МАСКВА. Прычынай аварыі цягніка “Грозны-Масква”, паводле папярэдніх дадзеных экспэртаў расейскай ФСБ, быў замах.
Цягнік зыйшоў з рэек каля 6 гадзіны раніцы паводле Менскага часу ў Срэбанапрудзкім раёне, што недалёка ад Масквы. Перад лякаматывам адбыўся выбух. Моц выбуховага прыстасаваньня ў трацілавым эквіваленце - 3 кіляграмы.
Недалёка ад чыгуначных рэек знойдзены пульт дыстанцыйнага кіраваньня. Параненыя 40 чалавек, частка зь іх шпіталізаваныя.
Гаворыць расейскі міліцыянт – сьведка здарэньня.
(Міліцыянт) “Каля пятай гадзіны раніцы чуваць было як нешта выбухнула і вагоны пайшлі з рэек. Тады цягнік спынілі, ачапілі з галавы і з хваста. Эвакуявалі людзей і выклікалі лекараў”
Пракуратура распачала крымінальную справу паводле артыкулаў “тэрарызм” і “спроба забойства людзей”.
Паводле агенцтва БелаПАН, сярод пасажыраў цягніку былі таксама пасажыры, якія ехалі транзытам праз Маскву ў Беларусь.