Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні выйшаў ўжо другі нумар газэты “Glos znad Niemna”, адносінаў да якога ня маюць ні галоўны рэдактар выданьня, ні выдавец — Саюз палякаў Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Усе спробы спыніць дзейнасьць невядомай рэдакцыі вынікаў не далі, прадстаўнікі ўладаў і дзяржаўных устаноў на іх не рэагуюць. Чакаецца, што сёньня ўправа Беларускай асацыяцыі журналістаў прыме заяву адносна сытуацыі з “Glosam znad Niemna ”.

У Горадні ў тых, хто цікавіцца прэсай, такое ўражаньне, што ўлады быццам гуляюць у напаўпадпольную прэсу. Рэдакцыі “Glosa…” так і не ўдалося высьветліць — хто падпісвае газэту да друку, хто рэдагуе і як аплочвае паслугі друкарні, бо грошы на рахунку Саюзу палякаў не чапаюць. Гаворыць кіраўнік гарадзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Сёньня ў мяне была дзіўная сытуацыя, я ў шапіку спытаў: ці ёсьць “Glos znad Niemna”? Мне сказалі, што няма, і жанчынка па-змоўніцку нашаптала, кажа: “Glos…” выходзіць, нефармальна яго выдаюць. У нашым разуменьні “нефармальна” — гэта азначае прадэмакратычны ці, скажам, супраць улады... На гэтым полі гуляе ўлада, сутыкаючы паміж сабой адну і другую групоўку, таксама і людзей, якія падтрымліваюць адных ці другіх”.

А вось сапраўдны галоўны рэдактар газэты Анджэй Пісальнік учора займаўся тым, што “біў у званы”, зьвяртаўся ў розныя ўстановы, перш за ўсё ў абласную друкарню.

(Пісальнік: ) “Зраніцы я патэлефанаваў дырэктару друкарні і запытаўся: як ён мог дапусьціцца да такога відавочнага парушэньня заканадаўства аб СМІ, і гандлёвага заканадаўства, тут гэта датычыць таварных накладных, без якіх “Glos…” быў надрукаваны і распаўсюджаны. Ён мне адказаў, што ў яго ўсё ў парадку і што ён ня бачыць ніякіх праблемаў і кінуў трубку”.

Потым спадар Пісальнік тэлефанаваў ў гарадзенскую “Белпошту”, у міністэрства інфармацыі, вынік — нулявы. Ён таксама зьвяртаўся ў міліцыю і ў пракуратуру. Там абяцалі правесьці цягам дзесяці дзён праверку.

Як ацэньваюць у Саюзе палякаў, тое, што адбываецца сёньня з “Glosam znad Niemna ”? Там лічаць, што ўлада забрала ў іх газэту, бо ў законнай рэдакцыі нумар да друку ня бралі, і на цяперашнія пратэсты не рэагуюць. Вось што гаворыць Андрэй Пачобут — рэдактар часопіса “Magazyn Polski”:

(Пачобут: ) “Гэта па-сутнасьці нацыяналізацыя дзяржавай незалежнага выданьня. Гэта ўпершыню ў гісторыі Беларусі нешта такое адбываецца. Калі пытаць пра маё меркаваньне — хто за гэтым стаіць, то я ўпэўнены, што —Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Ёсьць адна ў нас установа ў дзяржаве, якая можа такую спэцапэрацыю правярнуць. Выпусьціць газэту і з такімі парушэньнямі давесьці яе да чытачоў”.

І вось меркаваньне самога Анджэя Пісальніка:

(Пісальнік: ) “Усё гэта можа сьведчыць толькі пра адно, што загад пра перайманьне, пра нацыяналізацыю, бо як гэта яшчэ назваць, незалежнага выданьня атрыманы на самым версе. Які гэта дакладна ўзровень улады, цяжка сказаць, хіба ўжо не абласны, калі міністэрства інафармацыі ведаючы, што парушаецца закон, не рэагуе, гэта сьведчыць пра тое, што дадзены картблянш некаму на парушэньне закону”.

Вядома, што мясцовымі газэтамі займаецца абласное ідэалягічнае упраўленьне. Часова там кіруе намесьнік начальнік спадар Скрабко. Анджэй Пісальнік гаворыць, што трапіць да яго пакуль не ўдаецца. Мінулым разам той суправаджаў дэлегацыю расейскіх журналістаў, якім паказвалі гарадзенскія дасягненьні. Сёньня спадару Пісальніку зноўку раніцай прызначаны час, але ён ня ўпэўнены, ці трапіць на прыём.

На здымку: апошні “нелегальны” нумар газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG