Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы просяць КДБ ачысьціць горад ад прафашысцкіх арганізацыяў


Ігар Карней, Менск Шэраг грамадзкіх арганізацыяў Магілёва зьвярнуўся ў мясцовае аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Прадстаўнікі розных палітычных рухаў просяць ачысьціць горад ад прафашысцкіх арганізацыяў накшталт РНЕ (“Русское национальное единство”). Магілёўскія дэмакраты пры гэтым кажуць, што мала спадзяюцца на праект указу Аляксандра Лукашэнкі “Аб забароне нацысцкай сымболікі”.

Трэба сказаць, што магілёўскі зварот – акцыя ня нейкай асобнай арганізацыі: пад заявай падпісаліся і праваабаронцы, і камуністы, і прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, і проста пэнсіянэры. Усе абураныя тым, што ў Магілёве адкрыта зьбіраюцца на свае сходы сябры экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ, прычым не хаваючы стылізаванай пад свастыку эмблемы РНЕ. Вось што сказаў мне адзін з аўтараў заявы – намесьнік кіраўніка магілёўскай арганізацыі БНФ Зьміцер Салаўёў:

(Салаўёў: ) “Калі незалежныя беларускія арганізацыі спрабуюць зьнішчыць, то на РНЕ ніхто ніякай увагі не зьвяртае. Яны адкрыта лепяць свае ўлёткі, адкрыта зьбіраюцца пасярод гораду кожную нядзелю, што хвалюе, натуральна, і нас, і грамадзтва. Тым больш, было 60-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх войскаў, таму і пэнсіянэры, і партыя камуністаў, і БНФ адназначна з гэтай нагоды выказаліся... Даўно ўжо гэта насьпявала, нарэшце падрыхтавалі матэрыял і занесьлі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі будзе прыняты ўказ аб забароне нацысцкай сымболікі, ён нешта зьменіць? Прынамсі, у Магілёве?”

(Салаўёў: ) “Мяркую, не. Нашае чынавенства ніяк на гэта не рэагуе – ні выканкам, ні пракуратура, ні міліцыя. Скаргі накіроўваліся і раней, але ніякай рэакцыі на гэта не было”.

Міністэрства юстыцыі тым часам падрыхтавала праект указу “Аб забароне нацысцкай атрыбутыкі і сымболікі”. Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў падчас прэсавай канфэрэнцыі на пачатку чэрвеня сам патлумачыў, чым гэта выклікана. Тады ён сказаў: “У Беларусі няма масавых нэафашысцкіх рухаў, аднак забарона павінна існаваць, паколькі праявы нацызму нясуць рэальную пагрозу грамадзкаму правапарадку і канстытуцыйнаму ладу”. Паводле Галаванава, чакаецца, што ўказ зойме “нішу” ў заканадаўстве, а над прыхільнікамі ідэяў “дучэ” і “фюрэра” навісьне дамоклаў меч.

Што да нейкіх санкцыяў, то праектам указу прадугледжаныя штраф у памеры ад 10 да 20 базавых велічыняў з канфіскацыяй нацысцкай атрыбутыкі ці арышт тэрмінам ад 3 да 15 сутак. Не сказаць, што вельмі сурова. Аднак тут яшчэ ня выключаныя пэўныя карэктывы, паколькі прапановы да часу падпісаньня ўказу Лукашэнкам могуць унесьці зацікаўленыя ведамствы. Між тым, сярод апанэнтаў улады існуе меркаваньне, што такі ўказ можа стаць зручным інструмэнтам барацьбы ня столькі з нэафашыстамі, колькі з апазыцыйнымі рухамі. Палітык і праваабаронца Валеры Шчукін кажа, што галоўным раздражняльнікам для ўладаў могуць стаць якраз-такі гістарычныя беларускія сымбалі.

(Шчукін: ) “Я пачытаў ужо, што гаворка, апроч усяго, ідзе аб арганізацыях, якія можна штучна падвесьці пад “супрацоўніцтва з нацыстамі”. І вось тут, як я разумею, пад крымінал можа трапіць і бел-чырвона-белы сьцяг, і герб “Пагоня”. Будуць хапаць, садзіць, вінаваціць ува ўсіх сьмяротных грахах. Гэта пакуль што праект, але ж я ня веру ніводнаму слову ўладаў: добрага і спраўнага яны яшчэ ніколі не прапанавалі”.

Праект указу залічае да нацысцкай атрыбутыкі сьцягі, значкі, элемэнты формы адзеньня, вітаньні, якія выкарыстоўваліся ў фашыстоўскай Нямеччыне. Перадусім гаворка ідзе пра свастыку. Але літаратура, у якой прапагандуюцца фашыстоўскія ідэі, таксама трапляе ў шэраг забароненых. Між тым, у любым шапіку цяпер абсалютна вольна прадаюцца брашуркі, якія быццам наўпрост і не трапляюць пад гэтыя вызначэньні, але сутнасна прапагандуюць выключнасьць пэўных нацыяў, расаў, рэлігіяў.

Днямі я набыў у Маладэчне ў шапіку “Белсаюздруку” брашуру пад назвай “Ворагі Расеі і славянскага сьвету супраць Беларусі і прэзыдэнта Лукашэнкі”. Гэты, як пазначана, збор “інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў”, выдадзены ў Расеі, а яго вокладка ўпрыгожаная адной з разнавіднасьцяў фашыстоўскай свастыкі – з той розьніцай, што крыж мае не чатыры, а восем промняў. Зрэшты, сутнасьць зьместу ад гэтага не мяняецца. Там можна прачытаць, што “неабходна аднавіць Боскую славянскую задуму жыцьцябудаўніцтва... стварыць кадравую базу віцязяў-упраўленцаў ХХІ стагодзьдзя, павялічыць нараджальнасьць ад цудоўных славянскіх матак-берагіняў духоўна і фізычна здаровых дзяцей...” Апірышчам славянскага сьвету, паводле аўтараў кніжачкі, мае быць Аляксандар Лукашэнка, а ворагі гэтае ідэі – “сіёнамасоны – дыктатары ўсясьветнага лжэпарадку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG