Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малако засьцерагае ад інсульту і хваробаў сэрца


Кастусь Бандарук, Прага Да такой высновы прыйшлі брытанскія навукоўцы.

“Спажываньне як мінімум адной шклянкі малака ў дзень заўважна зьмяншае рызыку інсульту і хваробаў сэрца,” – лічыць прафэсар Пітэр Элвуд з Кардыфскага ўнівэрсытэту. Ён падсумаваў вынікі 10 буйнамаштабных дасьледаваньняў, праведзеных у Злучаных Штатах, Вялікай Брытаніі, Італіі, Японіі і Нідэрляндах. Агулам у дасьледаваньнях узялі ўдзел ажно 400 тысяч мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 8 да 28 гадоў.

Прафэсар Элвуд прыйшоў да высновы, што спажываньне большай колькасьці малака зьмяншае на 13% рызыку хваробаў сэрца і на 17% – інсульту. Сам прафэсар цягам больш як 20 гадоў зьбіраў дадзеныя пра харчаваньне і лад жыцьця 2,5 тысяч мужчын ва ўзросьце 45-59 гадоў. Ён сьцвердзіў, што ў мужчынаў, якія мелі звычку выпіваць прынамсі шклянку малака ў дзень, рызыка інсульту і хваробаў сэрца была на траціну меншая, чым у тых, хто цалкам ня піў малака.

Малако і малочныя вырабы традыцыйна лічыліся адным з самых неабходных прадуктаў харчаваньня. Паводле навукоўцаў, малако амаль на 100% забясьпечвае арганізм кальцыем, які побач з магніем і фосфарам неабходны для правільнай пабудовы костак. Кальцый з каровінага малака засвойваецца арганізмам у больш як на 30% значна лепш, чым у выпадку расьлінных прадуктаў.

Малако зьяўляецца багатай крыніцай таксама іншых мінэралаў, вітамінаў A, B, D і Е, бялкоў, асноўнага будаўнічага матэрыялу нашых клетак і тканак, а таксама вугляводаў, якія даюць арганізму энэргію. Малако мае шэраг тэрапэўтычных уласьцівасьцяў. Яно, у прыватнасьці, засьцерагае ад астэапарозу і шэрагу мэтабалічных хваробаў. Вось таму яно рэкамендуецца як дзецям, у якіх косткі растуць, так і людзям у пажылым веку, у якіх косткі – ломкія. У “пірамідзе здаровага харчаваньня” малако, а таксама ёгурт, кеефір, тварог, сыры і малочнае лёдава займаюць адно з самых пачэсных месцаў.

Аднак ня ўсе захапляюцца малаком. Нават некаторыя мэдыкі лічаць, што малако дапушчальнае толькі ў выпадку малых дзяцей, бо яны могуць прымаць толькі вадкія харчы. Асноўны мінус малака і малочных прадуктаў, гэта тое, што арганізм некаторых людзей не прымае малочнага цукру-лактозы. Іншая небясьпека, гэта прысутнасьць мікробаў. Пастэрызыцыя, гэта значыць падаграваньне малака да 75 градусаў цягам 15-20 сэкундаў, не забівае ўсіх бактэрыяў. З гэтай прычыны рэкамэндуецца піць гатаванае малако. Самі вытворцы малака ўсё часьцей скарыстоўваюць мэтад стэрылізацыі: падаграваньне малака на пару сэкундаў да тэмпэратуры 150 градусаў.

Амэрыканскія дыетолягі надаюць вялікае значэньне ўзроўню тлушчу ў малацэ. Гэта зьвязана з эпідэміяй атлусьценьня амэрыканцаў, у тым ліку дзяцей. Празьмерную вагу маюць ў 16% амэрыканскіх дзяцей у школьным узросьце. Атлусьценьне як маладых, так і старэйшых амэрыканцаў тлумачыцца празьмерным спажываньнем бульбы-фры, чыпсаў, гамбургераў і салодкіх газаваных напояў. Даўжэйшы час амэрыканская Нацыянальная Рада Малочных Прадуктаў ўжывала ў камэрыцыйных мэтах стандартную фразу “малако – добрае для твайго цела”. Два гады таму Рада выдаткавала 200 мільёнаў даляраў на дасьледаваньне, якое павінна было даказаць, што малако дапамагае згубіць вагу.

Аднак вучоныя з Гарвардзкага ўнівэрсытэту на чале з Гэлен Рокет часткова расчаравалі вытворцаў малочных прадуктаў. Яны абсьледавалі 13 тысяч дзяцей ва ўзросьце ад 9 да 14 гадоў. Аказалася, што дзеці, якія згодна рэкамендацыям выпіваюць больш як 3 шклянкі малака, хутчэй таўсьцеюць, чым худнеюць. Справа ў тым, што пераважная большасьць дзяцей спажывае тлустае малако. “У малацэ шмат калёрыяў, – кажа Гэлен Рокет. – Калі ў дзіцяці праблемы з вагою, ягоным галоўным напоем павінна быць вада”.

У цэлым амэрыканскія вучоныя ня супраць малака. Яны проста рэкамэндуюць піць абястлушчанае малако. Паводле амэрыканскай дасьледчыцы Катрын Бэркей, аптымальны варыянт – гэта малако, у якім 1% тлушчу. У шклянцы такога малака 85 калёрыяў, у той час калі ў шклянцы тлустага малака – 150 калёрыяў. Вось таму, паводле дыетолягаў, дапушчальны ўзровень тлушчу ў малацэ – 2%. У такім абястлушчаным малацэ дастатковая колькасьць вітамінаў і мінэралаў. Калі малако абястлушчана да 0,5 %, дык яно ў гэтым сэнсе непаўнавартаснае.

Іншая група брытанскіх вучоных з Брыстальскага ўнівэрсытэту разьвеяла міт, нібыта спажываньне малака падвышае крывяны ціск і ўзровень халестырыну. Цягам 20 гадоў яны сачылі за станам здароў’я 750 мужчынаў. За гэты пэрыяд 54 з абсьледваных мужчынаў перажылі інсульт, 139 зь іх мелі ішэмічную хваробу сэрца, а 225 чалавек – памерлі. Вучоныя апытвалі іх на акалічнасьць таго, як яны харчуюцца, што ядуць і што п’юць на працягу ўсяго тыдня. Аказалася, што ўсе мужчыны, якія пілі шмат малака, але абястлушчанага, былі больш энэргічныя і актыўныя, чым тыя, якія спажывалі яго зрэдку і няшмат. Ад поснага малака яны таксама не таўсьцелі, што заўсёды лічылася адным з галоўных аргумэнтаў супраць спажываньня малака. І што асабліва важна – узровень халестырыну і крывянога ціску заставаўся ў іх у норме.
XS
SM
MD
LG