Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод ляўрэатаў Дзяржаўнай прэміі — ніводнага прадстаўніка літаратуры, музыкі, тэатру


Ігар Карней, Менск Амаль тыдзень намінанты на дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва чакаюць, калі афіцыйныя газэты надрукуюць прозьвішчы ляўрэатаў за 2003—2004 гады. Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў яшчэ 7 чэрвеня, аднак з тэкстам дакумэнта дагэтуль нельга пазнаёміцца. Наш карэспандэнт выявіў: шмат каго з прэтэндэнтаў на дзяржаўную прэмію чакае расчараваньне.

Галоўная адметнасьць уганараваньня дзяржпрэміяй за 2003—2004 гады (а яна ўручаецца раз на два гады) — адсутнасьць сярод ляўрэатаў прадстаўнікоў літаратуры, кінамастацтва, музыкі, тэатру. Прэміі атрымаюць толькі архітэктары і інжынэры-будаўнікі за чыгуначны вакзал у Менску, мастакі-манумэнталісты за інтэр’еры Палацу рэспублікі, а таксама стваральнікі 12-сэрыйнай тэлестужкі “Найноўшая гісторыя”. І хоць тэкст указу не надрукаваны, але хто атрымаў прэміі, стала вядома і абмяркоўваецца ў асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі.

Людзі мастацтва адзначаюць, што прэміі атрымалі выканаўцы дзяржаўных замоваў, якія выконваліся пад асабістым кантролем кіраўніка краіны, а таксама “Найноўшая гісторыя”, якая ёсьць, па сутнасьці, фільмам пра Лукашэнку. Так лічыць рэжысэр Ігар Дабралюбаў.

(Дабралюбаў: ) “Бібліятэка, гарналыжныя спускі, “Найноўшая гісторыя”, якая тычыцца ягонага пэрыяду ўлады… І за ўсё, што ён зрабіў, трэба прэміі даць? Ён будзе даваць — сам сабе. Але дзяржпрэмія даецца за творы, за зробленую працу. А такіх работаў у кіно не было, бо ўрад, дзяржава, развалілі кінэматограф, як картачны домік. Пладзяць штогод рэжысэраў, і яны ідуць хто на тэлебачаньне, хто ў нікуды — на кінастудыі няма працы…”

(Карэспандэнт: ) “Вы самі бачылі ўганараваную “Найноўшую гісторыю”?”

(Дабралюбаў: ) “Поўная бязглузьдзіца з гледзішча мастацтва, поўная адсутнасьць сэнсу. А мастацтва бяз сэнсу не існуе. Што да “Найноўшай гісторыі”, то я прозьвішчаў такіх кінэматаграфістаў раней ня чуў. Але ў зьвязку з гэтым фільмам зусім іншыя падыходы, таму і далі. А ўвогуле ж, яе даўно называюць не дзяржаўнай прэміяй, а прэзыдэнцкай. Лукашэнка ў нас і алімпійскім камітэтам кіруе, і тэатрамі. О, Божа…”

Калі Саюз кінэматаграфістаў салідарны са спадаром Дабралюбавым — маўляў, вартых працаў за справаздачны пэрыяд не было і сваіх кандыдатаў на дзяржпрэмію не вылучаў, то астатнія творчыя калектывы пакрыўджаныя. Як, прыкладам, Саюз кампазытараў.

(Супрацоўніца Саюзу: ) “Мы вылучалі, але прэміі не далі. Была вартая кандыдатура — Пыталеў Фёдар Дзямідавіч. Як правіла, аднаго чалавека вылучаюць і адзін чалавек праходзіць. І сёлета ў нас вылучаўся Пыталеў”.

Каб неяк застрахавацца, некаторыя саюзы спрабавалі вылучыць сваіх сябраў празь іншыя калектывы. Прыкладам, кампазытара Эдуарда Зарыцкага прапанаваў на дзяржпрэмію аркестар Міхаіла Фінберга, аднак вынік той жа.

Ад Саюзу пісьменьнікаў намінантам быў Анатоль Бутэвіч, але ва ўказе, падпісаным Лукашэнкам, ягонага прозьвішча таксама няма. Народны пісьменьнік Янка Брыль на гэты конт выказаўся адназначна:

(Брыль: ) “Дык што, вам не зразумела, чаму так адбываецца?.. Я ў камэнтарах з гэтай нагоды проста не хачу станавіцца членам дзяржаўнай камісіі”.

Зрэшты, безь дзяржаўных прэміяў засталіся і людзі, якія неаднаразова падкрэсьлівалі сваё прыхільнае стаўленьне да ўлады — прыкладам, рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі, які разам з калегамі-крытыкамі прэтэндаваў на ляўрэацтва за тэатразнаўчую працу. Аднак, высілкі Саюзу тэатральных дзеячаў, ад якога вылучаўся Смольскі, таксама засталіся бяз плёну.

Архітэктарам пашанцавала болей. Віктар Крамарэнка раней збудаваў стэлу “Горад-герой Мінск”, цяпер атрымаў прэмію за вакзал. Паводле ягонага праекту будуецца Нацыянальная бібліятэка, а на разглядзе ў Лукашэнкі — праект тэлевізійнай вежы.

(Крамарэнка: ) “Калі ўсе пытаньні вырашацца, то, я спадзяюся, спыняцца на нашым праекце. Зьвязваць тэлевежу ў адно зь бібліятэкай я, натуральна, не магу, бо бібліятэка — гэта кропля ў моры беларускага бюджэту, таму гэта пытаньні, якія адно ад другога не залежаць. Мяркую, што гэта так”.

Учора ў Маскве Ўладзімер Пуцін уручаў расейскія дзяржаўныя прэміі ў галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Сума расейскай пэрсанальнай прэміі складае 5 мільёнаў расейскіх рублёў, гэта больш за 160 тысяч даляраў. Грашовая вартасьць беларускага аналягу сьціплейшая — каля 4 тысяч даляраў. Да таго ж, усе тры прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры прысуджаныя групе аўтараў і, прыкладам, 4 тысячы даляраў стваральнікі “Найноўшай гісторыі” будуць дзяліць на сем частак. А пасьля яшчэ заплацяць з гэтай сумы падаткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG