Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранская апазыцыя заяўляе пра фальсыфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах


Кастусь Бандарук, Прага Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Ірану Ханджані заявіў, што існуе пагроза фальсыфікацыі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў. Раней, з дазволу Рады вартавых Ісламскай рэвалюцыі адбыўся паўторны падлік бюлетэняў са 100 выбарчых скрыняў ў Тэгеране, Коме, Ісфагане і Машадзе. У другі тур выйшлі былы прэзыдэнт Акбар Гашэмі Рафсанджані і былы мэр Тэгерану Махмуд Ахмадынэджад, аднак іншыя кандыдаты скардзяцца, што выбары былі сфальшаваныя.

"Хочучы застацца пры ўладзе некаторыя людзі гатовыя зрабіць што заўгодна, каб зьмяніць ход выбараў" – сказаў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Жанджані. На ягоную думку ў часе першага туру выбараў 17 чэрвеня “некаторыя асобы з установаў, якія пакліканыя ахоўваюць людзей і правапарадак, кіруючыя прагай ўлады спрабавалі кіраваць і маніпуляваць галасаваньнем”. Ён дадаў, што ў другім туры фальсыфікацыяў можа быць яшчэ болей, але міністэрства зробіць усё магчымае, каб да гэтага не дапусьціць.

Памяркоўны клірык і былы прэзыдэнт набраў 21% галасоў, але неспадзявана ў другі тур з 19% галасоў выйшаў кансэрватар, былы мэр іранскай сталіцы Махмуд Ахмадынэджад. Гэта выклікала абвінавачаньні ў фальсыфікацыі выбараў, бо перадвыбарчыя апытаньні паказвалі, што ў другі тур выйдзе кандыдат рэфарматараў Мустафа Мойн. Аднак ён заняў ўсяго толькі пятае месца. Мойн заклікаў не праводзіць другі тур, пакуль не будуць расьсьледаваныя ўсе парушэньні, якія нібыта адбыліся 17 чэрвеня.

Паводле іншага кандыдата Мэхді Карубі, былы мэр сталіцы заняў другое мейсца толькі таму, што насуперак закону за яго галасавалі вайсковыя арганізацыі, у тым ліку Вартавыя рэвалюцыі. Учора было загадана сьпешна пералічыць галасы са ста выбарчых скрыняў, і Рада вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявіла, што ніякіх парушэньняў не выяўлена, і таму другі тур можа адбыцца як плянавалася, у пятніцу 24 чэрвеня.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Іране зьяўляюцца ўсяго толькі сродкам падтрыманьня пры ўладзе канкрэтнай групы людзей. "Выбарчы працэс у гэтай краіне пярэчыць асноўным умовам дэмакратыі" – заявіў прэзыдэнт ЗША.

Лідэры іранскіх рэфарматараў заклікалі сваіх прыхільнікаў падтрымаць былога прэзыдэнт Рафсанджані. Таксама ў заходніх сталіцах яго лічаць прагматычным, памяркоўным і прадказальным палітыкам, паколькі ён ужо быў прэзыдэнтам цягам двух тэрмінаў. Многія іранцы выказваюць боязь, што ў выпадку перамогі Ахмадынэджада, яны страцяць тыя сацыяльныя і палітычныя свабоды, якія яны атрымалі цягам апошніх гадоў. На думку Мустафы Мойна, былы мэр Тэгерану прадстаўляе “небясьпечныя вайсковыя і антыдэмакратычныя сілы ў краіне”.

Аглядальнікі лічаць, што перамога Рафсанджані, які лічыцца фаварытам – далёка не гарантаваная. Гэта будзе ў значнай ступені залежаць ад выбарчай актыўнасьці. У першым туры галасаваньня ўзялі ўдзел 29 мільёнаў чалавек, 62% ад усіх выбаршчыкаў. Кансэрватары могуць скарыстаць усе свае дзяржаўныя рэсурсы, каб у другім туры мабілізаваць свой дысцыплінаваны электарат, але былому прэзыдэнту будзе спрыяць проста тое, што як мага болей іранцаў прыйдуць на выбарчыя участкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG