Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмысловы параграф па Беларусі МАП пакінула бязь зьменаў


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства працы даюць станоўчую ацэнку вынікам працы 93-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Падставай для гэтага сталася абраньне Беларусі Тытулярным сябрам адміністрацыйнай рады МАП. Аднак міжнародныя экспэрты заяўляюць, што гэта ня ёсьць фактам міжнароднага прызнаньня Беларусі. Пра гэта ж паведамляе расейская газэта “Салідарнасьць”. Акрамя таго, Міжнародная арганізацыя працы пакінула бязь зьменаў адмысловы параграф па Беларусі.

Цягам двух дзён сэсія Міжнароднай арганізацыі працы разглядала пытаньне парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху ўладамі Беларусі. У прыватнасьці, міжнародныя экспэрты прызналі факт умяшальніцтва ўладаў краіны ў дзейнасьць прафсаюзаў у 12 параграфах. Паводле рэкамэндацыяў адмысловай камісіі, гэткае становішча мусіла быць выпраўлена да 1 чэрвеня гэтага году. Аднак у выніку справаздачы намесьніцы міністра працы Алены Колас, сэсія МАП пакінула адмысловы параграф па Беларусі бязь зьменаў. Адначасна Беларусь была абраная Тытулярным сябрам адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі. Вось як гэта становішча камэнтуюць у Міністэрстве працы. Гаворыць прэсавая сакратарка Галіна Трафіменка.

(Трафіменка: ) “Натуральна, што станоўча, бо дынаміка станоўчая ў цэлым. Ужо той факт, што нас прынялі ў сябры Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы сьведчыць пра гэта. Хоць ні намесьнік міністра, ні прафсаюзы, якія ўдзельнічалі ў сэсіі не хавалі, што там вялася закулісная гульня. Што некаторыя краіны й свабодныя прафсаюзы былі супраць гэтага прыняцьця. Тым ня менш, Беларусь прынялі. І ў прынцыпе рашэньне камісіі вельмі карэктнае і мы зь ім пагадзіліся. І тую праграму, якую наш урад прапанаваў, каб выканаць усе гэтыя рэкамэндацыі, на сэсіі МАП адобрылі. Адобрылі й сказалі, што мы нават гатовыя вам прапанаваць тэхнічную дапамогу, каб вы да наступнага году, да наступнай сэсіі ўсё гэта зрэалізавалі”.

Гаварыла прэсавая сакратарка Галіна Трафіменка. Прыкладна гэткага ж меркаваньня трымаюцца таксама і ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Аднак высновы беларускіх чыноўнікаў моцна розьняцца з ацэнкай вынікаў працы сэсіі МАП з боку міжнародных экспэртаў. Да прыкладу, прадстаўнік Міжнароднага кангрэсу незалежных прафсаюзаў у краінах усходняй Эўропы Вадзім Барысаў пра абраньне Беларусі сябрам Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў наступным чынам:

(Барысаў: ) “Выбары Беларусі ў сябры Адміністрацыйнай рады – гэта выключна тэхнічнае пытаньне. Гэта значыць, што існуе пэўная ратацыя, перавыбары й ніякага міжнароднага прызнаньня гэта не азначае. Што тычыцца прымяненьня спэцпараграфу адносна Беларусі, то гэта, якраз, палітычнае рашэньне й гэта азначае, што Беларусь не выконвае сваіх міжнародных абавязкаў. Акрамя таго, парушае Канстытуцыю й унутранае заканадаўства краіны”.

Паводле спадара Барысава, нэгатыўную ацэнку большасьці удзельнікаў сэсіі атрымала таксама справаздача пра выкананьне рэкамэндацыяў МАП, якую зрабіла намесьніца міністра працы Алена Колас. Яе адобрылі прадстаўнікі ўрадаў трох краінаў сярод якіх Куба, Кітай і М''янма.

(Барысаў: ) “Многія расцэньваюць гэта, як сымуляцыю дзейнасьці й ня больш за тое. Да 1 чэрвеня ўсе рэкамэндацыі мусілі быць выкананыя. Замест гэтага нам прапаноўваюць плян дзеяньняў накшталт правядзеньня сэмінараў, якія мусіць аплаціць Міжнародная арганізацыя працы. Ці бяз гэтага ўрад ня змог аднавіць на працы звольненых людзей ці аднавіць прафсаюзы, як гэта рэкамэндавала камісія? Рэкамэндацыі МАП і ёсьць тэхнічнай дапамогай і больш яна не патрэбная. А калі ўрад краіны просіць яшчэ, то гэтым расьпісваецца ў сваёй поўнай некампэтэнтнасьці, альбо ў тым, што не жадае выконваць гэтыя рэкамэндацыі”.

Паводле спадара Барысава, Міжнародны кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў намерваецца працягнуць ціск на ўлады Беларусі з патрабаваньне захоўваць правы чалавека працы, чаго й патрабуюць падпісаныя кіраўніцтвам краіны міжнародныя пагадненьні. З адпаведнай экспэртызай у верасьні Беларусь наведае група прадстаўнікоў Міжнароднага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

***

Нагадаем, што Міжнародная арганізацыя працы ёсьць структурным падразьдзяленьнем Арганізацыі аб''яднаных нацыяў. Сябрамі МАП зьяўляюцца 178 краінаў сьвету, у тым ліку і Беларусь. У мінулым годзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы прыняла рашэньне прымяніць у дачыненьні Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з самых жорсткіх і надзвычайных мераў пакараньня, прадугледжаных статутам арганізацыі. У Беларусь была накіраваная камісія ў справе дасьледаваньня становішча з правамі прафсаюзаў. Камісія прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле 12 параграфаў. Да 1 чэрвеня 2005 года яны мусілі быць выкананымі. Паводле разгляду вынікаў працы беларускага ўраду ў гэтым накірунку, 93-я сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пакінула адмысловы параграф па Беларусі бязь зьменаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG