Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэты добрага прыёму на сярэдняй хвалі


Сяргей Шупа, Прага Мы працягваем атрымваць нараканьні нашых слухачоў наконт якасьці прыёму нашых праграмаў. Каб разам з вамі палепшыць сытуацыю з прыёмам Радыё Свабода распачала сэрыю спэцыяльных перадачаў – “Настрой на Свабоду”, прысьвечаных радыёпрыёму наагул і прыёму нашых праграмаў у прыватнасьці.

Усім нашым слухачам добры дзень. У папярэдняй перадачы мы гаварылі пра тое, як палепшыць прыём нашых праграмаў на кароткіх хвалях. Аднак апрача кароткіх хваляў Беларускую Свабоду можна прымаць і на сярэдніх хвалях. Падрабязьней пра гэта – у нашай сёньняшняй перадачы.

Перавага сярэдніх хваляў над кароткімі ў тым, што сярэднехвалевы дыяпазон мае абсалютная бальшыня прыймачоў, у тым ліку, напрыклад, аўтамабільных (аўтамабільны прымач з кароткімі хвалямі – вельмі вялікая рэдкасьць). Аднак маюць сярэднія хвалі і свой мінус – радыёперадатчык мусіць быць дастаткова магутны і знаходзіцца як мага бліжэй да месца прыёму. У нашым канкрэтным выпадку справы выглядаюць так: праграмы Беларускай Свабоды рэтрансьлююцца нашымі калегамі з Радыё Балтыйскія Хвалі празь перадатчык, які разьмешчаны ў самым цэнтры Вільні – адлегласьць напрасткі да Менску складае каля 170 кілямэтраў. У паўночна-заходняй частцы Беларусі – за Лідай, Паставамі, Маладэчнам – гэтая станцыя на частаце 612 кілягэрцаў або 490 мэтраў наагул самая моцная ў дыяпазоне сярэдніх хваляў, і таму як слухаць нас там – тлумачыць ня трэба.

А што рабіць ты, хто жыве далей – за 100 і больш кілямэтраў ад Вільні?

Умовы прыёму на сярэдніх хвалях адрозьніваюцца ў залежнасьці ад таго – цёмна цяпер за акном або сьветла. У сьветлую частку сутак да прыймача даходзіць толькі гэтак званая наземная або паверхневая хваля – у нашым выпадку яна гасьне на адлегласьці каля 200 кілямэтраў ад Вільні, далей на частаце 612 кілягэрцаў удзень нас не чуваць.

У цёмную частку сутак пашыраюцца ня толькі наземныя радыёхвалі, але і гэтак званыя нябесныя або прасторавыя хвалі, якія адбіваюцца ад іянасфэры і вяртаюцца на зямлю, што значна пашырае дальнасьць прыёму. Таму ўвечары сярэднехвалевы дыяпазон запаўняецца галасамі шматлікіх станцыяў, якія працуюць на адлегласьці да некалькіх тысячаў кілямэтраў ад прыймача. Для нас з аднаго боку гэта добра, бо сыгнал віленскага перадатчыка можна прымаць на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Але з другога боку – па-першае ў эфіры ў гэтым часе зьяўляюцца шматлікія станцыі-канкурэнты, а па-другое наземная і нябесная хваля могуць, накладаючыся адна на адну, узаемна гасіцца, і тады могуць утварацца своеасаблівыя сьляпыя зоны, дзе гэты сыгнал можа быць зусім ня чутны.

Вось гэтулькі тэорыі, а зараз пра тое, як практычна палепшыць прыём нашых праграмаў на частаце 612 кілягэрцаў, г.зн. на сярэдняй хвалі 490 мэтраў. (Дарэчы, перавесьці частоты ў мэтры вельмі лёгка – трэба 300 000 (хуткасьць сьвятла) падзяліць на частату ў кілягэрцаў – атрымаем даўжыню хвалі ў мэтрах).

Найперш не забудзьцеся, што прыймач трэба разьмясьціць як мага далей ад тэлевізара, кампутара, лядоўні, пабытовых электрапрыладаў і пажадана бліжэй да вокнаў, радыятараў; часам мае сэнс паспрабаваць перанесьці прыймач у іншы пакой – наагул пашукаць месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая і дзе няма ніякіх тэхнічных перашкодаў – калі вы ўключыце прыймач на сярэдніх хвалях, нічога не павінна гудзець або трашчаць.

Уключыце ваш прыймач у часе нашага вяшчаньня (ад 6-ай да 8-ай раніцы і ад 1800 да поўначы) і паспрабуйце злавіць нашую хвалю на частаце 612 кілягэрцаў або 490 мэтраў (у залежнасьці ад таго – якая разьметка ў вашым прыймачы).

Як толькі вы яе злавілі – паспрабуйце павольна паварочваць прыймач вакол вэртыкальнай восі – як компас – пакуль не намацаеце найлепшую чутнасьць. Можна зрабіць наадварот – паварочваць, пакуль чутнасьць будзе найгоршая – і павярнуць прыймач на 90 градусаў. У ідэале прыймач мусіць глядзець сваёй пярэдняй або задняй панэльлю на паўночны захад – у бок Вільні. Гэтую апэрацыю варта паўтарыць у розных пакоях.

Вядома ж, калі вы жывяце ў доме з жалезабэтонных каркасных канструкцыяў, вам давядзецца зрабіць асобную антэну – для гэтага трэба ўзяць 20-30 мэтраў тонкага медзянога дроту (накшталт абмоткі трансфарматараў) накруціць сьпіральлю, напр. на алоўку, і расьцягнуць на бальконе ці за акном. Зачышчаны ад ізаляцыі канец антэны замацаваць у спэцыяльным антэнным гнязьдзе на задняй панэлі прыймача.

Вось збольшага ўсё, што датычыць прыёму нашых праграмаў на сярэдніх хвалях. Чакаем вашых водгукаў пра якасьць прыёму.

Завяршаючы перадачу, я зноў зьвяртаюся да слухачоў з просьбай – напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрас электроннай пошты - belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.

***

Для інтэрнэт-наведнікаў нагадваем, што нас можна слухаць у інтэрнэце і нават праз сатэліт:

Жывы эфір беларускай службы Радыё Свабода ў фармаце Real Audio або Windows Media

Поўны аўдыё-архіў за любы дзень у фармаце Real Audio або Windows Media

Устаноўкі для слуханьня беларускай праграмы Радыё Свабода праз сатэліт:

Спадарожнік HOTBIRD 3 13° на ўсход POLARIZATION: Vertical FREQ: 12.226 GHZ FEC: 3/4 SYMBOL RATE: 27.50 MS/s VIDEO & PCR PID: HB1-8:4260 HB9-28:4360 DATA RATE: 192 kbps ENCODING: MPEG2
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG