Якія зьмены адбываюцца ў сёньняшняй беларускай вёсцы? Ці ёсьць пэрспэктыва ў калгаснай сыстэмы? Як удаецца выжываць людзям у занядбаных калгасах, дзе палі зарастаюць хмызьняком, а працаздольнага насельніцтва амаль не засталося?
Наш даўні слухач і сябар Ільля Копыл зь Менску ў сваім новым лісьце на “Свабоду” падзяліўся назіраньнямі пасьля наведваньня роднай вёскі Нябышына (гэта між Бягомлем ды Докшыцамі). Ён ня быў там ужо год, а пад уражаньнем ад шматлікіх тэлесюжэтаў пра так званае “адраджэньне” беларускай вёскі ды масавае будаўніцтва “аграгарадкоў” чакаў, што там, і праўда, пачаліся зьмены. І вось што Ільля Копыл, прыехаўшы, убачыў у сваім Нябышыне:
“Іду па вуліцы, спрабую ўбачыць сьляды адраджэньня. Але бачу толькі далейшы заняпад вёскі. За мінулы год апусьцела яшчэ некалькі хат. Некаторыя хаты вяскоўцы паціху расьцягваюць на дровы. Уздоўж вуліцы — кучы сьмецьця. Платы месцамі зусім паваліліся. Калі раней дзеці з гораду прыяжджалі да бацькоў у вёску па бульбу, гародніну, сьвініну, дык цяпер пачынаецца зваротны рух: ужо дзеці вязуць з гораду прадукты бацькам. Шмат хто ў вёсцы ўжо не трымае жыўнасьці і ня садзіць бульбы: не хапае сілы, ды і нявыгадна: сабекошт высокі.
Вёска працягвае сьпівацца. П’юць і мужчыны, і жанчыны; і старыя, і моладзь. П’юць і “чарніла”, і самагонку, і гарэлку, і (што самае небясьпечнае) — сьпірт. Пры гэтым ня ведаючы, з чаго ён выраблены, якая ягоная якасьць”.
Далей у сваім лісьце Ільля Копыл апісвае гутаркі зь вяскоўцамі:
“Іду па вуліцы. На лаўцы насупраць сваёй хаты — мужчына гадоў пяцідзесяці. Разгаварыліся. Зайшла размова пра заробкі. “Якія там заробкі, — адмахваецца ён. — Мы ўсе тут ня сталыя работнікі, а нейкія “шабашнікі” па выкліку. Калі раней на працу хадзілі штодня, дык і заробак быў адпаведны. А цяпе, каб на нас зэканоміць, улада прыдумала, што мы павінны выходзіць на працу толькі тады, калі пакліча брыгадзір. Паклікаць могуць і 20, і 10, і 5 разоў на месяц. Вось і лічы заробак з разьліку 8 тысяч за дзень”.
Ня толькі ў Нябышыне такое можна назіраць, спадар Копыл. Амаль у кожным беларускім калгасе ад Берасьця да Воршы знойдзецца не адна такая вёска, дзе і парожніх хатаў больш чым тых, у якіх яшчэ жывуць людзі; і платы паваліліся; і зямля зарастае быльнягом. Будзьма справядлівымі: суцэльнага адраджэньня вёскі ўлада не абяцае. Размова пакуль ідзе пра так званыя “аграгарадкі” — куды накіроўваюцца бюджэтныя грошы на будаўніцтва жыльля ды на іншыя сацыяльныя праграмы. Але ці вырашаць праблему бясплатныя дамы для калгасьнікаў, калі заробкі ў тых калгасах такія, што не хапае нават на аплату камунальных паслугаў?
Матэрыяльныя стымулы, уласнасьць на зямлю, падтрымка фэрмэрства — пра гэта ўлады ў Беларусі сёньня ўвогуле стараюцца ня згадваць. Хоць для будучыні беларускай вёскі гэтыя пытаньні, напэўна, галоўныя.
Наступны электронны ліст — ад студэнта зь Менску Кірыла Макеева. Ён расказвае пра тое, як у студэнцкім асяродзьдзі ўспрынялі нядаўні загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, паводле якога студэнты, што ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях пратэсту, могуць быць выключаныя са сваіх навучальных установаў.
“Вядома, гэта спыніць студэнтаў. Асабліва тых, якія вучацца на бюджэтныя грошы, атрымліваюць стыпэндыю. У іх проста няма выбару. Страціш месца вучобы — застанесься ні з чым. Асабліва калі твае бацькі ў вёсцы, і жывуць на мізэрную зарплату. Але гэта ня значыць, што студэнты пачнуць думаць па-іншаму. У сваёй групе я ўвогуле ня ведаю ніводнага чалавека, які б падтрымліваў палітыку Лукашэнкі. Ды і выкладчыкі ня надта стараюцца прапагандаваць палітыку кіраўніцтва. Многія зь іх скрозь пальцы глядзяць на апазыцыйныя погляды студэнтаў, і нават цішком падтрымліваюць апазыцыянэраў”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” студэнт Кірыл Макееў зь Менску. Праўда, месца вучобы ён не ўказаў, а таксама прызнаўся, што крыху зьмяніў прозьвішча.
Многія з вашых выкладчыкаў, Кірыл, за апошнія дзесяцігодзьдзі перажылі не адну зьмену ўлады, і на ўласным досьведзе пераканаліся, як ператвараюцца ў пыл учорашнія ідалы, якіх абагаўлялі і якім пакорна служылі. Адсюль, напэўна, і такое стаўленьне многіх выкладчыкаў да намаганьняў сёньняшняй улады зноў зрабіць іх інструмэнтамі прапаганды і агітацыі.
Ліст ад Сяргея Мікуцэвіча зь Берасьця. Слухач піша:
“Сёньняшняя ўлада ўзяла курс на канчатковую асыміляцыю беларусаў. Вядома, што стрыжнем любой нацыі ёсьць буржуазія. Згадаем часы Вялікага Княства Літоўскага. Былі магнаты, якія мелі вялікія зямельныя ўладаньні. І была дзяржава са сваёй старабеларускай мовай, на якой напісаны статуты ВКЛ. Тады здараліся частыя набегі татараў і маскоўцаў, якія руйнавалі край. Але пасьля колькіх мірных год усё ўзнаўлялася.
А вось пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі дзяржаву акупавалі расейскія войскі, магнатэрыя і шляхта пачалі зьнікаць. Потым Ленін і бальшавікі, гэтыя нэакалянізатары, прыдумалі “сацыялізм” ды “савецкасьць”, каб замаскаваць сваю акупацыйна-каляніяльную палітыку. Сёньня ў нас няма нацыянальнай буржуазіі, а выгадавана акупацыйна-каляніяльная расейскамоўная бюракратыя (буржуазія). І беларусы, ня маючы сваёй буржуазіі, ня маюць і эканамічнага падмурку для разьвіцьця беларускага этнасу”.
Гісторыя сьведчыць, спадар Мікуцэвіч, што нацыянальныя праблемы беларусаў пачаліся задоўга да бальшавіцкага перавароту 1917 году, і нават да падзелаў Рэчы Паспалітай, што адбываліся напрыканцы 18 стагодзьдзя. І магнаты, і шляхта ўжо зь сярэднявечча, з таго часу, як пачало слабець Вялікае Княства, сталі хіліцца да культуры і мовы тых сваіх суседзяў, якія былі мацнейшыя (спачатку гэта былі палякі, потым расейцы). Пазьней да гэтага працэсу далучылася і буржуазія. Сёньня адраджэньне нацыянальнай культуры, мовы (і ўвогуле нацыянальнай самасьвядомасьці) залежыць зусім не ад нейкай сацыяльнай групы ці клясы, а найперш ад дзяржавы, ад дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне.
Паглядзіце, як пасьпяхова вырашаюць гэту праблему ва Ўкраіне. Хоць яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў становішча беларускай і ўкраінскай моваў было прыблізна аднолькавае: яны цярпелі ад дыскрымінацыі і былі фактычна выціснуты з грамадзкага ўжытку. Сёньня ж ва Ўкраіне дзякуючы дзяржаўнай палітыцы нацыянальная мова стала асноўнай, яна вернута ў справаводзтва, адукацыю, культуру, сродкі масавай інфармацыі. Беларуская ж дзяржава дэманструе палітыку зусім іншага кшталту. Адпаведна, зусім іншы і вынік.
Кароткі ліст-просьба зь вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёну ад нашага слухача Дзяніса Барэйкі, які пачуў па “Свабодзе” перадачу “Вольная студыя” з удзелам палітоляга і журналіста Аляксандра Фядуты:
“Падкажыце, калі ласка, дзе можна набыць кнігу Фядуты “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”, пра якую вы нядаўна расказвалі па “Свабодзе”. Пытаўся ў нашых кнігарнях, але там пра яе нічога ня ведаюць”.
На жаль, спадар Барэйка, у мясцовых кнігарнях гэту кнігу вам набыць ня ўдасца — такую літаратуру беларускія ўлады рэалізоўваць забараняюць. У вольным продажы яна ёсьць у маскоўскіх кнігарнях, але наўрад ці вы маеце магчымасьць часта там бываць. Днямі я размаўляў з аўтарам кнігі Аляксандрам Фядутам: ён паабяцаў, што тыя нашы слухачы, якія зьвярнуліся на “Свабоду” з падобнымі просьбамі, неўзабаве будуць мець магчымасьць атрымаць гэтую кнігу поштай.
На заканчэньне кароткі ліст ад Анастаса Семяновіча з пасёлку Бараўляны Менскага раёну. Слухач дзеліцца добрай навіной:
“Вельмі добра стала чуваць Беларускую “Свабоду”. Рэдка здараюцца дні, калі вас заглушаюць шум ды трэск. “Свабоду” я слухаю ў асноўным увечары, а васямнаццатай гадзіне — на частаце 15.215 кілягерцаў, ці а дваццатай гадзіне — на частаце 15.480 кілягерцаў. Часта настройваюся на вашы хвалі і раніцай на кухні, тады няблага чуваць і на сярэдняй хвалі 612 кілягерцаў. Было б вельмі добра, каб вы ўвесь час так працавалі, і каб “Свабоду” заўсёды было так добра чуваць”.
Мы шчыра ўдзячныя вам, спадар Семяновіч, за прыемную навіну і за добрыя пажаданьні. Будзем і надалей рабіць усё ад нас залежнае, каб Беларуская “Свабода” гучала ў вашым доме без перашкод і каб вы першы даведваліся праўдзівыя навіны зь Беларусі і сьвету.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках зь Рыгі, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Віктар Бута зь Менску, Зыгмунт Дзякевіч зь вёскі Пянценішкі Воранаўскага раёну і Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by