Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады праігнаравалі круглы стол пра стан беларускай мовы


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўнікі шэрагу міністэрстваў краіны адмовіліся прыняць удзел у круглым стале пад назваю "Стан мовы тытульнай нацыі ў сьвятле майскага рэфэрэндуму 1995 году”. Такое паведамленьне распаўсюдзіла Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Адначасна становішча беларускай мовы ў краіне працягвае пагаршацца – заяўляе кіраўніцтва ТБМ.

Круглы стол мусіў быць прысьвечаны вынікам разьвіцьця беларускай мовы цягам 10 гадоў пасьля рэфэрэндуму, які замацаваў роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў – беларускай і расейскай.

Плянавалася абмеркаваць гэтае пытаньне з прадстаўнікамі вышэйшых уладных структураў, якія непасрэдна адказваюць за выкананьне закону аб мовах. Для гэтага кіраўнікам шэрагу міністэрстваў і ведамстваў былі накіраваныя адмысловыя запрашэньні. Аднак ніводзін з чыноўнікаў нават не даслаў адказу.

У міністэрствах адмаўляюцца патлумачыць прычыну маўчаньня, спасылаючыся на занятасьць. Да прыкладу, вось што сказаў памочнік міністра адукацыі Віктар Дарашкевіч.

(Дарашкевіч: ) “У нас адзін дзень пошта ідзе праз сакратарку, іншы дзень празь мяне. Празь мяне гэткага ліста не ішло”.

Гаварыў памочнік міністра адукацыі Віктар Дарашкевіч. Чаму вышэйшыя ўладныя чыноўнікі праігнаравалі ініцыятыву абмеркаваць моўнае становішча ў краіне, кіраўнік ТБМ Але Трусаў пракамэнтаваў гэтак:

(Трусаў: ) “Гэта гаворыць пра тое, што ўлады не зьбіраюцца выконваць рашэньне аб роўнасьці моваў, прынятая на рэфэрэндуме зь іхнай падачы. А людзі, якія прагаласавалі за роўнасьць моваў, спадзеючыся, што гэтую роўнасьць атрымаюць, – былі ўведзеныя ў зман”.

Паводле спадара Трусава, адначасна становішча беларускай мовы працягвае пагаршацца. Мова карэннай нацыі амаль цалкам выціснутая з сыстэмы справаводзтва, адукацыі й іншых галінаў дзяржаўнага ўладкаваньня. Так, ўлады па-ранейшаму ігнаруюць ініцыятыву адкрыцьця беларускай вышэйшай навучальнай установы. Школьнікі, якія навучаюцца па-беларуску, складаюць каля 21% ад агульнай колькасьці навучэнцаў.

Амаль не засталося беларускіх дзіцячых садкоў. Да прыкладу, у Менску іх толькі тры сярод амаль чатырох сотняў, хоць попыт на беларускую адукацыю расьце. Крысьціна Вітушка – адна з бацькоў, якія стварылі ініцыятыўную групу ў справе адкрыцьця беларускамоўнай ясельнай групы. І вось якія клопаты ім давялося пераадолець. Гаворыць Крысьціна Вітушка.

(Вітушка: ) “Калі мы прыйшлі ў адну зь ясельных групаў, там ужо было 13 чалавек пры норме 15. Гэтая ясельная група ў беларускім садочку была ўкамплектаваная расейскамоўнымі дзеткамі. Каб адстаяць свае правы мы зьвярнуліся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна й цяжка сказаць, ці гэта яны пайшлі нам насустрач, але было прынятае рашэньне ўзяць усе 9 чалавек. І зараз з аднаго боку мы маем рашэньне, што палова групы будзе беларускамоўнай. Але яна будзе пераўкамплектаванай – 22 чалавекі на дзьвюх выхавальніцаў.

І нэрвую самое ўсьведамленьне, што ў Беларусі даводзіцца прыкладаць намаганьні, каб стварыць беларускі садок. У нас сышло амаль паўтара месяца на тое, каб вырашыць гэтае пытаньне. Пры гэтым я не магу сказаць, што мы маем перамогу насамрэч. Бо прыйдзе верасень, вернецца другая, расейскамоўная палова групы дзяцей і тады яшчэ невядома што з гэтага атрымаецца”.

Паводле спадарыні Вітушкі, каб дзеці, якія не патрапілі ў беларускі садок, мелі магчымасьць кантактаў са сваімі беларускамоўнымі аднагодкамі, бацькі распачалі ініцыятыву “Дзіцячая пясочніца”: раз на тыдзень яны зьбіраюцца ў адным з гарадзкіх паркаў, каб дзеці змаглі бавіць час разам. Зараз сябры ініцыятыўнай групы ствараюць адмысловы інтэрнэт-сайт для беларускамоўных бацькоў і іхных дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG