Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі патрапіў у турэмны шпіталь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гарадзенскі прадпрымальнік Валер Леванеўскі пасьля галадоўкі трапіў у турэмны шпіталь Івацэвіцкай калёніі. Ён галадаў больш за тыдзень, пратэстуючы супраць невыкананьня ўмоваў утрыманьня пад вартай.

У шпіталі Івацэвіцкай калёніі Валер Леванеўскі праходзіць курс лячэньня ў сувязі зь нядаўняй галадоўкай. Пра гэта паведаміў сын Леванеўскага Ўладзімер, які 21 чэрвеня атрымаў ліст ад бацькі.

(Леванеўскі: ) “Бацька піша пра тое, што папраўляецца пасьля сваёй галадоўкі, яму даюць лекі і нават вітаміны. Ляжыць ён адзін у палаце і на ўмовы ня скардзіцца. Калі яго перавядуць са шпіталю ў атрад, ён ня ведае”.

Валер Леванеўскі галадаваў з 1 чэрвеня. Такім чынам ён больш за тыдзень пратэставаў супраць нежаданьня адміністрацыі калёніі паляпшаць умовы ўтрыманьня вязьняў, а таксама дамагаўся перагляду пакараньняў, якія былі на яго накладзеныя за мінулы год. З-за гэтых пакараньняў Леванеўскаму было адмоўлена ў амністыі. Паводле начальніка Івацэвіцкай калёніі Івана Лукшы, Валер Леванеўскі не падпадае пад амністыю, паколькі ёсьць “злосным парушальнікам турэмнай дысцыпліны”. Пры гэтым Іван Лукша лічыць, што ў Валера Леванеўскага застаюцца шанцы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне праз паўгоду.

Сын Леванеўскага Ўладзімер сказаў, што ягоны бацька скептычна паставіўся да такога меркаваньня начальніка Івацэвіцкай калёніі.

(Леванеўскі: ) “Ён ведае, што яго ня выпусьцяць, што ўлады лічаць яго пагрозай для рэжыму, і не спадзяецца на хуткае вызваленьне, але спрабуе скасаваць пакараньні, якія зрабілі зь яго “злоснага парушальніка”.

Працягваецца барацьба і за датэрміновае вызваленьне паводле амністыі прадпрымальніка Аляксандра Васільева, калегі Леванеўскага па гарадзенскім страйкаме прадпрымальнікаў. Адвакат Васільева Аляксандар Бярылаў паведаміў пра захады, зробленыя 20 чэрвеня дзеля ягонага вызваленьня.

(Бярылаў: ) “Намі пададзеная заява-хадайніцтва ад імя жонкі Васільева на імя начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў аб прымяненьні да Васільева амністыі. Мы нагадваем, што падчас службы ў войску ён перажыў цяжкую хваробу, а гэта ёсьць падставай для амністыі”.

Аляксандар Васільеў ужо больш за месяц знаходзіцца ў турэмным шпіталі Менску, куды яго прывезьлі з аршанскай калёніі. Ягоны адвакат патлумачыў, што ўжыць амністыю да Васільева ўлады могуць цягам шасьці месяцаў, аднак паводле Аляксандра Бярылава, “гэты працэс магчыма завяршыць раней, калі па-добраму паставіцца да хворага чалавека”.

Гарадзенскія прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў былі асуджаныя на 2 гады калёніі кожны за паклёп на прэзыдэнта ва ўлётках, якія прадпрымальнікі распаўсюдзілі сярод гарадзенцаў. У іх было сказана: “Прыйдзі і скажа, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG