Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарсавет даў новыя назвы шэрагу менскіх вуліц


Валер Каліноўскі, Менск Менскі гарадзкі савет сёньня разглядаў пытаньне аб перайменаваньні шэрагу вуліцаў адпаведна з указам А.Лукашэнкі. Дэбатаў наконт рашэньня прэзыдэнта аб новых назвах праспэктаў Скарыны і Машэрава дэпутаты не вялі.

Гарадзкі савет выканаў даручэньне А.Лукашэнкі захаваць на мапе гораду назвы вуліц Ерусалімскай, Дразда і Варвашэні, якія былі аб’яднаныя ў новы праспэкт Машэрава. Ерусалімскай цяпер стала вуліца Перакопская, Абутковы завулак перайменаваны ў вуліцу Дразда, Енісейская стала вуліцай Варвашэні.

З уласнай ініцыятывы гарадзкія ўлады перайменавалі праспэкт газэты “Известия” ў праспэкт газэты “Звязда”, а таксама Мэблевы завулак, які стаў вуліцай Міхаіла Гебелева, сакратара партыйнага падпольля менскага гета.

Старшыня камісіі гарсавету па адукацыі і культуры Надзея Шпак гэтак патлумачыла, чаму дэпутаты не абмяркоўвалі ўказ аб перайменаваньні праспэктаў Скарыны і Машэрава:

(Шпак: ) “Загадаў мы не абмяркоўваем, загады выконваюцца. Мы абмяркоўвалі толькі тыя пытаньні, якія можна вырашыць на ўзроўні савету”.

Сваё асабістае стаўленьне да перайменаваньняў, зробленых А.Лукашэнкам, спадарыня Шпак акрэсьліла як пазытыўнае, аднак выказала пажаданьне, каб у далейшым перайменаваньні вуліцаў і праспэктаў праводзіліся з улікам меркаваньня іх жыхароў.

Старшыня Менскага гарсавету Ўладзімер Папкоўскі перакананы, што А.Лукашэнка ня ўмешваўся ў паўнамоцтвы гарадзкіх уладаў.

(Папкоўскі: ) “Прэзыдэнт выдаў свой указ аб перайменаваньні цэнтральных праспэктаў — гэта ў межах ягоных паўнамоцтваў, на тое ён меў усе падставы: зьвярталіся вэтэраны, проста людзі зьвярталіся. Ён прыняў такое рашэньне, і яно не падлягае нашаму перагляду”.

Спадар Папкоўскі скептычна ставіцца да прапановаў правесьці гарадзкі рэфэрэндум наконт вяртаньня ранейшых назваў вуліцаў, лічыць яго малаверагодным:

(Папкоўскі: ) “Няма дастаткова важкіх падставаў, каб здолець арганізаваць такі рэфэрэндум паводле ўказу прэзыдэнта, хтосьці ў сувязі з гэтым узбудзіўся надта моцна. Але гэта асобныя людзі. Малаверагодна, што ўдасца выканаць усю працэдуру падрыхтоўкі рэфэрэндуму”.

Уладзімер Папкоўскі прызнаў, што ў сувязі зь перайменаваньнямі вуліцаў і праспэктаў у грамадзянаў будуць пэўныя клопаты, але “трагедыі ў гэтым няма”. Свайго стаўленьня да новых назваў цэнтральных праспэктаў ён ня выказаў:

(Папкоўскі: ) “Калі я буду адпачываць на лецішчы, тады вы пад’едзеце і спытаеце маё асабістае меркаваньне. А пакуль я службовая асоба”.

Кіраўнік аргкамітэту ў правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму Сяргей Альфер зазначыў, што для яго пасіўныя паводзіны дэпутатаў пры абмеркаваньні тэмы перайменаваньняў цалкам зразумелыя:

(Альфер: ) “Яны ўсе прызначаныя. Па горадзе Менску выбары, паводле майго меркаваньня, былі цалкам сфальшаваныя. Я ня веру, што хтосьці зь іх быў абраны людзьмі”.

Што да арганізацыі рэфэрэндуму, то спадар Альфер перакананы, што будуць выкананыя ўсе патрэбныя працэдуры, але гарвыканкам можа ня даць дазволу на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і пытаньня рэфэрэндуму.

Сход ініцыятыўнай групы ў арганізацыі гарадзкога рэфэрэндуму наконт перайменаваньняў цэнтральных праспэктаў і вуліцаў прызначаны на 21 чэрвеня.

Гл. таксама • Акцыя супраць перайменаваньня праспэктаў была праведзеная паводле новай тактыкі • Дэмакратычныя актывісты правялі акцыю ў абарону праспэкта Машэрава • Каля ст.мэтро "Усход" прайшла акцыя супраць перайменаваньняў • Некалькі дзясяткаў чалавек паспрабавалі выйсьці на праспэкт з партрэтамі Скарыны • Шчукін: "Яны парвалі мне чатыры партрэты Машэрава" • Аўтамабілісты выставяць Скарыну і Машэрава на лабавое шкло? • Менчукі адмаўляюцца называць праспэкты і вуліцы новымі назвамі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG