Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вясна" папярэджвае рэктараў і міністэрства адукацыі


RFE/RL Рада праваабарончага цэнтру "Вясна" зьвярнулася з адкрытым лістом да міністэрства адукацыі і кіраўніцтва шэрагу ВНУ краіны.

Праваабарнцы выказваюць рашучы пратэст супраць практыкі перасьледу студэнтаў з боку адміністрацыі гэтых навучальных установаў, прыгадваюцца справы студэнткі БДУ Вольгі Класкоўскай, студэнткі Педагагічнага ўніверсітэту Ірыны Тоўсьцік, навучэнца Жодзінскага палітэхнікума Сяргея Мурашкі.

У адкрытым лісьце падкрэсьліваецца, што “шмат у якіх выпадках прарэктары і дэканы факультэтаў супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі КДБ, даюць ім інфармацыю пра грамадзка-актыўных студэнтаў, праводзяць сумесныя “прафіляктычныя гутаркі”.

У звароце гаворыцца, што калі перасьлед студэнтаў паводле палітычных матываў будзе працягвацца, праваабаронцы пакідаюць за сабой права распачаць грамадзянскую кампанію, скіраваную на прыпыненьне кантактаў унівэрсытэтаў і навуковых цэнтраў Эўропы з кіраўніцтвам адпаведных ВНУ і міністэрствам адукацыі Беларусі.

Зьмест гэтага папярэджаньня тлумачыць кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) "У нашымі звароце не ідзе размова пра разрываньне сувязяў, накіраваных на студэнцкі абмен, на ўдасканаленьне навуковага працэсу, на навуковы абмен, які адбываецца паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

Размова ідзе пра канкрэтных людзей, якія займаюць канкрэтныя пасады, якія падпісваюць загады ці робяць дзеяньні, накіраваныя на тое, каб грамадзка-палітычна актыўныя студэнты былі выключаныя з ВНУ ці зь сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў.

Напрыклад, калі дэкан унівэрсытэту выклікае на "выхаваўчую гутарку" студэнта, таму што студэнт мае пэўную грамадзка-палітычную пазыцыю, пагражае яму выключэньнем і калі гэтае выключэньне адбываецца і дэкан падпісвае загад аб гэтым выключэньні, то такі чалавек не павінен быць дапушчаны да замежных паездак, да акадэмічных сувязяў паміж замежнымі і беларускімі навучальнымі ўстановамі".

Мы папрасілі Алеся Бяляцкага таксама пракамэнтаваць ліст міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, які мае назву “Аб мерах па недапушчэньні спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”.

(Бяляцкі: ) "Мне здаецца, што такім чынам беларускія ўлады адгукнуліся на тыя ўспышкі актыўнасьці беларускіх студэнтаў, якія адбываліся апошнім часам, на галадоўку студэнтаў у Жодзіне, на калектыўны ліст студэнтаў у абарону студэнткі, звольненай з журфаку. Міністар Радзькоў вырашыў, што трэба аформіць працэс "выхаваньня" і выключэньня за такую дзейнасьць. Зараз мы бачым, што драконаўскія меры легалізуюцца гэтым дакумэнтам для службовага карыстаньня, падпісаным міністрам адукацыі.

Наш зварот як раз прадбачыў такую пазыцыю чыноўнікаў ад адукацыі, мне здаецца, што рэакцыя міжнароднай грамадзкасьці павінна быць хуткай, рашучай і адэкватнай. Гэтыя людзі павінны ведаць, што за імі назіраюць, што іх прозьвішчы ведаюць і што раней ці пазьней яны вымушаныя будуць адказваць за такія лісты".

Пра праўныя аспэкты цыркуляру міністэрства адукацыі для службовага карыстаньня гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) "Мы лічым гэты дакумэнт антыканстытуцыйным і незаконным, які замахваецца на правы і свабоды, якія гарантуюцца грамадзянам Беларусі ня толькі Канстытуцыяй краіны, але і міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека, якія Беларусь ратыфікавала.

Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што студэнтам будзе накідацца толькі адзіны погляд на грамадзка-палітычнае жыцьцё краіны, фактычна ўводзіцца цэнзура на распаўсюд іншай інфармацыі і іншых поглядаў. Вельмі злавесна гучыць тэза ліста наконт таго, што трэба пашырыць практыку стварэньня камісіяў па вывучэньні супрацьпраўных паводзінаў навучэнцаў і студэнтаў, як сказана "арганізаваць працу са студэнтамі і навучэнцамі, якія схільныя да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных учынкаў". Размова ідзе пра студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях.

Безумоўна, гэта парушае правы чалавека, бо кожны мае права вызнаваць перакананьні і свабодна іх выказваць. І апошняе – патрабаваньне ліста "прымаць меры выхаваўчага ўзьдзеяньня нават да адлічэньня з навучальных установаў ва ўсталяваным парадку".

Усталяваны парадак не прадугледжвае адлічэньне з навучальных установаў за ўдзел у несакнцыяваных мерапрыемствах. Можна адлічаць, калі ў правілах унутранага распарадку пазначанае пакараньне за супрацьпраўныя дзеяньні ў грамадзкіх месцах – дробнае хуліганства, расьпіцьцё сьпіртовых напояў і г.д. Але гэтым лістом удзел у несанкцыяваных мерапрыемствах, грамадзка-палітычная дзейнасьць прыраўніваецца да такіх супрацьпраўных дзеяньняў".

Гэта быў юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG