Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліку Борыс выклікалі на допыт у справе аб фінансавых злоўжываньнях


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сьледчая упраўленьне Гарадзенскай абласной міліцыі вядзе крымінальную справу аб фінансавых злоўжываньнях у Саюзе палякаў Беларусі (СПБ). Сёньня на допыт у якасьці сьведкі выклікалі новую старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Яна лічыць, што ўлады аказваюць на яе псыхалягічны ціск, з прычыны канфлікту вакол Саюзу палякаў.

Былы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі пакінуў арганізацыю з даўгамі, зь неаплачанымі падаткамі.

Анжаліка Борыс гаворыць, што цяпер займаецца тым, каб зьліквідаваць даўгі. Яе папярэджваюць кожны месяц, што калі чарговыя падаткі не заплацяць, то будзе апісана маёмасьць Саюзу палякаў. Абласная міліцыя вядзе справу аб фінансавых злоўжываньнях у СПБ.

Анжаліку Борыс абралі кіраўніком Саюзу тры месяцы таму. Сёньня яе выклікалі на допыт.

(Борыс: ) “Я кажу, што я адказваю за свой пэрыяд — ад 13 сакавіка. Тым часам за ўсе фінансавыя сродкі цягам чатырох гадоў, нават болей як чатырох, адказвае спадар Кручкоўскі, ён іх атрымліваў, і ён за іх адказвае. Тады прадстаўце гэтыя дакумэнты. Я кажу: я ня маю намеру карыстацца такімі бруднымі тэхналёгіямі, таму калі ласка выклікайце Кручкоўскага і размаўляйце, якія я маю да гэтага адносіны?”

Анжаліка Борыс гаворыць, што на яе ўвесь час пішуць “даносы” прыхільнікі Кручкоўскага.

(Борыс: ) “У гэты момант адбываецца ціск, я так разумею: гэта цягнецца ўжо нейкі час, ну і трэба штосьці знайсьці, трэба папросту прынізіць, прадставіць у найгоршым сьвятле. І сьледчаму ў размове я кажу: няма доказаў, я нічога не падпісвала. Ну але мы са слоў сьведкаў... Якіх сьведкаў? Сьведкаў Кручкоўскага?”

Сьледчы запатрабаваў у Анжалікі Борыс пашпарт, паводле яе — каб высьветліць, калі яна наведвала Польшчу. Дарэчы, па гэтай справе дапытваюць ня толькі яе. Вось што мне паведаміў намесьнік начальніка сьледчага упраўленьня абласной міліцыі Віктар Клачко:

(Клачко: ) “Гэтую справу я вывучыў і ў прынцыпе я знаю матэрыялы гэтай справы. Ведаеце, ёсьць яшчэ такі момант: паняцьце “таямніца сьледзтва” — таксама майце гэта на ўвазе. Не адна яна ў гэтай справе сьведка. Там дапытваецца вельмі шмат народу і яны ўсе ў роўнай ступені — сьведкі. Чаму менавіта завастраюць увагу на Борыс — гэта ўжо пытаньне іншае”.

Невядома, ці гэта супадзеньне, але сёньня — упершыню за доўгі час у Саюзе палякаў зьявіўся, прычым са здымачнай групай Беларускага тэлебачаньня, сам Тадэвуш Кручкоўскі.

Ён запатрабаваў у Анжалікі Борыс ключы і пячатку СПБ. Але яму нагадалі, што некалькі дзён таму яго выключылі са складу Саюзу палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG