Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе будуць адбываць тэрмін апазыцыйныя палітыкі?


Любоў Лунёва, Менск Цягам двух мінулых тыдняў суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў трох апазыцыйных палітыкаў абмежаваньнем волі (так званай “хіміяй”) за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту. Мікола Статкевіч і Павал Севярынец за арганізацыю дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму будуць адбываць пакараньне 2 гады. Андрэй Клімаў за арганізацыю акцыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі — 1 год і тры месяцы. Калі Камітэт у выкананьні пакараньняў вызначыць месца адбыцьця пакараньня, тады новыя “вязьні сумленьня” паедуць у спэцкамэндатуры.

Мікола Статкевіч, Павал Севярынец і Андрэй Клімаў дагэтуль ня ведаюць, калі і куды іх накіруюць адбываць пакараньне. Паводле заканадаўства, тэрмін адбыцьця пакараньня будзе адлічвацца не ад таго часу, як прысуд уступіў у сілу, а з таго, калі асуджаны прыехаў у спэцкамэндатуру, дзе месьціцца так званая “хімія”.

Усе трое заявілі Радыё Свабода, што для іх ня мае прынцыповага значэньня, у якім менавіта рэгіёне давядзецца адбываць пакараньне. Мікола Статкевіч лічыць, што яго хутчэй за ўсё накіруюць як мага далей ад Менску. Ён заявіў, што не прызнае суду і падаваць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі ня будзе. Лідэр сацыял-дэмакратаў не выключае, што яго могуць накіроўваць за нейкія парушэньні рэжыму ў штрафны ізалятар, каб ня даць магчымасьці наведваць Менск.

(Статкевіч: ) “Мой прагноз такі, што мяне паспрабуюць накіраваць як мага далей ад Менску, трымаць пад кантролем і, магчыма, падчас прэзыдэнцкіх выбараў раптам высьветліцца, што я груба парушыў там, напрыклад, распарадак дня, ці яшчэ што, і я магу апынуцца на некалькі сутак у штрафным ізалятары. Гэта дзеля таго, каб я ня тое што ўцёк за мяжу, яны б гэтага хацелі, але каб я ня ўцёк у Менск. Усё, мабыць, будзе вызначацца прэзыдэнцкімі выбарамі. Нездарма Клімаву адмерылі паўтара году, каб, калі ён выйдзе на волю, прэзыдэнцкая кампанія скончылася. Я думаю, што тое ж будзе тычыцца і мяне, і Паўла”.

Павал Севярынец таксама ўпэўнены, што ўладам трэба яго ізаляваць выключна на пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі.

Андрэй Клімаў, з аднаго боку, рады магчымасьці адбываць пакараньне ў рэжыме адноснай свабоды; а з другога, ён ня ведае, чым для яго скончыцца яшчэ адзін суд — за паклёп і абразу Аляксандра Лукашэнкі. Тым больш, што Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў паводле гэткага ж абвінавачаньня адбываюць пакараньне за кратамі.

(Клімаў: ) “Я адчуваю сябе спакойна. У турме мне ахоўнікі рабілі заўвагі наконт рэвалюцыі, казалі: “Эх, ты, ня мог ужо крыху даціснуць. Ніхто ня ведаў. Калі б лепш папрацавалі, то людзей сабралася б у тысячу разоў болей”. Куды б мяне ні накіравалі, гэта скончыцца рэвалюцыяй. Гэта будзе беларускі П’емонт. Мы мусім разумець: якія б мы ні былі чыстыя перад законам, свабодныя рухацца, свабодныя ад перасьледу праваахоўчых органаў, як бы нас ні фінансавалі, хоць мільёны даляраў давалі, прэзыдэнцкія выбары 2006 году пры такой сытуацыі выйграць немагчыма. Мы як на фронце. Арышты, “хіміі”, турма, штрафы… Му мусім да гэтага прызвычаіцца, навучыцца жыць з гэтым і выкарыстоўваць гэта супраць рэжыму”.

Паводле Андрэя Клімава, суд за паклёп на Аляксандра Лукашэнку будзе зацягнуты на нявызначаны тэрмін. Ён упэўнены, што, калі яго накіруюць на “хімію”, то будуць час ад часу выклікаць на судовыя паседжаньні. Але, памятаючы пра лёс прадпрымальнікаў Аляксандра Васільева і Валерыя Леванеўскага, ён не выключае, што можа апынуцца за кратамі.

У судзе Першамайскага раёну Менску паведамілі, што дата судовага паседжаньня будзе прызначана праз тыдзень. Назіральнікі лічаць, што судзьдзя чакае дзесяцідзённага тэрміну, калі прысуд за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка ўступіць у сілу.

Раней “хіміяй” за паклёп на Аляксандра Лукашэнку былі пакараныя журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і Віктар Івашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG