Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 чэрвеня на беларускія землі ўвайшлі войскі фашыстоўскай Нямеччыны


RFE/RL 22 чэрвеня на беларускія землі ўвайшлі войскі фашыстоўскай Нямеччыны

22 чэрвеня 1941 году на досьвітку на беларускія землі ўвайшлі войскі фашыстоўскай Нямеччыны. Не сустрэўшы сур’ёзнага супраціву з боку савецкае арміі, яны акупавалі краіну за чатыры дні. Такім чынам для Беларусі пачалася другая сусьветная вайна, што жорстка зьменіць аблічча краю і народу.

22 чэрвеня 1950 году ў Маладэчне адбыўся суд над чальцамі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага антысталінскага падпольля. Бальшыня атрымала тэрмін зьняволеньня 25 гадоў, невінаватыя – па 10 гадоў за «недоносительство». Кіраўнік групоўкі, 22-гадовы Расьціслаў Лапіцкі, быў прысуджаны да расстрэлу.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 22 чэрвеня, згадаем сёньня нямецкага пісьменьніка Эрыха Марыя Рэмарка, аўтара раманаў “На Заходнім фронце бязь зьменаў”, “Тры таварышы”, “Трыюмфальная арка”. Клясыка беларускае літаратуры Максіма Гарэцкага часта параўноўваюць з Рэмаркам, асабліва ягоную аповесьць “На імпэрыялістычнай вайне”. Хоць дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што Гарэцкі і нарадзіўся нашмат раней і аповесьць сваю напісаў раней. Таму было б больш слушна Рэмарка называць нямецкім Гарэцкім. Дарэчы, Рэмаркаў раман “Тры таварышы” па-беларуску ёсьць у інтэрнэце, на Беларускай палічцы (адрас www.knihi.com). А прыйшоў на сьвет Рэмарк у 1898 годзе.

Таксама сёньня сьвяткуе народзіны слынная амэрыканская акторка Мэрыл Стрып, якая мае за свае ролі ажно дзесяць Оскараў. Згадайце фільмы “Паляўнічы на аленяў”, “Крамэр супраць Крамэра”, “Жанчына францускага лейтэнанта” ды мноства іншых. У рэальным жыцьці Мэрыл Стрып – жонка скульптара і маці чатырох дзяцей. “Я пачуваюся стомленай заўсёды” – такі яе жыцьцёвы афарызм.

22 чэрвеня ў розныя гады Галілеа Галілей адмовіўся ад сваіх астранамічных поглядаў на тое, што зямля круціцца вакол сонца, а не наадварот, а Ўладзімер Ульянаў скончыў Сымбірскую гімназію з залатым мэдалём. Дзьве падзеі вартыя параўнаньня. Фіяска напрыканцы стваральнага жыцьця і трыюмф напачатку разбуральнага жыцьцёвага шляху.

22 чэрвеня 2003 году ня стала народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.
XS
SM
MD
LG