Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі працягвае галадоўку ў турме, нягледзячы на пагрозы з боку адміністрацыі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня дзясяты дзень, як у Івацэвіцкай калёніі галадуе Валер Леванеўскі. Валеру Леванеўскаму ў калёніі пагражаюць расправай, калі ён ня спыніць галадоўкі. Вязень патрабуе завесьці крымінальную справу супраць чалавека, які яму пагражаў.

Напярэдадні сям’я Леванеўскага ўпершыню атрымала ад яго лісты, адасланыя пасьля пачатку галадоўкі. Валер Леванеўскі піша, што працягвае галадаваць і не здымае свайго патрабаваньня адстаўкі кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімера Коўчура, якога ён абвінавачвае ў парушэньні правоў зьняволеных. Таксама Валер Леванеўскі паведамляе, што яму пагражалі сьмерцю, калі ён ня спыніць скардзіцца на турэмнае начальства. Вось што пра гэты выпадак распавёў Радыё Свабода са словаў бацькі Ўладзімер, сын Валера Леванеўскага.

(Леванеўскі: ) “Адзін са зьняволеных, які лічыцца “аўтарытэтам” і наўпрост супрацоўнічае з адміністрацыяй, выказваў пагрозы бацьку. Казаў, што заб’е яго за тое, што скардзіцца на дзеяньні намесьніка начальніка калёніі. Але бацька не спыніў галадоўкі. Больш за тое, ён напісаў скаргу і патрабуе завесьці крымінальную справу”.

Як адрэагавалі ўлады на гэты інцыдэнт? З такім пытаньнем я зьвярнуўся ў Івацэвіцкую пракуратуру. Супрацоўнік, які сказаў, што выконвае абавязкі пракурора на час адпачынку івацэвіцкага пракурора Тамары Стасевіч, адказаў, што “сытуацыя зь Леванеўскім трымаецца на кантролі”. Пры гэтым мой суразмоўца прызнаў, што не сустракаўся зь Леванеўскім.

(Супрацоўнік пракуратуры: ) “Я зь ім не сустракаўся. Як ён сябе адчувае, ня ведаю. Усё, да пабачэньня”.

Мой суразмоўца з Івацэвіцкай пракуратуры адмовіўся назваць сваё прозьвішча. У Івацэвіцкай калёніі адмовіліся паведамляць зьвесткі пра Валера Леванеўскага.

Паводле сына Леванеўскага Ўладзімера, ягоны бацька на здароўе ў лістах ня скардзіцца. Пры гэтым ён паведамляе, што ў турэмным шпіталі яго зьмясьцілі ў ізаляваную палату — і нават калі б зь ім што здарылася, дапамогі ён дачакаўся б ня хутка.

Паводле Ўладзімера Леванеўскага, бацька піша, што не спыняе галадоўкі і не адмаўляецца ад сваіх патрабаваньняў.

Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў ужо адбыў у калёніі больш за год. Вязень разьлічваў на амністыю, аднак ёсьць вялікая верагоднасьць, што яму адмовяць у амністыі нібыта з-за парушэньняў дысцыпліны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG