Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім МЗС рыхтуюцца да выдачы візаў грузінам


Алесь Дашчынскі, Менск Рашэньне беларускіх уладаў аб увядзеньні візавага рэжыму адносна Грузіі камэнтуюць як у Грузіі, так і ў Беларусі. Старшыня грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ заявіла ў інтэрвію агенцтву “Навіны-Грузія”, што такое рашэньне беларускага боку зьяўляецца прыкметай агоніі цяперашняга ўраду Беларусі. Ніно Бурджанадзэ выказала ўпэўненасьць, што вельмі хутка беларуская дзяржава будзе пабудавана на новых дэмакратычных каштоўнасьцях, і ў Грузіі будуць вельмі добрыя адносіны і зь беларускім народам, і з дэмакратычнымі ўладамі Беларусі. У беларускім МЗС рыхтуюцца да выдачы візаў.

Паводле начальніка консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных справаў Беларусі Васіля Жлутка, беларускія ўлады не прадугледжваюць адкрыцьця дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Тбілісі.

(Жлутко: ) “Паколькі мы і Грузія зьяўляемся ўдзельнікамі Бішкецкага пагадненьня аб бязьвізавых паездках, там працэдура прадугледжвае выхад з гэтага пагадненьня. І гэта адбудзецца толькі на 90-ты дзень пасьля падачы адпаведнай заявы. Што тычыцца таго, дзе будуць атрымліваць візы, — у любых іншых нашых замежных установах, у тым ліку таксама ў консульскім пункце ў аэрапорце “Менск-2”.

У Горадні дзейнічае грамадзкае аб’яднаньне грузінаў, якія жывуць у Беларусі. Раней тут была нават грузінская кляса, дзе вучыліся дзеці. Паводле кіраўніка аб’яднаньня Элгуджа Манія, у Беларусі жыве каля трох тысяч грузінаў, грамадзянаў Беларусі. Спадар Манія працуе ва ўнітарным прадпрыемстве “БелаГрузія”, дванаццаць гадоў жыве ў Беларусі. Як ён ставіцца да ўвядзеньня ўладамі Беларусі візавага рэжыму адносна Грузіі?

(Манія: ) “Ёсьць такое выказваньне: паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трашчаць. Палітыкі вырашаюць нейкія пытаньні, але ўрэшце церпіць просты, нармальны чалавек. Нейкае выказваньне прэзыдэнта Грузіі, напэўна, неяк вельмі паўплывала. Людзі павінны езьдзіць туды, куды хочуць, як было ў Савецкім Саюзе. Жылі, езьдзілі — а сёньня ўсё гэта зачыняецца. У мяне асабіста ў галаве гэта не ўкладаецца, не павінна быць ніякай мяжы. Мае сябры па-рознаму ставяцца да рашэньня кіраўніцтва Беларусі. Многія перажываюць, бо пасьля канфлікту ў Грузіі некаторыя людзі апынуліся ў Беларусі і дакумэнты у іх не ў парадку. Вось што трывожыць. Цяпер жа ў Грузію паехаць і прыехаць, зрабіць пашпарт, трэба мінімум 700 даляраў. Такіх грошай многія ня маюць”.

Іншыя паведамленьні па тэме: • Грузія магчыма забароніць уезд Аляксандру Лукашэнку • Ніно Бурджанадзэ: "Вельмі хутка беларуская дзяржава будзе будавацца на дэмакратычных каштоўнасьцях" • Габашвілі: "Цяпер будуць праблемы. Нават рэшткі нармальных адносінаў Лукашэнка вырашыў перакрэсьліць" • Беларускія палітыкі камэнтуюць увядзеньне візавага рэжыму з Грузіяй • Амбасадар Блахін ня ведае фактаў звароту Расеі да Беларусі з просьбай увесьці візы з Грузіяй • Беларусь увяла візавы рэжым для грамадзян Грузіі, бо гэтага захацела Расея?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG