Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імідж беларускіх уладаў настолькі сапсаваны, што далей ужо няма куды..."


RFERL Тэлефанаваньні слухачоў – 9-га чэрвеня. 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Мікола Саскевіч: ) “На вялікі жаль, для нашай улады галадоўка беларускіх грамадзянаў, якія выступалі з палітычнымі і эканамічнымі патрабаваньнямі, ніякага эфэкту не дае і ніколі ня дасьць. Улада ў Беларусі – дыктатарская, антынародная. Ці магчыма было галадоўкай грамадзянаў у сталінскім камуністычным СССР дамагчыся якіх-небудзь правоў? Альбо ў гітлераўскай фашысцкай Германіі? Канечне ж, не. Але ж гэтая галадоўка дае эфэкт для ўсіх міжнародных арганізацыяў, для ўсіх дэмакратычных краінаў. Беларускія людзі сваёй галадоўкай паказваюць усяму сьвету, што ў Беларусі ўладкаваўся страшны дыктатарскі, небясьпечны для ўсей Эўропы і ўсяго сьвету, рэжым, што людзі, як могуць, так і змагаюцца з гэтым рэжымам. Нехта выходзіць на вуліцы з пратэстам, нехта абвяшчае галадоўку, нехта піша пратэсты, нехта тэлефануе на заходнія радыёстанцыі і пратэстуе – хто як можа. І сьнежны камяк наварочваецца ўсё болей і болей.

Таму, мяркую, што галадоўка ў любым выпадку карысна для нашай Беларусі, якая павінна быць дэмакратычнай, свабоднай, незалежнай, эўрапейскай краінай!”

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт галадоўкі. У нашай краіне чалавек, які выбраў гэтую форму пратэсту, павінен быць вельмі мужным чалавекам. Я б нават сказаў, што ён павінен быць чалавекам-камікадзэ. Самае страшнае нават ня тое, што ўладам напляваць на яго, а тое, што калі, ня дай Бог, зь ім нешта здарыцца, то на вуліцы ня выйдуць ні сотні тысяч, ні дзесяткі, ні нават сотні яго суайчыньнікаў. У такой ступені грамадзтва знаходзіцца пад страхам і рабалепствам.

А тое, што будзе рэакцыя на Захадзе, то нашым ўладам і на гэта напляваць. Бо імідж яе да такой ступені ўжо сапсаваны, што далей ўжо няма куды.

Яшчэ хачу зьвярнуцца да судзьдзяў, якія судзяць самых сьмелых і прыстойных людзей; дырэктароў, якія выключаюць з вучэбных установаў дзяцей, за тое, што прырода і бацькі адарылі іх сьмеласьцю і прыстойнасьцю; міністра адукацыі, які дае загад аб выключэньні з вучэбных установаў за мітынгі, што супярэчыць Канстытуцыі. Прыйдзецца ім усё ж такі адказваць за свае дзеяньні і перад сапраўдным правасудзьдзем, і перад людзьмі, і перад Богам!”

(Уладзімер: ) “Галадоўка ў сучасны момант неэфэктыўны сродак узьдзеяньня на ўлады, таму што ў пратэстуючых няма магчымасьці данесьці інфармацыю да шырокага кола насельніцтва. І, па-другое, трэба ўлічваць абмежаваныя рэсурсы чалавечага арганізму. Напрыклад, для непадрыхтаванага чалавека галадоўка можа працягвацца 10, максымум 15, дзён, а потым яму патрэбная грунтоўная мэдычная дапамога. Таму на сёньняшні дзень галадоўка – гэта крайне неэфэктыўны сродак узьдзеяньня на ўлады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG