Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі абураюцца ПДВ, нягледзячы на прапаганду


Міхал Стэльмак, Менск Улады распачалі прапагандысцкую кампанію сярод прадпрымальнікаў з мэтай пераканаць іх у перавагах новага ўказу Аляксандра Лукашэнкі пра парадак спагнаньня падатку на даданую вартасьць (ПДВ). Указ прадугледжвае ад 1 жніўня 2005 году да 31 сьнежня 2006 году ўплату ПДВ на тавары, увезеныя з Расеі, фіксаванай сумай.

У шэрагу рэгіёнаў краіны сёньня прайшлі прадпрымальніцкія сходы з удзелам прадстаўнікоў уладаў. Паводле чыноўнікаў, уведзены парадак спагнаньня з гандляроў падатку на даданую вартасьць адпавядае палітыцы фармаваньня ў краіне цывілізаванага бізнэсу. Пра гэта было заяўлена ў Менску на сустрэчы актывістаў прадпрымальніцкага руху і адказных супрацоўнікаў гарвыканкаму. Чыноўнікі абгрунтоўвалі новаўвядзеньне ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць намесьнік кіраўніка менскай падатковай інспэкцыі Міхаіл Расолька:

(Расолька: ) “Прэзыдэнт неаднаразова казаў, што мы ідзем да празрыстасьці рынку. Мала таго, што ў нас тут ёсьць крымінальны тавар, які завозіцца кантрабандным чынам. Прычым, такі тавар мае як беларускае, так і расейскае паходжаньне. А вы цяпер кажаце, што вам нічога ня трэба”.

Прадпрымальнікі выказалі сумнеў у слушнасьці аргумэнтаў сталічных чыноўнікаў, якія нібыта апраўдваюць увядзеньне падатку на даданую вартасьць на тавары расейскага імпарту. Вось як пракамэнтаваў новы ўказ Лукашэнкі лідэр прадпрымальнікаў рынку “Ждановічы” Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Як лідэр прадпрымальнікаў рынку “Ждановічы” і сябра прадпрымальніцкай рады, заяўляю, што ўказ №285 не ўрэгуляваў узаемадачыненьняў дзяржавы і прадпрымальнікаў, каб прадпрымальнікі былі задаволеныя. Гэта я кажу ад імя ўсіх прадпрымальнікаў. Таму што цяпер у нас падатак павялічваецца ў два і больш разоў”.

Паводле Аляксандра Макаева, улады таксама ня выканалі абяцаньняў наконт істотнага зьмяншэньня арэндных выплатаў за гандлёвыя месцы. Насамрэч, як прагучала на сустрэчы са сталічнымі чыноўнікамі, арэнда на некаторых рынках нават павялічылася.

Падатак на даданую вартасьць — не адзіная пагроза прадпрымальніцкаму бізнэсу. Бліжэйшым часам улады зьбіраюцца ўвесьці для іх і новы мэханізм выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пра гэта заявіў прадстаўнік фонду Аляксандар Саладоўчанка. Новаўвядзеньне прадугледжвае павышаныя сацыяльныя ўнёскі, што разам са спагнаньнем падатку на даданую вартасьць яшчэ больш, паводле прадпрымальнікаў, пагоршыць умовы дзейнасьці дробнага бізнэсу, лічыць барысаўскі актывіст грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Ігар Леднік.

(Леднік: ) “Тыя зьмены, якія сёньня прапануюцца фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, яны наагул не вырашаюць праблемаў прадпрымальнікаў. Яны толькі пагаршаюць. Чаму? Калі раней яны ведалі, што яны плацяць 36% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту, то цяпер будуць плаціць ад заяўленага даходу. Але заяўляюць яны даход большы, чымсьці той, што яны ўплачваюць сёньня ў гэты фонд”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG