Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовая вэртыкаль прапанавала на пасаду старшыні сельсавету кандыдатуру раней асуджанага за забойства чалавека


Ягор Маёрчык, Уваравічы Прыкладна месяц таму старшыня Уваравіцкага пасялковага савету Буда-Кашалёўскага раёну падаў заяву аб сыходзе са сваёй пасады ў сувязі з новым працаўладкаваньнем. Усьлед за гэтым жыхары мястэчка арганізавалі ініцыятыўную групу, якая пачала збор подпісаў за тое, каб вакантнае месца заняў тамтэйшы дэпутат, сябра Аб''яднанай грамадзянскай партыі Ігар Кекелеў. Аднак вэртыкаль робіць стаўку на іншага кандыдата. З кожным днём канфлікт набірае моц.

Звычайна на паседжаньні, дзе выбіраецца старшыня пасялковага савету, прысутнічае кіраўніцтва райвыканкаму, і яно прапануе сваю кандыдатуру. Можна, вядома, вылучыць і альтэрнатыву, але шмат залежыць ад таго, на каго паставіць вэртыкаль. Раённаt начальства робіць стаўку на Мікалая Якаўцова. Гэта былы міліцыянт, некалі ён быў асуджаны за забойства аднавяскоўца. Ён адбыў пакараньне і цяпер працуе брыгадзірам трактарыстаў у адным з прадпрыемстваў мястэчка. Зь ім зьвязаны яшчэ адзін факт: дзявочае прозьвішча ягонай жонкі – Праляскоўская.

Другім кандыдатам ёсьць той самы Ігар Кекелеў. Я цяпер трымаю у руках копію ліста, які мясцовыя жыхары дасылаюць у райвыканкам. Тут пералічваюцца вынікі дэпутацтва спадара Кекелева. У прыватнасьці, ён дамогся рамонту цеплатрасы і бурэньня новай сьвідравіны, пасьля чаго якасьць вады ў мястэчку значна палепшылася.

Людзі абураныя фактам, што раённая ўлада хоча паставіць на пасаду чалавека, які зьдзейсьніў забойства. Ігар Кекелеў ня раз зьвяртаўся да чыноўнікаў райвыканкаму з пытаньнямі, чаму ўлады прасоўваюць менавіта Мікалая Якаўцова і ці ня мае ён дачыненьня да намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, які мае прозьвішча Праляскоўскі. Афіцыйныя асобы адмаўляюцца размаўляць на гэтую тэму.

Сам Ігар Кекелеў ня робіць прагнозаў адносна будучых выбараў. Калі рпаённая ўлады прыслухаецца да жыхароў Уваравічаў, то ёсьць верагоднасьць, што ён зойме гэтую пасаду.

Самі выбары павінны адбыцца да пачатку ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG