ЛЮКСЭМБУРГ. Лідэры краінаў Эўрапейскага зьвязу спрабуюць прыйсьці да згоды ў справе буджэту Эўразьвязу на 2007-20013 гады. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр адкінуў кампрамісную прапанову Люксэмбургу, а гэтая краіна старшынюе цяпер у аб’яднанай Эўропе, каб вярнуць Лёндану частку брытанскіх складак у буджэт.
Блэр лічыць, што праблему трэба разглядаць у больш шырокім кантэксьце, абмеркаваўшы ўсю структуру выдаткаў Эўразьвязу, перадусім аграрных субсыдыяў.
(Блэр) “Безумоўна, усе хочуць знайсьці справядлівае рашэньне, але з такіх пазыцыяў трэба глядзець і на ўвесь мэханізм фінансаваньня Эўропы, бо, як я ўжо нядаўна казаў, у пачатку ХХІ стагодзьдзя Эўропа сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі. Пытаньне стаіць так: як правільна фінансаваць эўрапейскія інстытуты, каб вырашыць усе гэтыя праблемы?”
Учора Блэр абмяркоўваў гэтыя пытаньні з канцлерам Нямеччыны Гэрхардам Шродэрам, а сёньня з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам. У справе эўрапейскага буджэту спадар Шродэр заявіў.
(Шродэр) “Мы як і раней лічым буджэтную дысцыпліну абавязковай ня толькі для асобных краінаў, але й для усіх эўрапейскіх інстытутаў. І мы як і раней выступаем за тое, каб захаваць аб’ём буджэту ў межах 1% ад эўрапейскага валавога ўнутранага прадукту. Мы, аднак, гатовыя да кампрамісу ў інтарэсах Эўропы. І чакаем гэтага таксама ад нашы партнэраў”