ІV Міжнародны кангрэс беларусістаў наглядна прадэманстраваў абыякавасьць беларускіх уладаў да таго, як успрымаюць Беларусь у сьвеце. На кангрэсе не зрабіў ласку папрысутнічаць ніводзін дзяржаўны чыноўнік, культурную праграму ўвогуле адмянілі. Многія ўдзельнікі кангрэсу разьяжджаліся па сваіх краінах, не хаваючы расчараваньня. І сапраўды, калі беларушчынай не цікавяцца ў афіцыйным Менску, то ці патрэбная яна ў Будапэшце, Лёндане ці Токіё… Прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту гісторык Яўген Мірановіч пасьля кангрэсу даў інтэрвію для нашага радыё.
(Міхась Скобла: ) “Спадар Яўген, вітаю вас у Беларусі. Я ведаю, што вы бралі ўдзел і ў папярэдніх кангрэсах беларусістаў. Якія ўражаньні маеце ад сёлетняга?”
(Яўген Мірановіч: ) “На ранейшыя кангрэсы прыяжджалі ў два разы больш удзельнікаў. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, навукоўцы з Акадэміі навук, унівэрсытэтаў. Цяпер жа толькі самі ўдзельнікі — самі выступалі, самі слухалі. Мы бачым, як за некалькі гадоў значна панізіўся ранг Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. А яна выконвае вельмі важную ролю. На кангрэс прыяжджалі людзі, якія займаюцца Беларусьсю з навуковага пункту гледжаньня, якія займаюцца літаратурай, мовай, гісторыяй, сацыялёгіяй беларускага грамадзтва. Яны спрыяюць пашырэньню ведаў пра Беларусь ва ўсім сьвеце. І я са зьдзіўленьнем успрымаю той факт, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў пашырэньні гэтых ведаў.
Веды пра сваю краіну трэба старацца пашыраць праз інтэлектуальныя эліты другіх краінаў. Іх прадстаўнікі акурат і былі дэлегатамі кангрэсу. Прычым ня толькі з суседніх краінаў, але і госьці зь Нямеччыны, Вугоршчыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі. Навукоўцы, якія вывучаюць праблемы той ці іншай краіны, зьяўляюцца яе найлепшымі амбасадарамі. Яны працуюць пераважна ва ўнівэрсытэтах і маюць магчымасьць расказаць пра свае дасьледаваньні шырокай аўдыторыі, прычым ня толькі навукова, але й эмацыйна. Глыбей спазнаўшы краіну, можна й палюбіць. Усё можна палюбіць. У навуцы гэта часта здараецца: людзі вывучаюць нейкую праблему і яе звычайна любяць. Маю нямала калег, якія займаюцца гісторыяй Беларусі, і — любяць яе, любяць Беларусь. І расказваюць пра Беларусь больш аб’ектыўна, чым журналісты, якія звычайна прыяжджаюць на дзень-два, робяць нейкія сэнсацыйныя здымкі, найчасьцей карыкатурныя, і ад’яжджаюць”.
(Скобла: ) “Многія ўдзельнікі кангрэсу ад’ехалі зь Беларусі расчараваныя. А вы зь якім настроем вяртаецеся ў Беласток?”
(Мірановіч: ) “Не, расчараваньня вялікага не перажываю. Я ўсё ж беларус... Калі я бываю ў Менску, то пераважна сяджу ў архівах і займаюся часьцей гісторыяй, а не сучаснасьцю. У гэты прыезд мяне сёе-тое, наадварот, уразіла са станоўчага боку. Днямі ішоў міма стадыёну, дзе акурат адбваўся матч Беларусь—Шатляндыя. І ўжо ад праспэкту Францішка Скарыны чуў толькі адно скандаваньне: “Беларусь! Беларусь! Беларусь!”. Падышоў бліжэй. Дзясяткі маладых людзей стаялі ля агароджы стадыёну (відаць, ня трапілі на матч) і падтрымлівалі беларускую каманду. Яны не крычалі: “Савецкі Саюз” ці “Шатляндыя”, яны крычалі: “Беларусь!”. Гэта значыць, што ваша грамадзтва так ці іначай ідзе ў пажаданым кірунку”.
(Скобла: ) “Польшча ў беларускай гістарыяграфіі выглядае не заўсёды прывабна. На жаль, былі ў нашай агульнай гісторыі і Картуз-Бяроза, і Армія Краёва… А як выглядае Рэспубліка Беларусь у польскай гістарыяграфіі?”
(Мірановіч: ) “Гісторыі Беларусі ў Польшчы адводзіцца вельмі мала ўвагі. Гісторыі больш далёкіх краінаў — Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі — у польскіх унівэрсытэтах, у школьных падручніках адводзіцца ў дзясяткі, а то і ў сотні разоў больш месца. Мой калега з Уроцлаўскага ўнівэрсытэту падлічыў, што Беларусі ў падручніках для ліцэістаў і гімназістаў адведзена ўсяго паўтары старонкі. Так што Беларусі ў польскай гістарыяграфіі амаль не існуе. Пра сучасную Беларусь, звычайна, паведамляецца толькі дзьве рэчы. Першая — узьнікненьне незалежнай Рэспублікі Беларусі ў 1991 годзе, і другая — што ў 1994 годзе ўладу ў ёй пераняў Аляксандар Лукашэнка. Гэта адзіная асоба сучаснай Беларусі, якая выступае ў польскіх падручніках”.
(Скобла: ) “Вось табе й маеш… Беларусы з польскай гісторыі ведаюць не аднаго Квасьнеўскага”.
(Мірановіч: ) “На жаль. Пра Беларусь сучасную ў польскіх падручніках, як правіла, усяго тры-чатыры сказы: гаворыцца пра аўтарытарную сыстэму і нічога больш. Няма ніякага аналізу гэтай сыстэмы. Увогуле, з польскіх падручнікаў не відаць Беларусі як самадастатковай краіны. Беларусь са старонак польскіх СМІ па-ранейшаму паўстае як “краіна калхозьнікаў”. Палякі ня ведаюць, што 70% насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, што ёсьць прамысловасьць, што ёсьць унівэрсытэты. Пра Беларусь у Польшчы ўяўленьне хутчэй міталягічнае, чым рэальнае”.
(Скобла: ) “Вы выкладаеце гісторыю ў Беластоцкім унівэрсытэце. У Беларусі ўжо тройчы ці чацьвёрачы перарабляліся падручнікі па гісторыі, пакуль дацэнт з Магілёва не напісаў падручнік, зь якога сьмяюцца спэцыялісты, але студэнты вымушаныя па ім займацца. А па якіх падручніках навучаюцца польскія студэнты?”
(Мірановіч: ) “Ніякай дзяржаўнай палітыкі што да стварэньня падручнікаў па гісторыі няма. Іх пішуць тыя, хто мае адпаведную навуковую падрыхтоўку. Зразумела, ёсьць рэцэнзэнты, але аўтар можа й не пагаджацца зь іхнымі заўвагамі. Канчатковае рашэньне прымае выдавец. А дзяржава часам спрыяе і дафінансоўвае выданьне тых ці іншых падручнікаў. Цэнзуры як такой няма. Але ёсьць нешта больш важнае. Польскія гісторыкі мысьляць катэгорыямі нацыянальнага інтарэсу. Тое, што супярэчыць нацыянальным польскім інтарэсам, тое, што кампрамэтуе палякаў, самі аўтары стараюцца падаць асьцярожна. Ёсьць рацыя стану дзяржавы, ёсьць рацыя стану народу.
На жаль, у Беларусі гэта адсутнічае. Нейкі ўраднік вырашае — які падручнік патрэбен. Вырашальным зьяўляецца думка ўрадніка, а не грамадзкая думка, не пачуцьцё гонару за сваю краіну. Гэта ёсьць ненармальным”.
(Скобла: ) “У сваіх гістарычных працах, якія публікуюцца ў Польшчы, вы пішаце, што ўзьнікненьне ды існаваньне незалежнай Беларусі — ня воля беларускага народу, а вынік міжнароднай каньюнктуры. Мне здаецца, што гэта не зусім гістарычны погляд”.
(Мірановіч: ) “Падобнае пісана для польскіх інтэлектуалаў, якія пра Беларусь ведаюць няшмат. Я фармаваў тэзы, у тым ліку і тыя, пра якія вы гаворыце, маючы на мэце найперш чытача ў Польшчы. Беларусі незалежнай не было б, каб не распаўся Савецкі Саюз, каб не адбыліся палітычныя пераўтварэньні ва Ўсходняй Эўропе. Палітычны і нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі ў параўнаньні, напрыклад, з Украінай ці Прыбалтыкай, быў нешматлікі. Мы ж ня можам сказаць, што рух грамадзкі, зьнізу, ад народу, быў рухавіком зьменаў дзеля таго, каб дасягнуць сувэрэнітэту. Таму калі зьявіўся палітычны лідэр, які запрапанаваў вярнуць формы існаваньня з эпохі Савецкага Саюзу, яго падтрымала беларускае грамадзтва”.
(Скобла: ) “Вы аўтар кнігі “Найноўшая гісторыя Беларусі”, якая выйшла ў Менску ў перакладзе на беларускую мову. У кнігарнях у вольным продажы яе няма. Я набыў яе, што называецца, з-пад прылаўка. Чаму? Кнігагандлярка разгарнула кнігу і паказала разьдзел “Куды вядзе Беларусь Аляксандар Лукашэнка”. У вас ёсьць вычарпальны адказ на гэтае пытаньне?”
(Мірановіч: ) “Разьдзел, пра які вы згадалі, цалкам складаецца з пытаньняў. Там няма адказаў. Адказаў пакуль быць ня можа. Пакуль Лукашэнка недзе вядзе Беларусь. Куды вядзе — ня змог акрэсьліць ніводзін з палітолягаў ні ў самой Беларусі, ні ў Эўропе. На падобнае пытаньне не павінны адказваць гісторыкі, якія працуюць на аснове фактаў, дакумэнтаў, якія ўжо сьцьверджаны. Мы, гісторыкі, пра гісторыю можам гаварыць як пра нешта мінулае. А тут мы маем працэс, які трывае”.
(Скобла: ) “У вашай кнізе зьмешчаныя цікавыя ілюстрацыі. Сярод іншых — Плошча Незалежнасьці ў выглядзе турэмнай камэры. Ці не занадта змрочна для падручніка па гісторыі?”
(Мірановіч: ) “Магчыма, зьмест кнігі “натхніў” мастака на такія ілюстрацыі. А магчыма, яны трапілі ў кнігу ўжо гатовымі. Я ня ведаю. З мастаком, які афармляў кнігу, мне не ўдалося пазнаёміцца”.
(Скобла: ) “З вашай кнігі я даведаўся цікавы факт. Аказваецца, найвялікшыя наклады беларускамоўныя кнігі мелі за сталінскім часам. Біяграфія Сталіна выйшла колькасьцю 1 мільён асобнікаў. Гэта рэкорд. Добры козыр вы даяце беларускім сталіністам, якія цяпер могуць з поўным правам заявіць: а Язэп Вісарыёнавіч таксама думаў пра Беларусь…”
(Мірановіч: ) “Кожны можа назваць белае чорным, а чорнае — белым. Гэта яго права. Але я пішу выразна, што прыхільнасьць сталінскіх уладаў да беларушчыны — гэта іх рэагаваньне на палітыку ўладаў нямецкіх. Ну, калі пры немцах было школьніцтва на беларускай мове, калі друкаваліся беларускамоўныя газэты, то як магла савецкая ўлада, калі вярнулася, быць горшаю за нямецкую? У 1940-х — пачатку 1950-х гадоў 93% кніг у Беларусі выдаваліся па-беларуску.
Другі фэномэн сталінізму — гэта яго рэлігійнасьць. Вы зьвярніце ўвагу, ідэалёгія сталінізму — яна рэлігійная ў сваёй аснове. Толькі месца Бога заняў Сталін. І Сталін ласкава дазволіў маліцца да сябе на ўсіх мовах, ня толькі па-расейску, але й па-кітайску, па-польску, па-ўкраінску. Калі памёр Сталін, плакалі ня толькі ў Маскве, але і ў Менску, Варшаве ды другіх сталіцах, дзе сталінізм быў прышчэплены як веравызнаньне”.
(Скобла: ) “Партрэт Лукашэнкі ў Беларусі ўжо вешаюць на покуць, як некалі партрэт Сталіна. Ці не чакае беларусаў новы культ асобы?”
(Мірановіч: ) “Можа, хто і хоча гэтага, але такія пляны ёсьць невыканальнымі. Сёньня ёсьць альтэрнатыўная магчымасьць інфармаваць грамадзтва, Інтэрнэт дазваляе кантактаваць з усім сьветам. Існаваньне дзяржаўнае ідэалёгіі накшталт сталінізму ў сучаснай Беларусі немагчымае”.
(Скобла: ) “У свой час вы працавалі галоўным рэдактарам беларускага тыднёвіка “Ніва”, што выходзіць у Беластоку. Апошнім часам польскія ўлады маюць да газэты прэтэнзіі. Наколькі яны сур’ёзныя, і ці застанецца ў беларусаў Беласточчыны свая друкаваная трыбуна?”
(Мірановіч: ) “Праўдападобна, газэта будзе выходзіць. Забараніць “Ніву” ўлады ня маюць права, яны могуць грошай на яе выданьне ня даць. Проста сёньня адносіны Польшчы і Беларусі не спрыяюць нармальнаму існаваньню беларускай меншыні ў Польшчы, а польскай — у Беларусі. От, палякі прыдумалі дзеля патрыятычнага абавязку, што трэба панадакучаць сваёй меншасьці, якая атаясамліваецца зь дзяржавай, на якую Варшава паглядае ня вельмі прыхільна. Гэта вельмі выразна відаць, калі параўнаць стаўленьне польскіх уладаў да беларускай і ўкраінскай ці літоўскай меншасьцяў”.
(Скобла: ) “Якой будзе беларуская палітыка Польшчы ў бліжэйшай пэрспэктыве? Ці будзе Польшча спрыяць дэмакратызацыі Беларусі, ці мусіць закрыць межы — і рабіце сабе, беларусы, што хочаце…”
(Мірановіч: ) “Польшча, як чалец Эўразьвязу, мае шмат магчымасьцяў, каб паспрыяць Беларусі. Можа, напрыклад, дапамагчы з адукацыяй беларускай моладзі, дапамагчы з альтэрнатыўнай інфармацыяй. Я перакананы: Беларусь ня будзе стаяць на месцы, яна будзе рухацца ў тым самым кірунку, у якім ідзе ўся Эўропа. І нікуды яна не ўцячэ. Тая палітычная сыстэма, якая існуе ў Казахстане ці Ўзбэкістане, ня вельмі падыходзіць да мэнталітэту беларусаў. Беларусы ўсё ж належаць да эўрапейскай цывілізацыі. Беларуская дарога да эўрапейскай інтэграцыі пралягае праз Польшчу. І Польшча павінна быць натуральным партнэрам Беларусі ў справе набліжэньня яе да Эўразьвязу”.