Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусам нарадзіўся, беларусам і памру"


Міхал Стэльмак, Менск Агляд сёньняшняй беларускай прэсы

“Белорусский рынок” у сёньняшнім нумары зьвяртае ўвагу на нарошчваньне Беларусьсю вайсковага патэнцыялу. У часе нядаўняга наведваньня авіябазы ў Бярозаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліў, што павышэньне абараназдольнасьці краіны зьяўляецца найважнейшай задачай беларускага кіраўніцтва. У прыватнасьці, у блізкім часе мяркуецца набыць 10 самалётаў для практычнага навучаньня беларускіх лётчыкаў. Таксама, паводле Лукашэнкі, плянуецца закупіць сучасныя шматфункцыянальныя самалёты Су-30. Такі самалёт, як падае “Белорусский рынок”, каштуе ад 45 да 55 мільёнаў даляраў. Тыднёвік не выключае, што ў недалёкай пэрспэктыве на ўзбраеньні беларускага войска могуць апынуцца й крылатыя ракеты.

“Белорусская газета” аналізуе падпісаны на мінулым тыдні Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэт “Аб упарадкаваньні абарачэньня і выкарыстаньні імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыльлё”. Паводле выданьня, дэкрэт згортвае ў краіне чэкавую прыватызацыю жыльля. Пасьля ўступленьня яго ў сілу беларусы змогуць набыць ва ўласнасьць жыльлё толькі за грошы, прычым вялікія. У гэтай сувязі, як вынікае з публікацыі, у краіне трэба чакаць чарговага росту цэнаў на нерухомасьць.

“Брестская газета” ў сьвежым нумары разважае пра стан лёгкай прамысловасьці Беларусі, работнікі якой 12 чэрвеня адзначалі сваё прафэсійнае сьвята. У прыватнасьці, на рынках краін Эўразьвязу беларускія тавары прысутнічаюць у мінімальнай колькасьці. Прычым у сувязі зь нядаўняй адменай квотаў на пастаўку ў Эўропу кітайскай прадукцыі цэны на беларускія тавары там імкліва пакаціліся ўніз. Ня лепшая сытуацыя зь беларускай прадукцыяй складаецца й на расейскім рынку. “Белегпрам” і тут, паводле выданьня, страчвае пазыцыі.

Яшчэ адна публікацыя “Брестск’ай газеты” прысьвечана славутаму беларускаму сьпеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму. Газэта нагадвае, што ён нарадзіўся 105 гадоў таму ў вёсцы Шэйпічы на Пружаншчыне. Затым быў доўгі лёс эмігранта. Кітай, Італія, Польшча, Чэхія – толькі некаторыя з краін, жыхары якіх чулі і любілі выступы сьпевака-выгнаньніка зь Беларусі. Нягледзячы на тое, што ягоны талент ня быў запатрабаваны тагачаснай Беларусьсю, сьпявак, як падкрэсьлівае выданьне, не разьлюбіў Бацькаўшчыны. “Беларусам нарадзіўся, беларусам і памру”, – гэтыя словы Забэйды-Суміцкага “Брестская газета” вынесла ў назоў свае публікацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG