Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося назіраньне за вылучэньнем дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Алесь Дашчынскі, Менск У Сьветлагорску адбыўся першы сход для вылучэньня дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў. Сход адбываўся ў кансьпірацыйных умовах, улады намагаліся яго сарваць, некаторыя ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй. Дэлегаты плянаванага на восень кангрэсу павінны вызначыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Незалежныя назіральнікі пачалі кампанію назіраньня за вылучэньнем дэлегатаў.

Больш за 800 дэлегатаў кангрэсу плянуецца абраць на сходах, якія пройдуць па ўсёй Беларусі цягам двух месяцаў, да сярэдзіны жніўня. За кожным сходам будуць весьці назіраньне сябры грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”. У назіральнікаў даволі вялікія паўнамоцтвы, яны могуць атрымліваць інфармацыю пра тых, хто зарэгістраваўся на сходзе, прысутнічаць на ім, глядзець пратакол, весьці самастойны падлік пры галасаваньні і гэтак далей – фактычна ўсё тое, што можна рабіць падчас звычайных выбараў на выбарчых участках.

“Партнэрства” падвядзе вынікі маніторынгу і яны будуць абнародаваныя, паведаміў старшыня гэтай грамадзянскай ініцыятывы Мікалай Астрэйка.

(Астрэйка: ) “Асноўная мэта – зрабіць больш адкрытым працэс, таму што гэта вельмі важная справа для ўсёй Беларусі – вылучэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. І проста трэба паглядзець, наколькі сур’ёзнай і моцнай будзе кампанія. Апрача таго, дапамагчы вызначыцца тым кандыдатам, якія яшчэ ня вырашылі, ці будуць яны працаваць у адной камандзе з адзіным кандыдатам ад кааліцыі “дзясяткі” (такім, як Колас, Вайтовіч, Казулін ды іншыя). Можа, наша праца дапаможа ім, таму што мы не падтрымліваем нікога з кандыдатаў, для нас найбольш важна, каб ён хутчэй зьявіўся, гэты адзіны”.

(Карэспандэнт: ) “А чым можа дапамагчы вашае назіраньне тым патэнцыйным кандыдатам, якія пакуль яшчэ не ў працэсе?”

(Астрэйка: ) “Публічнасьць усяго гэтага працэсу дапаможа адзінаму кандыдату, які будзе вызначаны. Кааліцыя многа страціла, калі зрабіла ня вельмі публічнымі рэгіянальныя, абласныя канфэрэнцыі, трэба было як мага больш іх піярыць і пашыраць гэтую інфармацыю. Што да кандыдатаў, якія яшчэ не вызначыліся, то незалежная інфармацыя ня толькі з цэнтру, але і з усёй краіны пра тое, што вялікая колькасьць, шмат тысяч людзей прыходзілі на гэтыя сходы, падахвоціць іншых прэтэндэнтаў далучацца да гэтай працы, падкажа ім, што яны проста павінны выбраць, на якім этапе і на якім узроўні далучацца”.

На сёньняшні дзень на разгляд удзельнікаў кангрэсу прапанаваныя чатыры патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты – Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч і Сяргей Калякін. Учора сталая нарада дэмакратычных сілаў, у якую ўваходзяць дзесяць партыяў і грамадзкіх ініцыятываў, падрыхтавала афіцыйны адказ на прапановы Васіля Лявонава і Аляксандра Казуліна. Частку гэтых прапановаў прызналі прымальнай для апазыцыйнай кааліцыі, з часткай удзельнікі нарады катэгарычна ня згодныя. Лявонаў і Казулін чакаюць афіцыйнага, пісьмовага адказу ад “дзясяткі”. Асобам, якія ад пачатку не далучыліся да агульнага працэсу, няпроста будзе знайсьці паразуменьне з кааліцыяй. Як ставіцца да цяперашняга працэсу былы міністар сельскай гаспадаркі, старшыня апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў?

(Лявонаў: ) “Тое, што яны робяць, гэта шлях у тупік, гэта хаўтуры па апазыцыі і па яе лідэрстве. Я магу гэта вам даказваць”.

(Карэспандэнт: ) “Але, тым ня менш, пачаліся сходы для вылучэньня дэлегатаў на кангрэс...”

(Лявонаў: ) “Мы ж многа чаго рабілі для таго, каб умацаваць уладу, зрабіць яе больш легітымнай. Галоўнае ў тым, што прапановы замест выбараў прымаць удзел у фарсе пад назвай “выбары” непрымальныя. Якія могуць быць выбары, калі выбару няма, калі выбіраем па камандзе аднаго. Гэта галоўнае, потым усё астатняе. Мы павінны рабіць усё, каб была магчымасьць выбіраць. Такой магчымасьці мы ня маем. І вось гэтая гульня ў адзінага – гэта легітымізацыя таго, што ёсьць”.

Аднак прадстаўнікі сталай нарады дэмакратычных сілаў не намерваюцца спыняць працэс. 15 чэрвеня ў Сьветлагорску адбыўся першы сход прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, на якім вылучаныя першыя дэлегаты на кангрэс. Улады спрабавалі сарваць правядзеньне сходу, і мерапрыемства давялося праводзіць ня ў тым месцы, дзе плянавалася.

Паводле сябра аргкамітэту кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандра Дабравольскага, які ўдзельнічаў у сходзе ў Сьветлагорску, для арганізатараў мерапрыемства такая рэакцыя ўладаў была чаканай. Тым ня менш вылучэньне дэлегатаў прадоўжыцца.

(Дабравольскі: ) “Справа гэта сур’ёзная. Ёсьць пагроза, што нам не дадуць праводзіць сходы, але мы гатовыя правесьці сходы фактычна ў кожным раёне. Ёсьць некалькі варыянтаў, усё гэта зьвязана з тым, што дэлегат павінен некага прадстаўляць. Ці шляхам збору подпісаў ён становіцца дэлегатам, ці іншымі сродкамі ён сьведчыць пра падтрымку людзей – гэта мы будзем разглядаць пасьля першых некалькіх сходаў, па выніках іх правядзеньня. А можа, застанецца і тое, што мы плянавалі ад самага пачатку – сходы, на якіх можа прысутнічаць кожны грамадзянін, які хоча ў ім удзельнічаць. У нас ёсьць прынцыповае жаданьне ўлічыць інтарэсы ўсіх, хто хацеў бы ў гэтым працэсе ўдзельнічаць, і зрабіць усё магчымае, каб знайсьці тое, што нас аб’яднае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG