Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе адкрываецца Беларускі фэстываль камэрнай музыкі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Сёньня ў Мсьціславе, раённым цэнтры на Магілёўшчыне, адкрыецца 4-ы Беларускі фэстываль камэрнай музыкі. З Магілёва і Менску на мсьціслаўскі фэстываль прыяжджае шмат музыкаў, і два дні на канцэртных пляцоўках старажытнага беларускага гораду будзе гучаць музыка.

А 6-й гадзіне вечара ў адрамантаваным да сьвята Мсьціслаўскім раённым доме культуры пачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцьця фэстывалю. Праграму фэстывалю адкрые аўтарскі канцэрт заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Льва Абеліевіча.

На фэстываль прыяжджаюць некалькі камэрных аркестраў і ансамбляў, аднак галоўную ролю на мсьціслаўскім сьвяце музыкі адыгрывае аркестар Міхаіла Фінберга. Сам спадар Фінберг зьяўляецца арганізатарам фэстывалю камэрнай музыкі.

На цэнтральнай плошчы гораду, каля помніка беларускаму першадрукару Пятру Мсьціслаўцу, будзе працаваць адкрытая фэстывальная пляцоўка. Але там будзе не камэрная музыка, а народная і эстрадная.

Практычныя мсьціслаўцы сумяшчаюць фэстываль з раённым сьвятам выпускнікоў школаў і падвядзеньнем вынікаў веснавога севу. Таму ў суботу тут будзе праходзіць народнае гуляньне, адкрыецца кірмаш народных майстроў, выступяць мастацкія калектывы Мсьціслаўскага раёну і памежных зь ім расейскіх раёнаў – Хіславіцкага і Рослаўскага.

Сёлета мсьціслаўскаму фэстывалю было нададзенае імя беларускага кампазытара і этнографа Мікалая Чуркіна. Некалі сама ідэя фэстывалю камэрнай музыкі ў Мсьціславе пачыналася з Чуркіна. У 20-ыя гады ён жыў у Мсьціславе і працаваў у пэдагагічным тэхнікуме. За дзесяць гадоў, якія Мікалай Чуркін правёў у гэтым горадзе, ён сабраў і апрацаваў шмат народных песень, арганізаваў хор зь мясцовых беспрытульнікаў і напісаў опэру “Вызваленьне працы”, якая выконвалася на беларускай мове.

Цяпер у Мсьціславе ёсьць школа мастацтваў, якая носіць імя Чуркіна. А ў Магілёве жыве ўнучка кампазытара Алена Чуркіна, яна працуе выкладчыцай музыкі. Дарэчы, летась споўнілася 135 гадоў з дня нараджэньня Мікалая Чуркіна. Таму нездарма ягонае імя далі фэстывалю і музыка Чуркіна гучыць на Беларускім фэстывалі камэрнай музыкі.

У першыя гады фэстывалю канцэртамі камэрнай музыкі найбольш цікавіліся госьці зь Менску і Магілёва, музыкі, а таксама мясцовыя прыхільнікі музыкі беларускіх кампазытараў. Аднак зь цягам часу мсьціслаўцы ўсё ахвотней сталі наведваць канцэрты, якія, дарэчы, усе бясплатныя.

Вось як пра гэта сказаў адзін з арганізатараў фэстывалю намесьнік старшыні Мсьціслаўскага райвыканкаму Сьвятаслаў Кусаў: (Кусаў: ) “У нас поўны аншляг, у нас нават не хапае месцаў для таго, каб усіх ахвотных разьмясьціць у залі. Напэўна, гэтая музыка падабаецца людзям. Яны прыходзяць і бачаць, як пад узмахамі дырыжорскай палачкі заля напаўняецца аб’ёмнай музыкай. У нас поўныя аншляг!”

Кіраўніца раённага ўпраўленьня культуры Алена Пачтавая гаворыць, што на канцэрты прыяжджаюць зь вёсак, і гэта, паводле яе, сьведчыць пра падвышэньне роўню культуры жыхароў Мсьціслаўшчыны.

(Пачтавая: ) “Я хачу сказаць, што ня кожны радавы слухач успрыме камэрную музыку і такіх кампазытараў. Таму я лічу, што для нашага гораду гэта яшчэ адзін віток у культуру. І для ўзроўню культуры гэта вельмі добра”.

Фэстываль камэрнай музыкі ў Мсьціславе будзе доўжыцца два дні, і заўтра ў рамках рубрыкі “Славутыя імёны Беларусі”, якая прадстаўляе клясыкаў беларускага музычнага мастацтва, адбудзецца канцэрт, прысьвечаны творчасьці Станіслава Манюшкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG