Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 чэрвеня другі раз паляцеў у космас беларус Уладзімер Кавалёнак


RFE/RL Каляндар Свабоды – 15 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 чэрвеня.

15 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень мэдычнага работніка. Гэта яшчэ савецкае сьвята, якое з колішніх календароў аўтаматычна перайшло ў сёньняшні дзяржаўны каляндар.

Цяпер – да падзеяў гісторыі. 15 чэрвеня ў 1863 годзе ў Ашмянскім павеце расейскія войскі разьбілі атрад паўстанчага камандзіра Зыгмунта Мінейкі. Сам Мінейка быў схоплены і засуджаны на 12 гадоў сыбірскае катаргі, але ўцёк за мяжу і празь нейкі час узяў удзел у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт, за што атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

15 чэрвеня ў 1977 годзе пачалося будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну. А праз год 15 чэрвеня другі раз паляцеў у космас беларус Уладзімер Кавалёнак. Усяго Кавалёнак пабываў на арбіце тройчы.

Сёньня спаўняецца 6 гадоў беларускаму праваабарончаму цэнтру “Вясна”, які быў зачынены ўладамі, але не спыніў сваёй дзейнасьці.

Яшчэ 15 чэрвеня – дзень нараджэньня беларускага пісьменьніка Вінцэся Каратынскага, ён прыйшоў на сьвет у 1831 годзе; нарвэскага кампазытара Эдварда Грыга, які нарадзіўся ў 1843 і беларускага літаратара і дасьледчыка, аднаго з найбуйнейшых пісьменьнікаў на эміграцыі Юркі Віцьбіча.

Таксама сёньня спаўняецца 91 год з дня нараджэньня Юрыя Андропава, шэфа савецкага КГБ і кіраўніка СССР. Апроч іншага, Аднропаў вядомы сваім імкненьнем усяляк абмежаваць свабоду краінаў так званага сацыялістычнага лягеру. Гэта ён у 1968 годзе паўплываў на тое, каб савецкія войскі былі ўведзеныя ў Чэхаславаччыну, а ў 1979 – падтрымаў савецкае ўварваньне ў Аўганістан. У 1980 годзе Андропаў настойваў на правядзеньні вайсковай акцыі супраць Польшчы.

І – адна адметная дата з гісторыі Менску. 15 чэрвеня 1899 году жыхары Ляхаўскай вуліцы (цяпер вуліца Кастрычніцкая) зьвярнуліся ў Менскую гарадзкую ўправу з просьбай «для ўвекавечаньня памяці А.С.Пушкіна і з нагоды сьвяткаваньня стогадовага юбілею з дня яго нараджэньня вуліцу Ляхаўскую, якая вядзе ад Магазіннай вуліцы (цяпер вуліца Кірава) да моста праз раку Сьвіслач перайменаваць у Пушкінскую». Гарадзкая ўправа, а таксама гарадзкая дума пастанавілі задаволіць просьбу жыхароў вуліцы і «падаць аб гэтым адпаведнае хадайніцтва менскаму губэрнатару». Але апошні «без тлумачэньня прычын» наклаў на пастанову гарадзкіх улад рэзалюцыю: «…не знаходжу магчымым задаволіць хадайніцтва Менскай гарадзкой думы аб перайменаваньні вуліцы Ляхаўскай… у Пушкінскую». Ушанаваньне ў Менску расейскага паэта адбудзецца ўжо за савецкім часам. Прычым атрымае Пушкін ня вуліцу, а цэлы праспэкт.
XS
SM
MD
LG