Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народную волю” не акрэдытавалі на прэс-канфэрэнцыю генпракурора


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнага друку за 22 чэрвеня.

“Народная воля” у сёньняшнім нумары інфармуе сваіх чытачоў пра парушэньне правоў журналістаў гэтага выданьня. Супрацоўніка газэты адмовіліся акрэдытаваць на прэс-канфэрэнцыю генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча, якая заплянавана на 23 чэрвеня. Афіцыйная прычына адмовы – адсутнасьць для карэспандэнта “Народнай волі” месца ў залі, дзе спадар Міклашэвіч будзе сустракацца з прадстаўнікамі мэдыяў. Газэта выказвае сумнеў наконт такой вэрсіі і зазначае, што прэс-канфэрэнцыя – гэта адкрытае мерапрыемства. Паводле “Народнай волі”, з трох апошніх генпракурораў толькі Алег Бажэлка пэрыядычна ладзіў сустрэчы з журналістамі. Што тычыцца Віктара Шэймана, які цяпер узначальвае прэзыдэнцкую Адміністрацыю, то ён не правёў ніводнай прэсавай канфэрэнцыі, нягледзячы на тое, што пытаньняў да яго ў журналістаў было процьма.

Бабруйская газэта “Камэрцыйны кур’ер” паведамляе пра акцыю пратэсту жыхаркі Бабруйску Любові Санкевіч, якая праходзіць у Менску. Сталічны гарвыканкам даў ёй дазвол на правядзеньне да 4 ліпеня пікетаваньня ў парку ля плошчы Бангалёр. Выданьне нагадвае, што спадарыня Санкевіч да 2001 году 12 гадоў адпрацавала старшым бухгальтарам на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, пасьля чаго яе панізілі ў пасадзе. Кіраўніцтва заводу лічыць такое рашэньне абгрунтаваным, былая работніца – не. За гэты час бабруйчанка прайшла ўсе судовыя інстанцыі, у тым ліку Вярхоўны суд. І ўсе яны прымалі рашэньні, якія апраўдваюць дзеяньні заводзкай адміністрацыі. “Камэрцыйны кур’ер” таксама нагадвае, што менская акцыя спадарыні Санкевіч – -ня першая ў яе жыцьці. У жніўні 2001 году і ў кастрычніку 2003 – яна ўжо абвяшчала галадоўкі пратэсту. Мэта цяперашняй акцыі бабруйчанкі – ранейшая. Спадарыня Санкевіч і цяпер мае намер дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб яму асабіста распавесьці пра сваю бяду.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” адну з публікацыяў сёньняшняга нумару прысьвячае падлеткам. Паводле газэты, сярод беларускіх падлеткаў ёсьць такія групоўкі, як рэйвэры, скінгэды, “залатая моладзь”, інтэрнэт-залежныя ды іншыя. Прынамсі, рэйвэры, як вынікае з дасьледаваньня “Камсамолкі”, ужо вырасьлі. А вось яшчэ пяць гадоў таму гэтых юных асобаў з пафарбаванымі ў розныя колеры валасамі, з завушніцамі, напрыклад, на вуснах можна было бачыць у некаторых кропках, дзе яны тусаваліся. Цяпер, паводле газэты, колішнія рэйвэры толькі зрэдку наведваюць старыя месцы, напрыклад, плошчу Якуба Коласа ў Менску. Іх пасьлядоўнікі сталі “моднікамі” ды “залатой моладзьдзю”. Прадстаўнікі гэтых груповак вызначаюцца дарагім адзеньнем. У сёньняшнім Менску, як піша “Камсамолка”, іх можна сустрэць на Кастрычніцкай плошчы, у клюбах “Макс-шоу”, “Бліндаж”, “Ікс-рэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG