Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя прафсаюзы пашыраюць уплыў на прыватныя прадпрыемствы


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Афіцыйныя прафсаюзы Гомельшчыны робяць захады дзеля стварэньня сваёй суполкі на прыватных прадпрыемствах. Найбольшую актыўнасьць выяўляе прафсаюз працаўнікоў каапэратываў, малых прадпрыемстваў, іншых формаў прадпрымальніцтва “Судружнасьць”.

Старшыня абласной рады прафсаюзу “Судружнасьць” Васіль Ганчарэнка распавёў, што толькі сёлета на прыватных прадпрыемствах ім удалося стварыць больш як два дзясяткі прафсаюзных суполак. У тым ліку ў таварыстве “СКАР” у Калінкавічах, у спэцыяльным канструктарскім бюро “Абарона” ў Гомелі, шэрагу іншых арганізацыяў.

Аднак, паводле сьцьверджаньня спадара Ганчарэнкі, людзі ня надта сьпяшаюцца ў прафсаюз.

(Ганчарэнка:) “Ня вельмі ідуць, ня вельмі сьпяшаюцца ў прафсаюз. Пэрыяд трасеньня паветра сышоў”, — кажа кіраўнік “Судружнасьці” Васіль Ганчарэнка.

Шараговыя працаўнікі ў афіцыйны прафсаюз уступаюць часта таму, што іншага выбару няма. Гаворыць мэнэджарка таварыства “СКАР” з Калінкавічаў спадарыня Натальля:

(Натальля: ) “А мы не выбіралі. Хіба ж быў які кастынг ці іншая магчымасьць выбраць прафсаюз. Нам прапанавалі — мы ўступілі. Асабіста мне па барабане, які гэта прафсаюз. Галоўнае, каб маё дзіця паехала летам адпачыць у добрае месца. А які прафсаюз гэта зробіць, мне абсалютна абыякава”.

Старшыня прафкаму гомельскага заводу “Эталён” Валянціна Залатар сваё далучэньне да прафсаюзу “Судружнасьць” патлумачыла так:

(Залатар: ) “Я, як старшыня прафкаму, прытрымліваюся старых поглядаў. Магчыма, так і нашы людзі. Калі б быў малады старшыня прафкаму, ён і думаў бы па-новаму. А я думаю так, значыць, і людзі так”.

Між тым, кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Віктар Казлоў распавядае пра мэтанакіраванае разбурэньне на прадпрыемствах альтэрнатыўных прафсаюзных суполак:

(Казлоў: ) “Адміністрацыі дзяржаўных і акцыянэрных прадпрыемстваў разбураюць суполкі незалежных прафсаюзаў. Скасоўваюць юрыдычныя адрасы няўгодных прафсаюзных арганізацыяў, прымушаюць працаўнікоў пісаць заявы наконт выхаду зь незалежных прафсаюзаў і ўступленьня ў афіцыйны прафсаюз прамысловасьці. Так было, у прыватнасьці, на прадпрыемстве “Рытм” у Рэчыцы, у Гомельскім канструктарскім бюро сыстэмнага праграмаваньня, шэрагу іншых прадпрыемстваў”.

Падобным чынам зьліквідаваныя суполкі незалежных прафсаюзаў на радыёзаводзе, прадпрыемствах “Ратон”, “Карал”. На апошнім прадпрыемстве каля 400 рабочых, пакінуўшы пад націскам прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, не ўступілі ў афіцыйны прафсаюз прамысловасьці.

Паводле некаторых зьвестак, на Гомельшчыне цяпер каля 75 тысяч працаўнікоў прыватных прадпрыемстваў, якія не зьяўляюцца сябрамі ніякага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG