10 сакавіка цьвёрда заявіў, што гэты падатак плаціць давядзецца. І ягоны ўказ ад 24 сакавіка 2005 году таксама прадугледжваў уплату падатку на даданую вартасьць.

Але ў новым указе №285 “Аб некаторых мерах дзеля рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці” ад 18 чэрвеня фактычна даецца магчымасьць замест гэтага падатку плаціць павышаную стаўку адзінага падатку. Ці можна гэта разглядаць як крок улады насустрач прадпрымальнікам?”

(Барыс Элькін: ) “Ва ўладаў адна мэта. Ёй страшна патрабуюцца грошы і хуткія грошы, якія трэба недзе ўзяць. Я б ня стаў казаць, што гэта ёсьць крокам насустрач прадпрымальнікам. У гэтым указе няма захадаў дзеля паляпшэньня становішча прадпрымальнікаў”.

(Карбалевіч: ) “Хачу ўдакладніць, што для прадпрымальніка лепш: плаціць павышаны адзіны падатак альбо падатак на даданую вартасьць?”

(Элькін: ) “Па вялікім рахунку, розьніцы няма. Альбо заплаціць падатак на даданую вартасьць зь вялікаю колькасьцю папераў і разарыцца, альбо заплаціць вялікі адзіны падатак і разарыцца. Фінал у п’есы адзін”.

(Сяргей Балыкін: ) “Паводле новага ўказу плаціць давядзецца больш прыкладна ў тры разы. Падатак на даданую вартасьць можна замяніць адным падаткам у цьвёрдых сумах, які вызначаецца па формуле: адзіная стаўка падатку памножаная на тры. Прадпрымальнікам давядзецца падняць цэны на свае тавары. Шмат хто зь іх пакіне бізнэс. Але ўсё ж плаціць адзіны падатак у цьвёрдай суме лепш, чым вылічваць самому падатак на даданую вартасьць, альбо, што яшчэ горш, калі яго вызначаць нейкія кантрольныя органы”.

(Карбалевіч: ) “Указ прадугледжвае новыя абмежаваньні ў дзейнасьці прыватных прадпрымальнікаў. Так ім забараняецца мець больш за чатыры гандлёвыя і іншыя аб’екты, уключна з транспартнымі сродкамі. Таксама вызначаецца выкарыстаньне касавых апаратаў. Як гэта можна пракамэнтаваць?”

(Элькін: ) “У выніку ўказу прадпрымальнікам стала горш. Дзяржава ўсімі сродкамі абмяжоўвае прыватную ініцыятыву, умешваецца ў эканамічныя працэсы, якія самарэгулявальныя. Як я разумею, пастаўленая мэта зьнішчыць прыватную ініцыятыву. І пад гэты плян зьявіўся такі ўказ. Адзін прыклад з прыватнымі крамамі. Яны плацяць 78% падаткаў, а дазволеная нацэнка — 30%. І аддзел цэнаў аблвыканкаму можа зачыніць усе прыватныя крамы, пазбавіць ліцэнзіі за два тыдні, таму што яны ўсе вымушаныя парушаць правілы цэнаўтварэньня.

Што тычыцца абмежаваньня ў валоданьні чатырма аб’ектамі. Гэта працяг абмежаваньняў, прадугледжаных прэзыдэнцкім дэкрэтам №4. Раней прыватны прадпрымальнік мог трохі “выкручвацца”. Цяпер гэта не атрымаецца. Дасюль моцнага кантролю ў абмежаваньні мець ня больш за трох наёмных супрацоўнікаў не было, то цяпер ён зьявіцца. І калі ўбачаць парушэньні ў колькасьці супрацоўнікаў ці аб’ектаў, то прадпрымальніка пазбавяць ліцэнзіі”.

(Балыкін: ) “Гэтыя абмежаваньні ў чатыры аб’екты я лічу самым небясьпечным у гэтым указе. Дадзены ўказ замяніў дэкрэт №4, які страціў сваю сілу. Новыя абмежаваньні пашырыліся і сталі больш жорсткімі. Невядома, як будзе рэалізавана гэтае абмежаваньне на чатыры аб’екты на практыцы. Не выключаю такой трактоўкі гэтага палажэньня, што прадпрымальнік можа мець альбо чатыры шапікі, альбо тры шапікі і склад, альбо адзін шапік, два аўтамабілі і адзін склад.

Указ перакрывае магчымасьць абыходу абмежаваньняў, прадугледжаныя дэкрэтам №4. Вядомы прыклад прадпрымальніка з Ваўкавыску Аўтуховіча, які абышоў патрабаваньні гэтага дэкрэту. Валодаючы таксоўкамі, ён заключыў дамову зь юрыдычнай асобай, у выглядзе якой апынулася ягоная жонка, на аказаньне паслугаў у кіраваньні таксі. Гэтая юрыдычная асоба прыняла на працу кіроўцаў таксі. І такім чынам Аўтуховіч парушыў абмежаваньні па колькасьці супрацоўнікаў. Цяпер новы ўказ забараняе выкарыстоўваць юрыдычныя асобы для аказаньня такіх паслугаў.

Таксама небясьпечным зьяўляецца тое, што ўказ уводзіць новыя жорсткія штрафы. Уводзіцца абавязковае запаўненьне кнігі ўліку тавараў. І любыя недакладнасьці ва ўліку караюцца штрафам да 50 базавых адзінак. Калі прадпрымальнік ня мае на працоўным месцы копіі дакумэнту аб уплаце адзінага падатку, то можа быць аштрафаваны на пяць базавых адзінак. І такіх прыкладаў шмат. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлада імкнецца закруціць гайкі, паставіць прадпрымальнікаў у больш жорсткія ўмовы. Разуменьне эканамічных праблемаў кіраўніцтвам дзяржавы, Лукашэнкам такое, што прадпрымальнікі павінны быць уключаныя ў нейкі дзяржаўны мэханізм, зьяўляцца “шрубам”. І, паводле такіх уяўленьняў, дзяржава павінна кіраваць прадпрымальнікамі адміністрацыйнымі мэтадамі. І гэты ўказ цалкам адпавядае такой дзяржаўнай палітыцы”.

(Карбалевіч: ) “Ужо два дні ў Менску адбываецца нарады прадпрымальнікаў, якая аналізуе зьмест гэтага ўказу. Якая рэакцыя прадпрымальнікаў на гэты дакумэнт? Якія асноўныя прэтэнзіі да яго, прапановы?”

(Элькін: ) “Мы прапануем альтэрнатыву яшчэ з сакавіка. Яе сутнасьць палягае ў арганізацыі па расейскім варыянце — спрошчаная сыстэма мытнага афармленьня і транспартыроўкі грузаў з краінаў (Турэччына, Кітай), дзе тавар купляецца. Але ўлады нашых прапановаў не падтрымалі. Гэты ўказ выклікаў моцную нэгатыўную рэакцыі прадпрымальнікаў. Таму што галоўны яго сэнс — штрафы і забароны. Учора ў Менску пачала працу нарада старшыняў саветаў рынкаў (гэта новыя органы, створаныя паводле папярэдняга ўказу Лукашэнкі), прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, прафсаюзаў прадпрымальнікаў. Абмяркоўваецца гэты ўказ. І стаўленьне да ўказу адмоўнае. Таму што немагчыма будзе працаваць, прадпрымальнікі страцяць усё. Распрацоўваецца дакумэнт, які будзе надрукаваны, дасланы ў органы ўлады. Ёсьць надзея, што яшчэ нешта можна зьмяніць да 1 жніўня, зь якога ўказ уступае ў сілу.

Трэба мець на ўвазе такую акалічнасьць. Калі ў Менску прадпрымальнікі яшчэ змогуць выжыць, то, напрыклад, у Віцебску альбо ў малых гарадах (Лёзна, Гарадок і іншых) сытуацыя горшая. Там у насельніцтва мала грошай, а значыць, ня могуць зарабляць і прадпрымальнікі”.

(Карбалевіч: ) “То бок, наколькі я зразумеў, рэакцыя прадпрымальнікаў на гэты ўказ зусім не такая, якую нам паказваюць кожны дзень па беларускай тэлевізіі”.

(Элькін: ) “Дарэчы, учора група тэлежурналістаў з тэлеканалу ОНТ прыехала на нашую прадпрымальніцкую нараду. Яны, нібыта, бралі інтэрвію ў трох прадпрымальнікаў зь невялікіх гарадоў. Я стаяў побач і бачыў, што падчас гэтага інтэрвію быў адключаны мікрафон. Я разумею, здымалі малюнак, каб потым уставіць свае камэнтары”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, зьмест прэзыдэнцкага ўказу сьведчыць пра тое, што нэгатыўнае стаўленьне ўладаў да прадпрымальніцтва не зьмянілася. А гэта азначае, што існуе глеба для новых канфліктаў паміж імі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG